Ісаі 2 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Слова, якое бачыў Ісая, сын Амоса, пра Юду і Ерусалім.
Слова, якое было ў бачанні Ісаі, сына Амоса, пра Юду і Ерузалім.
І станецца ў апошнія дні, што гара Дому ГОСПАДА ўзвысіцца па-над усе горы і ўздымецца над узгоркамі, і пасьпяшаюцца да яе ўсе народы.
І будзе ў апошнія дні падрыхтавана гара Госпадава на вяршыні гор, і ўздымецца яна над узгоркамі, і будуць сцякацца да яе ўсе народы.
І пойдуць народы шматлікія, і скажуць: «Хадземце, узыйдзем на гару ГОСПАДА і ў Дом Бога Якубавага, і няхай Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцежках Ягоных, бо з Сыёну выйдзе Закон, і слова ГОСПАДА — з Ерусаліму».
І пойдзе шмат людзей, і скажуць яны: «Ідзіце, і ўзыдзем на гару Госпадаву і ў дом Бога Якубава, і хай навучыць Ён нас дарогам Сваім, і будзем хадзіць па сцежках Яго; бо з Сіёна выйдзе закон і слова Госпадава з Ерузаліма».
І Ён будзе судзіць народы і вінаваціць многіх людзей. І перакуюць яны мячы свае на плугі, а дзіды — на сярпы. Не падыме народ на народ меч, і ня будуць больш вучыцца ваяваць.
І будзе Ён судзіць народы і абвіняць мноства людзей, і перакуюць яны мечы свае на плугі, а дзіды свае — на сярпы. Не падыме народ на народ меча, і не будуць больш рыхтавацца да бою.
Доме Якуба! Хадземце і будзем хадзіць у сьвятле ГОСПАДА.
Доме Якуба, прыходзьце ды будзем хадзіць у святле Госпадавым.
Ты адкінуў народ Твой, дом Якуба, бо яны напоўнены [тым, што прынялі] з усходу, і варажбітамі, як Філістынцы; і з сынамі чужынцаў яны ў згодзе.
Сапраўды, адкінуў Ты народ Твой, дом Якуба, бо багата стала сярод іх чараўнікоў усходніх, і варажбіты ў іх былі, як у філістынцаў, і падаюць яны рукі чужынцам.
І напоўнілася зямля ягоная срэбрам і золатам, і няма канца скарбам ягоным, і напоўнілася зямля ягоная коньмі, і няма канца калясьніцам ягоным.
Край яго багаты срэбрам і золатам, ды бязмежныя яго скарбы,
І напоўнілася зямля ягоная ідаламі, і ён пакланяецца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы ягоныя.
і багатая зямля яго конямі, ды незлічоныя яго павозкі, і багатая зямля яго ідаламі: пакланяюцца яны творам рук сваіх, што зрабілі пальцы іх.
І пахіліўся чалавек, і прынізіўся кожны, і Ты не даруй ім.
І сагнуўся чалавек, і прынізіўся род людскі; не даруй ім!
Увайдзі ў скалу, схавайся ў парахне ад страху перад ГОСПАДАМ, перад бляскам велічы Ягонай.
Увайдзі ў скалу, схавайся ў пыле перад страхам ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго.
Пыхлівыя вочы чалавека спакорацца, і ўзьвялічваньне чалавека будзе паніжана. Толькі ГОСПАД будзе ўзвышаны ў той дзень.
Высока ўзнятыя вочы чалавека апусцяцца, і сагнецца пыха людская; адзін толькі Госпад узвысіцца ў той дзень.
Бо дзень ГОСПАДА Магуцьцяў [прыйдзе] на ўсё ганарыстае і пыхлівае, і на ўсіх пыхліўцаў, каб упакорыліся,
Дзень бо Госпада Магуццяў надыдзе на кожнага пыхлівага і надутага, і на кожнага, хто выхваляецца, і будзе ён упакораны,
і на ўсе кедры Лібану, гонкія і ўзьнёслыя, і на ўсе дубы Башану,
і на ўсе кедры Лібана, гонкія і высокія, і на ўсе дубы Басана,
і на ўсе горы высокія, і на ўсе ўзгоркі ўзьнесеныя,
і на ўсе горы высокія, і на ўсе ўзгоркі паднятыя,
і на ўсе вежы высачэзныя, і на ўсе муры ўмацаваныя,
і на кожную вежу ўзнесеную, і на кожны мур умацаваны,
і на ўсе караблі Таршышу, і на ўсе ўпрыгожваньні пажаданыя.
і на ўсе караблі Тарсіса, і на ўсе судны прыгожыя.
І будзе паніжана пыхлівасьць чалавека, і будзе спакорана ўзьвялічваньне людзей. Толькі ГОСПАД будзе ўзвышаны ў той дзень,
Ды прыгнецца велічнасць чалавечая і прынізіцца пыха людская, і адзін толькі Госпад узвысіцца ў той дзень,
і ідалы цалкам зьнікнуць.
і ідалы дашчэнту будуць стру-шчаны.
І ўвойдуць у пячоры ў скале і ў ямы ў парахне ад страху перад ГОСПАДАМ і перад бляскам велічы Ягонай, калі Ён паўстане, каб напоўніць страхам зямлю.
Тады ўвойдуць яны ў шчыліны скал і ў пячоры каменныя перад абліччам страху Госпадава і перад славай велічнасці Яго, калі паўстане Ён, каб страсянуць зямлю.
У той дзень выкіне чалавек кратам і кажанам ідалаў сваіх срэбных і ідалаў сваіх залатых, якія зрабіў сабе, каб пакланяцца ім,
У той дзень выкіне чалавек кратам і кажанам ідалаў сваіх срэбраных і балванаў сваіх залатых, якіх зрабіў ён сабе, каб пакланяцца.
і ўвойдзе ў пячоры і шчыліны скалаў ад страху перад ГОСПАДАМ і перад бляскам велічы Ягонай, калі Ён паўстане, каб напоўніць страхам зямлю.
І ўвойдзе ён у шчыліны скалаў і ў пячоры каменныя перад абліччам страху Госпадава і перад славай велічнасці Яго, калі паўстане Ён, каб страсянуць зямлю.
Пакіньце [спадзявацца] на чалавека, у якога дыханьне ў ноздрах ягоных, бо што ён варты?
Дык не чапайце чалавека, дух якога ў ноздрах яго. Чаго ён будзе варты?