Яна 11 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Быў хворы нехта Лазар зь Віфаніі, зь селішча, дзе жылі Марыя і Марфа, сястра ейная.
Быў жа хворы адзін, Лаза Віфаніі, з сяла Марыі і Марфы, сястры яе.
А Марыя, чый брат Лазар быў хворы, была тая самая, якая памазала Госпада мірам і абцерла ногі Яму валасамі сваімі.
А Марыя — гэта тая, што памазала Госпада мірам і выцерла Яго ногі сваімі валасамі; яе брат Лазар быў хворы.
Сёстры паслалі сказаць Яму: Госпадзе! той, каго Ты любіш, хворы.
Тады сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе, вось той, каго Ты любіш, захварэў».
Ісус, пачуўшы, сказаў: гэта хвароба не да сьмерці, а на славу Божую, хай праславіцца празь яе Сын Божы.
Пачуўшы гэта, Ісус сказаў: «Гэтая хвароба не на смерць, а на Божую славу, каб праславіўся Сын Божы праз яе».
А Ісус любіў Марфу і сястру яе і Лазара.
А Ісус любіў Марфу і сястру яе і Лазара.
Калі ж пачуў, што ён хворы, прабыў два дні на тым месцы, дзе быў.
І калі пачуў, што той хворы, то аставаўся Ён два дні на тым месцы, дзе быў.
Пасьля гэтага сказаў вучням: пойдзем зноў у Юдэю.
Пазней, пасля гэтага, Ён кажа вучням: «Хадзем зноў у Іудзею».
Вучні сказалі Яму: Равьві! ці даўно Юдэі намышлялі пабіць Цябе камянямі, і Ты зноў ідзеш туды?
Кажуць Яму вучні: «Равві, толькі што шукалі іудзеі пабіць цябе каменнем, а ты зноў ідзеш туды?»
Ісус адказваў: ці не дванаццаць гадзін у дні? хто ходзіць удзень, той не спатыкаецца, бо ён бачыць сьвятло сьвету гэтага;
Адказаў Ісус: «Хіба ў дня не дванаццаць гадзін? Калі хто ходзіць удзень, не спатыкаецца, таму што ён бачыць святло гэтага свету;
а хто ходзіць поначы, спатыкаецца, бо няма сьвятла зь ім.
А хто ходзіць поначы, той спатыкаецца, таму што няма ў ім святла».
Сказаўшы гэта, кажа ім потым: Лазар, сябра наш, заснуў, але Я іду разбудзіць яго.
Сказаўшы гэта, пасля кажа ім: «Лазар, сябар наш, заснуў, але Я пайду, пабуджу яго».
Вучні Яго сказалі: Госпадзе! калі заснуў, дык выздаравее.
Сказалі тады вучні Яму: «Госпадзе, калі заснуў, то паправіцца».
Ісус казаў пра сьмерць ягоную, а яны думалі, што Ён кажа пра сон звычайны.
Ісус казаў пра смерць яго, а яны падумалі, што гаворыць Ён пра звычайны сон.
Тады Ісус сказаў ім адкрыта: Лазар памёр;
Тады і сказаў ім Ісус адкрыта: «Лазар памёр.
і радуюся за вас, што Мяне ня было там, каб цяпер уверавалі; але пойдзем да яго.
І Я радуюся за вас, што Я не быў там, каб вы ўверавалі; але хадзем да яго».
Тады Тамаш, інакш называны Блізьнюк, сказаў вучням: пойдзем і мы памрэм зь ім.
Тады Фама, званы Блізнец, сказаў іншым вучням: «Хадзем і мы, каб памерці з Ім».
Ісус, прыйшоўшы, знайшоў, што ён ужо чатыры дні ў магіле.
Прыйшоўшы ж, Ісус знайшоў, што той ужо чатыры дні ў магіле.
А Віфанія была непадалёк ад Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць,
Была ж Віфанія паблізу Ерусаліма, стадыяў за пятнаццаць.
і многія Юдэі прыйшлі да Марфы і Марыі — суцешыць іх у смутку па браце іхнім.
І многія з іудзеяў прыйшлі да Марфы і Марыі, каб суцешыць іх па браце.
Марфа, пачуўшы, што ідзе Ісус, пайшла насустрач Яму; а Марыя сядзела дома.
Марфа ж пачула, што Ісус ідзе, выбегла насустрач Яму; Марыя ж сядзела ў доме.
Тады Марфа сказала Ісусу: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой;
Сказала тады Марфа Ісусу: «Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы мой брат.
але і цяпер ведаю, што, чаго Ты папросіш у Бога, дасьць Табе Бог.
Але і цяпер я ведаю, што б Ты ні папрасіў у Бога, дасць табе Бог».
Ісус кажа ёй: уваскрэсьне брат твой.
Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсне твой брат».
Марфа сказала Яму: ведаю, што ўваскрэсьне ва ўваскрэсеньні, у апошні дзень.
Кажа Яму Марфа: «Ведаю, што ён уваскрэсне ва ўваскрэсенне, у апошні дзень».
Ісус сказаў ёй: Я — уваскрэсеньне і жыцьцё; хто верыць у Мяне, калі і памрэ, — ажыве;
Сказаў ёй Ісус: «Я — уваскрэсенне і жыццё, хто веруе ў Мяне, калі і памрэ, ажыве,
і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ вавекі. Ці верыш у гэта?
І кожны, хто жыве і веруе ў Мяне, не памрэ вавекі. Ці верыш ты ў гэта?»
Яна кажа Яму: веру, Госпадзе! я веру, што Ты Хрыстос Сын Божы, Які прыйшоў у сьвет.
Кажа яна Яму: «Так, Госпадзе! Я верую, што Ты — Хрыстос, Божы Сын, які павінен прыйсці ў гэты свет».
Сказаўшы гэта, пайшла і паклікала ўпотай Марыю, сястру сваю, кажучы: Настаўнік тут і кліча цябе.
І, сказаўшы гэта, яна пайшла і паклікала Марыю, сваю сястру, сказаўшы цішком: «Настаўнік тут і кліча цябе».
Яна, як толькі пачула, пасьпешліва ўстала і пайшла да Яго.
Тая ж, калі пачула, хутка ўстала і пайшла да Яго.
Ісус яшчэ не ўваходзіў у селішча, але быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.
А Ісус яшчэ не ўвайшоў у сяло, і ўсё яшчэ быў на тым месцы, дзе сустрэла Яго Марфа.
Юдэі, якія былі зь ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, што Марыя пасьпешліва ўстала і выйшла, пайшлі за ёю, думаючы, што яна пайшла да магілы — плакаць там.
Тады іудзеі, што былі з ёю ў доме і суцяшалі яе, убачыўшы, як Марыя хутка ўстала і выйшла, пайшлі ўслед за ёю, думаючы, што яна ідзе да магілы, каб паплакаць там.
А Марыя, прыйшоўшы туды, дзе быў Ісус, і ўгледзеўшы Яго, упала да ног Ягоных і сказала Яму: Госпадзе! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.
А Марыя, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыла Яго і прыпала да Яго ног, і казала Яму: «Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы мой брат».
Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся,
А Ісус, калі ўбачыў, як плача яна і плачуць іудзеі, што з ёю прыйшлі, Сам узрушыўся духам і расхваляваўся.
і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі.
І сказаў: «Дзе вы паклалі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе, ідзі і паглядзі».
Ісус заплакаў сьлязьмі.
Праслязіўся тут Ісус.
Тады Юдэі казалі: глядзі, як Ён любіў яго!
Казалі тады іудзеі: «Глядзі, як Ён любіў яго!»
А некаторыя зь іх сказалі: хіба ня мог Гэты, Які адамкнуў вочы сьляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?
А некаторыя з іх сказалі: «Хіба ж не мог зрабіць Ён, што вочы сляпому адкрыў, каб і гэты не памёр?»
А Ісус, зноў смуткуючы ўнутрана, прыходзіць да магілы. Гэта была пячора, і камень ляжаў на ёй.
Ісус жа, зноў узрушаны ў Сабе, прыходзіць да магілы; была ж гэта пячора, і камень закрываў яе.
Ісус кажа: адымеце камень. Сястра памерлага, Марфа, кажа Яму: Госпадзе! ужо сьмярдзіць; бо чатыры дні, як ён у магіле.
Кажа Ісус: «Адваліце гэты камень!» Сястра памерлага Марта кажа Яму: «Госпадзе, патыхае ўжо, бо чацвёрты дзень».
Ісус кажа ёй: ці не сказаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?
Кажа ёй Ісус: «Хіба Я не казаў табе, калі ўверуеш — Божую славу пабачыш?»
І вось аднялі камень ад пячоры, дзе ляжаў памерлы. А Ісус узьвёў вочы да неба і сказаў: Войча! дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;
Адвалілі тады камень. А Ісус узняў вочы ўгару і сказаў: «Татухна, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне.
Я і ведаў, што Ты заўсёды пачуеш Мяне; але сказаў гэта людзям, што стаяць тут, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне.
Я ж ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне, але сказаў дзеля народа, што стаіць вакол, каб яны паверылі, што Ты Мяне паслаў».
Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў моцным голасам: Лазар! выходзь.
І, сказаўшы гэта, усклікнуў моцным голасам: «Лазару, выйдзі!»
І выйшаў памерлы, абвіты па руках і нагах пахавальным палатном, і твар у яго абвязаны быў хусткай. Ісус кажа ім: разьвяжэце яго, хай ідзе.
І выйшаў памерлы, перавязаны па руках і нагах стужкамі, а твар яго быў абвязаны хусткаю. Кажа ім Ісус: «Развяжыце яго ды пусціце, няхай ідзе».
Тады многія Юдэі, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўтварыў Ісус, уверавалі ў Яго;
Тады многія з іудзеяў, што папрыходзілі да Марыі і бачылі, што Ён зрабіў, уверавалі ў Яго.
а некаторыя зь іх пайшлі да фарысэяў і сказалі ім, што ўчыніў Ісус.
А некагорыя з іх пайшлі да фарысеяў і сказалі ім, што зрабіў Ісус.
Тады першасьвятары і фарысэі сабралі нараду і казалі: што нам рабіць? Гэты Чалавек многа цудаў творыць:
Сабралі тады першасвятары і фарысеі нараду і казалі: «Што нам рабіць, бо Гэты Чалавек шмат цудаў творыць?
калі пакінем Яго так, дык усе ўверуюць у Яго, — і прыйдуць Рымляне і забяруць і месца наша і народ.
Калі пакінем Яго так, то ўсе ўверуюць у Яго, і прыйдуць рымляне і знішчаць нашу Святыню і наш народ!»
А адзін зь іх, нехта Каяфа, які быў на той год першасьвятаром, сказаў ім: вы нічога ня ведаеце;
Адзін жа з іх, Каіафа, што быў першасвятаром у той год, сказаў ім: «Вы нічога не ведаеце,
падумайце, што лепей нам: каб адзін чалавек памёр за людзей, ці каб увесь народ загінуў.
І не разумееце, што лепей для нас, каб адзін чалавек памёр за народ, а не ўвесь народ загінуў».
Сказаў жа ён гэта не ад сябе, а як што быў на той год першасьвятаром, прадказаў, што Ісус памрэ за народ,
Гэта ж ён сказаў не сам ад сябе, але, быўшы першасвятаром таго года, прарочыў, што Ісус павінен памерці за народ,
і ня толькі за народ, а каб і расьсеяных дзяцей Божых сабраць усіх разам.
І не толькі за народ, але каб і расцярушаных Божых дзяцей сабраць у адно.
З гэтага дня пастанавілі забіць Яго.
Дык з гэтага дня пастанавілі яны забіць Яго.
Таму Ісус ужо больш не хадзіў адкрыта паміж Юдэяў, а пайшоў адтуль у краіну паблізу пустыні, у горад, што называўся Ефраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.
І таму ўжо Ісус не хадзіў адкрыта між іудзеямі, але пайшоў адтуль у край пабліз пустэльні, у горад, называны Ефраім, і там астаўся з вучнямі.
Блізілася Пасха Юдэйская, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерусалім перад Пасхаю, каб там ачысьціцца.
Набліжалася ж іудзейская Пасха і шмат хто прыйшоў з краіны ў Ерусалім перад Пасхаю, каб ачысціцца.
Тады шукалі Ісуса і, стоячы ў храме, казалі адзін аднаму: як вы думаеце? ці ня прыйдзе Ён на сьвята?
Шукалі тады Ісуса і казалі між сабою, стоячы ў святыні: «Як вам здаецца! Хіба Ён не прыйдзе на свята?»
А першасьвятары і фарысэі далі загад, што, калі хто даведаецца, дзе Ён будзе, наказалі б, каб узяць Яго.
А першасвятары і фарысеі далі загад: калі хто ўведае, дзе Ён, няхай данясе, каб схапіць Яго.