Ісаі 29 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Гора [табе], Арыэль, Арыэль, горад, у якім разлажыўся табарам Давід! Дадайце год да году, і ўрачыстасьці няхай скончаць свой кругабег.
Гора табе, Арыэлю, Арыэлю, горад, які аперазаў мурам Давід! Дадайце год да года, урачыстасці хай бягуць!
І Я прыцісну Арыэля, і станецца смутак і стогн, і ён станецца для Мяне як вогнішча Божае.
А Я вазьму ў аблогу Арыэль, і будзе смутак і жаль, і будзе ён мне, як Арыэль.
І Я разлажу табар супраць цябе, атачу цябе валам, і пастаўлю супраць цябе вежы.
І атачу цябе наўкола, быццам шар, і насыплю перад табою вал, і пастаўлю ўмацаванні для тваёй аблогі.
І ты будзеш паніжаны, з зямлі будзеш гаварыць, з пылу будуць гучаць словы твае, і будзе голас твой нібы пішчаньне з зямлі, і словы твае з пылу [будуць] як мармытаньне.
Упакорышся, з зямлі гаварыць будзеш, і з пылу будуць ледзьве чутныя словы твае, і будзе голас твой, як бы піск з зямлі, і з бруду словы твае будуць гучаць мармытаннем.
І будзе як дробны пыл мноства ворагаў тваіх, і мноства крыўдзіцеляў тваіх — як рассыпаная мякіна. І станецца гэта раптоўна, неспадзявана.
І будзе, як пыл сыпкі, мноства тваіх ворагаў і, як рассыпаная мякіна, мноства крыўдзіцеляў.
І наведае цябе ГОСПАД Магуцьцяў грымотамі, землятрусамі, гукам вялікім, бураю, віхураю і полымем агню зьнішчальнага.
Станецца гэта раптам, неспадзявана, будзеш наведаны Госпадам Магуццяў, грымотамі, землятрусам, страшэнным грукатам, віхурай і навальніцай, і полымем агню знішчальнага.
І будзе як сон, [як] відзеж начны, мноства ўсіх народаў, якія ваююць супраць Арыэля, і ўсе, якія ваююць супраць яго і супраць цьвярдыні ягонай і якія прыгнятаюць яго.
І будзе, як сон аб’яўлення начнога, мноства ўсіх народаў, якія супраць Арыэля выступаюць, ды ўсе, хто супраць яго ваююць, супраць умацаванняў яго, — і ёсць яго прыгнятальнікі.
І будзе так, як галодны сьніць, што ён есьць, і будзіцца, і пустая душа ягоная, і як сьніць засьмягшы, што п’е, і будзіцца, і вось, ён змучаны і засьмягшая душа ягоная. Так будзе з мноствам усіх народаў, якія ваююць супраць гары Сыён.
І, як галоднаму сніцца, што ён есць, але калі абудзіцца, то нутро яго пустое, ды як сніцца засмагламу, што п’е, а як толькі абудзіцца, гэтак сама пакутуе ад смагі, — так будзе з мноствам усялякіх народаў, якія выступаюць супраць гары Сіён.
Аслупянейце і зьдзівіцеся, заляпіце сабе [вочы] і будзьце сьляпымі, ап’янейце, але не ад віна, хістайцеся, але не ад сікеры.
Аслупянейце і задзівіцеся, аслепніце ды будзьце сляпымі, ап’янейце, але не ад віна, хістайцеся, але не ад ап’янення.
Бо выліў на вас ГОСПАД духа сну, заплюшчыў вочы вашыя, і прарокаў, і галоваў вашых, і відушчых зацемрыў.
Бо напусціў на вас Госпад духа сну, заплюшчыў вочы вашы, а галовы вашы накрыў.
І будзе для вас кожны відзеж як словы кнігі запячатанай, якую даюць таму, які ўмее чытаць, кажучы: «Чытай яе», а той кажа: «Не магу, бо яна запячатаная».
І будзе вам кожнае аб’яўленне, як словы запячаткаванай кнігі, якую далі б умеючаму чытаць, кажучы: «Чытай яе», адкажа: «Не магу, бо яна запячатана».
І даюць кнігу гэтую таму, які ня ўмее чытаць, кажучы: «Чытай яе!», а ён кажа: «Я ня ўмею чытаць».
І дадуць кнігу таму, хто не ўмее чытаць і скажуць яму: «Чытай!», а ён адкажа: «Не ўмею чытаць».
І сказаў Госпад: «За тое, што народ гэты набліжаецца да Мяне [толькі] вуснамі сваімі і славіць Мяне губамі сваімі, а сэрца ягонае далёка ад Мяне, і страх іхні перада Мною — [толькі] прыказаньне чалавечае, якое вывучылі яны,
І сказаў Госпад: «Таму, што народ гэты шануе Мяне толькі вуснамі ды славіць Мяне толькі языком, але сэрца іх далёка ад Мяне і страх іх адносна Мяне — як завучанае правіла людзей,
таму вось, Я зноў учыню дзіўнае з народам гэтым, робячы цуды і дзівосы. І загіне мудрасьць мудрацоў іхніх, і разумнасьць разумных іхніх зьнікне».
таму, вось, Я яшчэ раз учыню здзіўленне гэтаму народу — цудам вялікім і дзівосным: загублю мудрасць мудрых, і кемлівасць разумных знішчу».
Гора тым, якія глыбока хаваюць намеры свае перад ГОСПАДАМ, і ўчынкі іхнія схаваныя ў цемры, і яны кажуць: «Хто бачыць нас і хто ведае пра нас?»
Гора тым, якія глыбока хаваюць намеры свае перад Госпадам, якіх справы схаваныя ў цемры, і якія кажуць: «Хто бачыць нас ды хто знае нас?»
[Гэта] падступнасьць вашая! Ці можа ганчар [лічыцца] роўным з глінаю? Ці можа твор сказаць таму, хто зрабіў яго: «Ты не зрабіў мяне»? Ці можа гаршчок сказаць ганчару свайму: «Ты нічога не разумееш»?
Пераваротнае вашае думанне! Ці ж можа быць ганчар зраўняны з глінай, ці ж можа твор сказаць творцы свайму: «Не зрабіў ты мяне», а гаршок, можа, скажа ганчару свайму: «Не ўмееш»?
Хіба ня ў хуткім часе Лібан пераменіцца ў сад, а сад будзе прызнаны за лес?
Ці ж ужо не ў кароткім і хуткім часе Лібан абернецца садам, а сад будуць лічыць пералескам?
І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, а вочы сьляпых, [звольненыя] ад туману і цемры, убачаць,
І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, а вочы сляпых з туману і цемры стануць бачыць.
і пакорныя павялічаць радасьць сваю ў ГОСПАДЗЕ, а ўбогія зямлі будуць цешыцца ў Сьвятым Ізраіля.
І акажуць пакорныя радасць у Госпадзе, а найбяднейшыя з людзей будуць цешыцца ў Святым Ізраэлі;
Бо зьнік крыўдзіцель, і прыйшоў канец насьмешніку, і зьнішчаныя ўсе, якія ганяліся за ліхоцьцем,
бо знік той, хто быў мацнейшы, звёўся насмешнік ды вынішчаны ўсе, хто ганяліся за ліхоццем,
якія словамі схілялі чалавека да грэху, якія ў браме ставілі пастку для судзьдзяў і зводзілі падманам праведнага.
якія прымушалі людзей грашыць словам і ставілі падножку таму, хто патрабаваў суда ў браме, і справядлівага абкідвалі неадпаведнымі словамі.
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Які адкупіў Абрагама, да дому Якуба: «Ня будзе цяпер асаромлены Якуб, і не зьбялее цяпер аблічча ягонае,
Таму вось што кажа Госпад да дому Якуба, які адкупіў Абрагама: «А цяпер не засаромеецца Якуб і не зарумяніцца твар яго,
бо калі ён убачыць пасярод сябе дзяцей сваіх, справу рук Маіх, ён будзе сьвяціць імя Маё, і будуць шанаваць Сьвятога Якуба, і будуць баяцца Бога Ізраіля.
але, калі ўбачыць творы рук Маіх, то ў асяроддзі сваім усвяціць імя Маё і ўсвяцяць Святога Якубава, і баяцца будуць Бога Ізраэля,
І тыя, якія блукаюць духам, пазнаюць разуменьне, а тыя, якія наракаюць, навучацца розуму».
і збачэнцы духоўныя пазнаюць мудрасць, а непакорныя спазнаюць навуку».