Ісаі 22 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Цяжар адносна даліны Відзежу. Што з табой, што ты ўвесь выйшаў на дахі?
 
Прадказанне лагчыне Бачання. Што з табою, што ты ўвесь узняўся на дахі,

Поўны галасу горад шумлівы, горад вясёлы. Забітыя твае ня ўпалі ад мяча і не пагінулі на вайне.
 
поўны крыку, горад шумлівы, горад разгуляны? Забітыя твае не палі ад меча і не памерлі на вайне.

Правадыры твае ўсе разам уцяклі, зьвязаныя без [ужытку] лукаў, усе, знойдзеныя ў цябе, разам зьвязаныя, хоць далёка яны паўцякалі.
 
Важакі твае ўсе разам уцяклі, узятыя ў палон без лука; усе, хто былі знойдзены, захоплены разам, хоць уцяклі далёка.

Дзеля таго я сказаў: «Адвярніцеся ад мяне, я буду горка плакаць. Не спрабуйце суцешыць мяне, бо зьнішчаная дачка народу майго».
 
Дзеля таго сказаў я: «Адыдзіцеся ад мяне, буду горка плакаць: не старайцеся мяне пацешыць дзеля знішчэння дачкі майго народа».

Бо гэта дзень замяшаньня, стаптаньня і бязладзьдзя, [дзень] Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў у даліне Відзежу, [дзень] руйнаваньня муроў і крыку на гарах.
 
Бо гэта дзень тлуму, стаптання і плачу ў Госпада, Бога Магуццяў, у лагчыне Бачання, зруйнавання муроў і гоману аж да гары.

Элям узяў сагайдак, на калясьніцах людзі і на конях, Кір выцягнуў шчыт.
 
І Элам узняў калчан, і натоўпы вершнікаў, і Кір агаліў шчыт.

І сталася, што найпрыгажэйшыя палі твае напоўніліся калясьніцамі, і вершнікі, стаючы, сталі насупраць брамы.
 
Твае найпрыгажэйшыя лугі поўныя калясніц, а коннікі займаюць свае месцы ў браме.

І ўзьнялі заслону з Юды; і ты паглядзеў у той дзень на зброю ў доме кедровым.
 
І адкрылася заслона Юды, і ты ў той дзень звярнуў увагу на зброю ў доме з кедра.

І вы ўбачылі шчыліны гораду Давіда, як іх шмат, і сабралі ваду ў ніжняй сажалцы;
 
І расколіны [у мурах] горада Давіда ўбачылі вы, бо іх стала многа, і сабралі вы воды Ніжняй крыніцы;

і пералічылі дамы ў Ерусаліме, і разбурылі будынкі, каб умацаваць мур,
 
і пералічылі вы дамы ў Ерузаліме, і разбурылі дамы, каб умацаваць [гарадскі] мур;

і зрабілі зборнік вады між двума мурамі для вады са старой сажалкі; і не глядзелі на Таго, Хто зрабіў усё гэта, і Таго, Хто гэтае здаўна ўкшталтаваў, ня бачылі.
 
і ўчынілі вадазборнік між двума мурамі на ваду старога вадаёма; але не зірнулі на Таго, Хто стварыў гэта, ды на Таго, Хто даўно ўфармаваў гэта, не паглядзелі.

І Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, паклікаў вас у той дзень плакаць і галасіць, і абстрыгчы [валасы], і апрануцца ў зрэбніцу.
 
Госпад жа, Бог Магуццяў, паклікаў у той дзень да плачу і жалобы, да пастрыжэння і да адзявання зрэбніцы;

А вось, [у вас] вясёласьць і радасьць, забіваюць валоў і рэжуць бараноў, ядуць мяса і п’юць віно: «Будзем есьці і піць, бо заўтра памром».
 
але вось — весялосць і радасць, забіваюць валоў і рэжуць авечак, ядуць мяса і п’юць віно: «Давайце есці і піць, бо заўтра памром».

І адкрыў у вушы мае ГОСПАД Магуцьцяў: «Ня будзе адпушчана вам беззаконьне гэтае аж пакуль не памраце, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў».
 
І было адкрыта мне ў вушы Госпадам Магуццяў: «Не будзе, пэўна, адпушчана вам гэтая правіннасць, пакуль не паўміраеце», — кажа Госпад, Бог Магуццяў.

Так сказаў Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў: «Ідзі, увайдзі да гэтага ўрадоўца, да Шэўны, які над домам [валадара], [і скажы]:
 
Гэта кажа Госпад, Бог Магуццяў: «Ідзі, увайдзі да гэтага намесніка, і да Собны, загадчыка палаца:

“Што ты [маеш] тут, або хто ў цябе тут, што ты высек тут сабе магілу? Ты зрабіў высока магілу сабе і ў скале высьвідраваў пакой для сябе.
 
“Што табе тут? Або хто табе гэты, што ты высек сабе тут грабніцу?” Высякаючы высока грабніцу сваю, у скале ён выдзеўб сабе жытло.

Вось, ГОСПАД кіне цябе, кідаючы моцна, і хапаючы, схопіць цябе,
 
Вось жа Госпад рашуча выкіне цябе, чалавеча, магутна хапаючы цябе,

і, скручваючы, скруціць цябе ў клубок, [кіне] цябе рукою, як кулю, у зямлю прасторную. Там ты памрэш, і там [будуць] калясьніцы славы тваёй, ты — ганьба для дому гаспадара твайго.
 
і, калыхаючы, скруціць цябе ў клубок, і кіне цябе, як мяч, на зямлю прасторную і шырокую: там памрэш, і там будуць калясніцы славы тваёй, ганьба дому гаспадара твайго».

І Я выганю цябе з месца твайго, і скіну цябе з пасады тваёй.
 
«І выганю цябе з месца твайго і здыму цябе з тваёй пасады.

І станецца ў той дзень, Я паклічу слугу Майго Эліякіма, сына Хількіі,
 
І будзе ў гэты дзень: паклічу слугу майго Эліякіма, сына Хэлькіі,

і апрану яго ў адзеньне тваё, і падперажу яго поясам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя, і будзе ён бацькам для жыхароў Ерусаліму і для дому Юды.
 
ды адзену яго ў туніку тваю і падпяражу яго поясам тваім, і ўладу тваю перадам у рукі яго; і ён будзе бацькам для жыхароў ерузалімскіх і для дому Юды.

І Я палажу ключ дому Давіда на рамёны ягоныя, і калі ён адчыніць, ніхто не замкне, а калі замкне, ніхто не адчыніць.
 
І ўскладу ключ дому Давідава на плячо яго: і адкрые, ды не будзе каму замкнуць, і замкне, ды не будзе каму адкрыць.

І Я ўваб’ю яго, як калок, у месцы вызначаным; і будзе ён пасадам славы для дому бацькі свайго.
 
І ўмацую яго, як калок на пэўным месцы: і будзе ён пасадам славы для дому бацькі свайго.

І будзе вісець на ім уся слава дому бацькі ягонага, парасткі і атожылкі, усё начыньне дробнае ад талерак да ўсялякіх збаноў.
 
І навесяць на яго ўсю славу дому бацькі яго, усіх нашчадкаў, увесь дробны посуд, ад чар да збаноў.

У той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, калок, убіты ў месцы вызначаным, пахісьнецца, і зломіцца, і ўпадзе, і ўвесь цяжар, які на ім вісеў, прападзе, бо ГОСПАД прамовіў [гэта]”».
 
У той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — калок, які быў умацаваны на пэўным месцы, не вытрымае, але зломіцца і зваліцца, а ўсё, што на ім вісела, прападзе, — бо гэта сказаў Госпад».