Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І пачаў гаварыць ім прытчамі: нейкі чалавек насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў мурам, і выкапаў чавільню, і збудаваў вежу, і, аддаўшы яго вінаградарам, адлучыўся.
 
І пачаў Ісус прамаўляць да іх у прыпавесцях: «Чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і аддаліўся.

І паслаў у свой час да вінаградараў слугу — узяць у вінаградараў пладоў зь вінаградніка;
 
У свой час паслаў ён паслугача да вінаградараў, каб атрымаць частку сваіх пладоў з вінаградніку.

а яны, схапіўшы яго, білі і прагналі ні з чым.
 
Яны ж, схапіўшы яго, збілі ды адправілі з пустым.

Зноў паслаў да іх другога слугу; і таму камянямі разьбілі галаву і адпусьцілі яго з ганьбаю.
 
І зноў выправіў да іх іншага паслугача, а яны і таму разбілі галаву і зняважылі.

І зноў іншага паслаў: і таго забілі; і многіх іншых то білі, то забівалі.
 
І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых: адных пакалечылі, другіх пазабівалі.

І маючы яшчэ аднаго сына, любаснага яму, напасьледак паслаў і яго да іх, кажучы: пасаромеюцца сына майго.
 
Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбёнага сына, паслаў яго ўрэшце, думаючы: “Ушануюць сына майго”.

Але вінаградары сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб’ем яго, і спадчына будзе нашая.
 
Але тыя вінаградары гаварылі між сабой: “Ён — спадкаемец! Пойдзем, заб’ем яго — і нашаю будзе спадчына”.

І схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніка.
 
Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.

Што ж зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і пакарае сьмерцю вінаградараў, і аддасьць вінаграднік іншым.
 
Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і заб’е вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.

Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім:
 
Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла.

гэта — ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?
 
Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”»?

І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся люду; бо зразумелі, што пра іх сказаў прытчу; і пакінуўшы Яго, адышлі.
 
І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх гаварыў гэту прыпавесць. Дык, пакінуўшы Яго, адышлі.

І пасылаюць да Яго некаторых фарысэяў і ірадыян, каб падлавіць Яго на слове.
 
І паслалі да Яго фарысеяў і ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў словах.

А яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш ні на якія абліччы, а шчыра шляху Божаму вучыш; ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? ці даваць нам, ці не даваць?
 
Вось, яны, падышоўшы, спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарозе Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»

Але Ён, ведаючы іхнюю крывадушнасьць, сказаў ім: што спакушаеце Мяне? прынясеце Мне дынар, каб Мне бачыць яго.
 
А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, гаворыць ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць».

Яны прынесьлі. Тады кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? яны сказалі Яму: кесаравыя.
 
Дык прынеслі Яму дынар. І кажа ім: «Чый гэта адмалюнак і надпіс?» Кажуць Яму: «Цэзара».

Ісус сказаў ім у адказ: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І зьдзіўляліся зь Яго.
 
Дык сказаў ім Ісус: «Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу». І дзівіліся з Яго.

Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы:
 
І прыходзяць да Ісуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:

Настаўнік! Майсей напісаў нам: «калі ў каго памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны хай возьме жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму».
 
«Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ чыйсьці брат і пакіне жонку, не маючы сына, дык хай яго брат возьме яе за жонку і створыць нашчадка брату свайму”.

Было сем братоў: першы ўзяў жонку, і паміраючы, не пакінуў дзяцей;
 
Было сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы нашчадка.

узяў яе другі, і памёр, і ён не пакінуў дзяцей; гэтак сама і трэйці.
 
І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы нашчадка. Падобна і трэці.

Бралі яе за сябе сямёра, і не пакінулі дзяцей. Пасьля ўсіх памерла і жонка.
 
Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі нашчадка. Пасля ўсіх памерла і жанчына.

Дык вось ва ўваскрэсеньні, калі ўваскрэснуць, каму зь іх будзе яна за жонку? бо сямёра яе мелі за жонку.
 
Дык пры ўваскрэсенні, калі ўваскрэснуць, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».

Ісус сказаў ім у адказ: ці не праз гэта ўпадаеце вы ў памылку, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай?
 
Гаворыць ім Ісус: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце ні Пісання, ані магутнасці Божай?

бо, калі зь мёртвых уваскрэснуць, ня будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як анёлы на нябёсах.
 
Бо калі ўстануць з мёртвых, дык не будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы ў небе.

А пра мёртвых, што яны ўваскрэснуць, хіба ня чыталі вы ў кнізе Майсеевай, калі Бог пры купіне сказаў яму: «Я Бог Абрагама і Бог Ісаака, і Бог Якава»?
 
Пра мёртвых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог сказаў яму пры кусце, гаворачы: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”?

Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а Бог жывых. Дык вось вы дужа памыляецеся.
 
Бог не ёсць мёртвых, але жывых! Вы моцна памыляецеся».

Адзін кніжнік, чуючы іхнія спрэчкі і бачачы, што Ісус хораша ім адказваў, падышоў і спытаўся ў Яго: якая першая з усіх запаведзяў?
 
І адзін кніжнік, які чуў іх, як спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Ісус адказаў, падышоў да Ісуса і спытаўся ў Яго: «Каторае прыказанне з усіх першае?»

Ісус адказваў яму: першая з усіх запаведзяў: «слухай, Ізраіль! Гасподзь Бог наш ёсьць Гасподзь адзіны;
 
Ісус адказаў: «Першае такое: “Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш, — Бог адзіны.

і палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і ўсёю моцаю тваёю»: вось, першая запаведзь!
 
Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі тваімі”.

Другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»; іншае запаведзі большае за гэтыя няма.
 
Другое такое: “Любі бліжняга свайго як самога сябе”. Большага за гэтыя прыказанні няма».

Кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! добра, праўду сказаў Ты, што адзін ёсьць Бог і няма іншага, апрача Яго;
 
І гаворыць Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што Ён адзіны, ды няма іншага, апрача Яго,

і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць блізкага, як самога сябе, ёсьць больш за ўсе ўсеспаленьні і ахвяры.
 
і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, ды ўсімі сіламі ды любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш, чым усе цэласпаленні і ахвяры».

Ісус, бачачы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. Пасьля таго ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.
 
Ісус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.

Вучачы далей у храме, Ісус казаў: як кажуць кніжнікі, што Хрыстос ёсьць сын Давідаў?
 
І, навучаючы ў святыні, Ісус, адказваючы, казаў: «Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда?

Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».
 
Сам жа Давід сказаў праз Духа Святога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.

Дык вось сам Давід называе Яго Госпадам: як жа Ён сын Яму? І безьліч люду Яго слухалі з асалодаю.
 
Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — Сын яго?» І велізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.

І казаў ім у вучэньні Сваім: асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і вітаньні на сходах народных,
 
І ў Сваёй навуцы казаў Ісус: «Сцеражыцеся кніжнікаў, якія ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку,

сядзець наперадзе ў сынагогах і ўзьляжаць на першым месцы на гасьцінах;
 
і першыя лаўкі ў сінагогах ды першыя месцы на банкетах,

гэтыя, што пажыраюць дамы ўдовіныя і напаказ доўга моляцца, прымуць найцяжэйшую асуду.
 
якія аб’ядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд».

І сеў Ісус насупроць скарбонкі, і глядзеў, як люд кладзе грошы ў скарбонку. Многія багатыя клалі памногу.
 
І, сеўшы насупраць скарбоны, глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбону. І многія багатыя кідалі шчодра.

А прыйшоўшы, адна бедная ўдава паклала дзьве лепты, што складае кадрант.
 
І калі прыйшла адна ўбогая ўдава, то кінула дзве лепты, значыць квадрант.

Паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава паклала болей за ўсіх, што клалі ў скарбонку;
 
І, паклікаўшы Сваіх вучняў, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбону.

бо ўсе клалі ад лішку свайго, а яна ад нястачы сваёй паклала ўсё, што мела, увесь пражытак свой.
 
Бо ўсе кідалі з таго, што было ў іх у дастатку, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманне».