Яна 14 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Хай не бянтэжыцца сэрца ваша; веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце.
 
Няхай не трывожыцца ваша сэрца: веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце.

У доме Айца Майго прыстанішча многа, а калі б ня так, Я сказаў бы вам: Я іду падрыхтаваць месца вам.
 
У доме Майго Бацькі жылля шмат; а калі б не, хіба Я сказаў бы вам: іду падрыхтаваць месца вам!

І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я.
 
І калі пайду і падрыхтую месца вам, зноў прыйду і вазьму вас да Сябе, каб, дзе Я, і вы былі.

А куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.
 
Акуды [Я] іду, дарогу ведаеце».

Тамаш сказаў Яму: Госпадзе! ня ведаем, куды ідзеш; і як можам ведаць шлях?
 
Кажа Яму Фама: «Госпадзе, мы не ведаем, куды Ты ідзеш; як жа можам мы ведаць дарогу?»

Ісус сказаў яму: Я — і шлях і праўда і жыцьцё; ніхто ня прыходзіць да Айца, як толькі церазь Мяне.
 
Кажа яму Ісус: «Я — дарога, і праўда, і жыццё; ніхто не прыходзіць да Бацькі, як не праз Мяне.

Калі б вы ведалі Мяне, дык ведалі б і Айца Майго. І ад сёньня ведаеце Яго, і бачылі Яго.
 
Калі б вы ведалі Мяне, то і Майго Бацьку ведалі б. І з гэтага часу вы ведаеце Яго і бачылі Яго».

Піліп сказаў Яму: Госпадзе! пакажы нам Айца, і досыць нам.
 
Кажа Яму Філіп: «Госпадзе, пакажы нам Бацьку, і гэтага нам даволі».

Ісус сказаў яму: столькі часу Я з вамі, і ты ня ведаеш Мяне, Піліпе? хто бачыў Мяне, бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы нам Айца»?
 
Кажа яму Ісус: «Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не ведаеш Мяне, Філіпе? Хто Мяне ўбачыў, убачыў Бацьку. Як жа ты кажаш: «Пакажы нам Бацьку?»

Хіба ня верыш ты, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне? Словы, якія кажу Я вам, кажу не ад Сябе; Айцец, Які існы ўва Мне, Ён творыць дзеі.
 
Ці не веруеш ты, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне! Словы, што Я кажу вам, Я не ад Сябе кажу: Бацька, што ўва мне, застаецца, робіць Свае справы.

Верце Мне, што Я ў Айцы, і Айцец ува Мне; а калі ня так, дык верце Мне па самых дзеях.
 
Паверце Мне, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне. Калі ж не, то паверце за самі ўчынкі.

Праўду, праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, дзеі, якія твару Я, і Ён створыць, і болей за іх створыць; бо Я да Айца Майго іду.
 
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: хто веруе ў Мяне, той будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за гэтыя зробіць, бо Я іду да Бацькі;

І калі чаго папросіце ў Айца ў імя Маё, дык зраблю, хай праславіцца Айцец у Сыне;
 
І пра што ні папросіце ў імя Маё, Я зраблю, каб быў праслаўлены Бацька ў Сыне.

калі чаго папросіце ў імя Маё, Я тое зраблю.
 
Калі што папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю.

Калі любіце Мяне, захавайце Мае запаведзі,
 
Калі любіце Мяне, Мае запаведзі выконвайце.

і Я ўмалю Айца, і дасьць вам другога Суцешніка, хай будзе з вамі вавек,
 
І Я ўмалю Бацьку, і другога Суцяшальніка дасць Ён вам, каб быў з вамі навекі,

Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і ня ведае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі існы, і ў вас будзе.
 
Духа праўды, Якога свет не можа прыняць, бо не бачыць Яго і не ведае; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў Вас будзе.

Не пакіну вас сіротамі; прыйду да вас;
 
Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.

яшчэ трошкі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне; а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыцьмеце.
 
Яшчэ нядоўга, і ўжо свет Мяне не ўбачыць; але вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.

У той дзень спазнаеце вы, што Я ў Айцы Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
 
У той дзень вы ўведаеце, што Я ў Сваім Бацьку, і вы ўва Мне і Я ў вас.

Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той палюбіцца Айцу Майму, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам.
 
Хто мае запаведзі Мае і іх выконвае, той любіць Мяне. А таго, хто любіць Мяне, палюбіць Мой Бацька, і Я палюблю яго і адкрыюся яму Сам».

Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: Госпадзе! што гэта, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?
 
Кажа яму Юда, не Іскарыёт: «Госпадзе, што гэта, што Ты хочаш адкрыць Сябе нам, а не свету?»

Ісус сказаў яму ў адказ: хто любіць Мяне, той сьледуе слову Майму; і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і прыстанішча ў ім створым.
 
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Калі хто любіць Мяне, Маё слова выканае, і Мой Бацька палюбіць яго, і да яго Мы прыйдзем і жыллё ў яго ўсталюем.

Хто ня любіць Мяне, ня сьледуе словам Маім; а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, а Айца, што паслаў Мяне.
 
Хто не любіць Мяне, той Маіх слоў не выконвае; а слова, якое чуеце, не Маё, а Бацькі, што паслаў Мяне».

Гэта сказаў Я вам, будучы з вамі;
 
Гэта Я сказаў вам, будучы з вамі.

А Суцешнік, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам усё, што Я казаў вам.
 
Суцяшальнік жа, Святы Дух, Якога пашле Бацька ў Маё імя, навучыць вас усяму і прыгадае вам усё, што сказаў вам [Я].

Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам: ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Хай не бянтэжыцца сэрца ваша і хай не застрашыцца.
 
Супакой пакідаю вам, Мой супакой даю вам: не так, як свет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца ваша сэрца і не баіцца.

Вы чулі, што Я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі б вы любілі Мяне, дык узрадаваліся б, што Я сказаў: іду да Айца; бо Айцец Мой большы за Мяне.
 
Вы чулі, што Я сказаў вам: «Адыходжу і прыйду да вас». Калі б вы любілі Мяне, вы ўзрадаваліся б, што Я іду да Бацькі, бо Бацька большы за мяне.

І вось, Я сказаў вам пра тое, раней чым збылося, каб вы паверылі, калі збудзецца.
 
І Я сказаў вам цяпер, раней, чым збылося, каб вы ўверавалі, калі збудзецца.

Ужо нядоўга Мне гутарыць з вамі, бо ідзе князь сьвету гэтага, ды ня мае ўлады над Мною.
 
Я ўжо не буду шмат гаварыць з вамі, бо ідзе князь свету; і ўва Мне не мае нічога,

Але каб сьвет ведаў, што Я люблю Айца, і, як наказаў Мне Айцец, так і твару: устаньце, пойдзем адгэтуль.
 
Але каб свет уведаў, што Я люблю Бацьку і, як Бацька запаведаў Мне, так раблю. Уставайце, хадзем адсюль.