Ісаі 19 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Цяжар адносна Эгіпту. Вось, ГОСПАД нясецца на лёгкім воблаку і ўваходзіць у Эгіпет. І задрыжаць ідалы Эгіпецкія перад абліччам Ягоным, і сэрца Эгіпту растопіцца ў грудзях ягоных.
 
Прадказанне Егіпту. Вось, Госпад едзе на лёгкім воблаку і ўваходзіць у Егіпет; і задрыжаць ідалы егіпецкія перад абліччам Яго, і сэрца Егіпта самлее пасярод яго.

І падымуцца Эгіпцяне супраць Эгіпцянаў; і будзе ваяваць кожны супраць брата свайго, і кожны супраць бліжняга свайго, горад супраць гораду, валадарства супраць валадарства.
 
«І ўчыню Я, што егіпцяне кінуцца на егіпцян; і кожны будзе ваяваць супраць брата свайго, кожны — супраць сябра свайго, горад з горадам, валадарства з валадарствам.

І заломіцца дух Эгіпту ў ім самім. І Я заблытаю раду ягоную, яны будуць радзіцца з ідаламі, з духамі памёршых, з чараўнікамі і з варажбітамі.
 
І змарнее дух Егіпта ўнутры яго, і зблытаю раду яго; і будуць яны задаваць пытанні балванам і чараўнікам, варажбітам і вешчунам.

І Я аддам Эгіпет у рукі гаспадара жорсткага, і валадар люты будзе панаваць над імі, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў.
 
І аддам егіпцян у рукі гаспадара жорсткага, і цар магутны будзе валадарыць над імі, — кажа Госпад, Бог Магуццяў. —

І зьнікне вада ў моры, і рака будзе сохнуць і высахне.
 
І высахне вада ў моры, і рака спадзе ды перасохне,

І засьмярдзяць рэкі, і ручаі ў Эгіпце зьмялеюць і высахнуць, а трысьнёг і чарот зьвянуць.
 
і гнілымі стануцца рэкі, і абязводняцца рэкі; змялеюць і высахнуць ручаі егіпецкія; трыснёг і чарот павянуць.

Палі пры рацэ, на берагах ракі, і ўсё пасеянае пры рацэ высахне, будзе разьвеянае і прападзе.
 
Голымі стануць берагі Ніла, ды кожная раслінка Ніла засохне: прападзе і болей не будзе.

І будуць засмучаныя ўсе рыбакі, і будуць плакаць тыя, якія закідваюць вуду ў раку, а тыя, якія ставяць нерат на абліччы вады, страцяць надзею.
 
І загаруюць рыбакі, і будуць усе наракаць, закідваючы вуду ў раку; і, расцягваючы сетку на паверхні вады, засумуюць.

І асаромяцца тыя, якія працуюць пры чэсаным лёне, і ткачы палотнаў зьбялеюць.
 
Засаромеюцца тыя, якія апрацоўваюць лён, якія расчэсваюць і ткуць палатно.

І будуць парваныя асновы [Эгіпту], і тыя, што працуюць за плату, будуць зьбянтэжаныя ў душы [сваёй].
 
І майстры-ткачы збянтэжацца, а ўсе найміты — зусім засумуюць.

О, як здурнелі князі Цаану! Мудрыя даюць фараону раду недарэчную. Як вы [можаце] казаць фараону: «Я — сын мудрацоў, сын валадароў старадаўніх»?
 
Якія ж неразумныя князі танейскія! Мудрыя дараднікі фараона далі раду дурную, як жа скажаце фараону: “Я — сын мудрацоў, сын даўніх цароў?”»

Дзе цяпер мудрацы твае? Няхай яны пакажуць табе і няхай дадуць ведаць, што вырашыў ГОСПАД Магуцьцяў адносна Эгіпту.
 
Дзе ж цяпер мудрацы твае? Хай яны скажуць табе і пакажуць, што вырашыў Госпад Магуццяў адносна Егіпта.

Здурнелі князі Цаану, падманутыя князі Нофу, ашукалі Эгіпет старшыні плямёнаў ягоных.
 
Здурнелі князі танейскія, падмануты князі Мемфіса, ашукалі Егіпет кіраўнікі родаў яго.

ГОСПАД даў яму дух ап’яненьня, каб Эгіпет блукаў у-ва ўсіх справах сваіх, як блукае п’яніца ў ванітах сваіх.
 
Госпад змясціў у іх нутро дух аблуднасці, і яны ўчынілі, што Егіпет блудзіць у кожнай справе сваёй, як блудзіць п’яніца сярод ванітаў сваіх,

Няма ў Эгіпце такой справы, якую [могуць] зрабіць галава і хвост, пальма і чарот.
 
і не будзе ў Егіпта справы, якую ўчынілі б хоць галава, хоць хвост, хоць пальма, хоць чарот.

У той дзень станецца Эгіпет нібы жанчыны, будзе дрыжэць і будзе палохацца ад выгляду ўзьнятай рукі ГОСПАДА Магуцьцяў, якую Ён падыме супраць іх.
 
У той дзень будуць егіпцяне, як жанчыны; будуць дрыжаць і будуць палохацца перад абліччам працягнення рукі Госпада Магуццяў, якую ўздыме Ён тады.

І станецца зямля Юды жахам для Эгіпту. Кожны, хто ўзгадае пра яе, напалохаецца перад абліччам намеру ГОСПАДА Магуцьцяў, які Ён пастанавіў супраць яго.
 
І будзе зямля Юдэйская жахам для Егіпта: кожны, хто яе прыгадае, жахнецца ад рашэння Госпада Магуццяў, якое прыняў Ён наконт яе.

У той дзень будзе пяць гарадоў у зямлі Эгіпецкай, якія будуць гаварыць моваю ханаанскаю і прысягаць на ГОСПАДА Магуцьцяў. Адзін з іх будзе звацца Ір-Гахерэс.
 
У той дзень будзе пяць гарадоў у краі Егіпецкім, якія загавораць моваю хананейскаю, якія прысягнуць Госпадам Магуццяў; адзін з іх будзе называцца горадам сонца.

У той дзень будзе ахвярнік для ГОСПАДА пасярод зямлі Эгіпецкай, а слуп для [ўшанаваньня] ГОСПАДА — на мяжы ейнай.
 
У той дзень будзе ахвярнік Госпада пасярэдзіне краю Егіпта, а пры яго мяжы стэла для Госпада.

І будзе ён на знак і на сьведчаньне для ГОСПАДА Магуцьцяў у зямлі Эгіпецкай. Бо калі яны будуць клікаць да ГОСПАДА перад абліччам прыгнятальнікаў, Ён пашле ім збаўцу, і абароніць, і выратуе.
 
І будзе гэта на знак і на сведчанне Госпаду Магуццяў у зямлі Егіпецкай. Будуць прызываць Госпада перад крыўдзіцелямі, і пашле ім збаўцу і абаронцу, які вызваліць іх.

І ГОСПАД дасьць ведаць Сябе Эгіпту, і Эгіпет пазнае ГОСПАДА ў той дзень, і будуць служыць [Яму] ахвярамі крывавымі і ахвярамі хлебнымі, і будуць складаць абяцаньні ГОСПАДУ, і спаўняць іх.
 
Тады Госпад будзе пазнаны Егіптам, і егіпцяне пазнаюць Госпада ў той дзень, і будуць ушаноўваць Яго ахвярамі і дарункамі, і складуць прысягі Госпаду і споўняць.

І ўдарыць ГОСПАД Эгіпет плягаю, і аздаровіць; і яны навернуцца да ГОСПАДА, і Ён выслухае іх, і вылекуе іх.
 
Ударыць тады Госпад Егіпет караю, і павернуцца да Госпада, а Ён улагодзіцца да іх і аздаровіць іх.

У той дзень будзе бітая дарога з Эгіпту ў Асірыю. І прыйдзе Асірыя ў Эгіпет, а Эгіпет — у Асірыю, і будуць служыць [Госпаду] Эгіпет і Асірыя.
 
У той дзень будзе дарога з Егіпта ў Асірыю; і увойдзе асірыец у Егіпет, а егіпцянін — у Асірыю, і будуць служыць егіпцяне разам з асірыйцамі.

У той дзень Ізраіль будзе трэцім з Эгіптам і Асірыяй, дабраславеньнем пасярод зямлі,
 
У той дзень Ізраэль будзе трэці побач з Егіптам і Асірыяй; дабраславенства [будзе] пасярод зямлі,

бо ГОСПАД Магуцьцяў дабраславіць іх, кажучы: «Няхай будзе дабраслаўлёны народ Мой, Эгіпет, і твор рук Маіх, Асірыя, і спадчына Мая, Ізраіль».
 
Госпад Магуццяў дабраславіць яго, кажучы: «Дабраславёны народ Мой егіпецкі, і твор рук Маіх [народ] асірыйскі, і спадчына Мая, Ізраэль».