Яна 13 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Перад сьвятам Пасхі Ісус, ведаючы, што прыйшла гадзіна Ягоная перайсьці ад сьвету гэтага да Айца, паказаў справаю, што, палюбіўшы Сваіх сутных у сьвеце, да канца палюбіў іх.
А перад святам Пасхі, Ісус ведаючы, што надышла Яго гадзіна перайсці з гэтага свету да Бацькі, палюбіўшы Сваіх, на свеце, палюбіў іх да канца.
І падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,
І пад час вячэры, калі д’ябал ужо зараніў у сэрца Юды Сіманавага Іскарыёта, каб ён выдаў Яго,
Ісус, ведаючы, што Айцец усё аддаў у рукі Ягоныя, і што Ён ад Бога прыйшоў і адыходзіць да Бога,
Ён, ведаючы, што Бацька ўсё даў Яму ў рукі і што Ён ад Бога выйшаў і да Бога ідзе, —
устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся;
Устае з вячэры і здымае адзенне і, узяўшы ручнік, апаясаўся;
потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны.
Пасля лье ваду ва ўмывальніцу і пачаў мыць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў апаясаны.
Падыходзіць да Сымона Пятра, і той кажа Яму: Госпадзе! ці Табе абмываць мае ногі?
І падыходзіць да Сімана Пятра; той кажа Яму: «Госпадзе, Ты мне мыеш ногі?»
Ісус сказаў яму ў адказ: што Я раблю, цяпер ты ня ведаеш, а ўразумееш пасьля.
У адказ Ісус сказаў яму: «Што Я раблю, ты не ведаеш цяпер, але пасля зразумееш».
Пётр кажа Яму: не абмыеш ног маіх вавек. Ісус адказваў яму: калі не абмыю цябе, ня маеш долі са Мною.
Кажа Яму Пятро: «Не памыеш маіх ног вавек». Адказаў яму Ісус: «Калі не памыю цябе, то не маеш ты часткі са Мною».
Сымон Пётр кажа Яму: Госпадзе! ня толькі ногі мае, але рукі і галаву.
Кажа Яму Сіман Пятро: «Госпадзе, не толькі мае ногі, але і рукі і галаву!».
Ісус кажа яму: абмытаму трэба толькі ногі ўмыць, бо чысты ўвесь; і вы чыстыя, але ня ўсе.
Кажа яму Ісус: «Памытага няма патрэбы мыць, толькі ногі, ён жа чысты ўвесь; і вы чыстыя, ды не ўсе».
Бо ведаў Ён прадажніка Свайго, таму і сказаў: «ня ўсе вы чыстыя».
Бо Ён ведаў Свайго прадажніка; таму сказаў: «Не ўсе вы чыстыя».
А калі абмыў ім ногі і надзеў вопратку Сваю, дык, узьлёгшы зноў, сказаў ім: ці ведаеце, што Я зрабіў вам?
Калі ж Ён памыў ім ногі [і] узяў сваё адзенне і ўзлёг зноў, Ён сказаў ім: «Ці ведаеце Вы, што Я зрабіў вам?
Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам, і слушна кажаце, бо Я сапраўды гэта.
Вы называеце Мяне Настаўнікам і Госпадам і правільна кажаце, бо Я і ёсць такі.
Дык вось, калі Я, Гасподзь і Настаўнік, абмыў ногі вам, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму:
Калі ж Я, Госпад і Настаўнік, памыў вам ногі, — то і вы павінны адзін аднаму мыць ногі.
бо Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі тое самае, што Я зрабіў вам.
Бо Я даў вам прыклад, каб, як зрабіў вам, і вы рабілі.
Праўду, праўду кажу вам: раб ня большы за гаспадара свайго, і пасланец ня большы за таго, хто паслаў яго.
Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Раб не большы за свайго пана, ані пасланец большы за таго, хто паслаў яго.
Калі гэта ведаеце, дабрашчасныя вы, калі выконваеце.
Калі гэта ведаеце, то шчаслівыя вы, калі гэта робіце.
Не пра ўсіх вас кажу: Я ведаю, каго Я абраў. Але хай збудзецца Пісаньне: «той, хто есьць хлеб са Мною, падняў на Мяне пяту сваю».
Не пра ўсіх вас кажу; Я ведаю, каго выбраў, але хай спраўдзіцца Пісанне: «Хто спажывае хлеб са Мною, падняў на Мяне сваю пяту».
Цяпер маўляю вам, перш чым тое збылося, каб, калі збудзецца, паверылі вы, што гэта Я.
Ужоцяпер кажу вам гэта, перш чым збылося, каб вы ўверавалі калі збудзецца, што гэта Я.
Праўду, праўду кажу вам: хто прымае таго, каго Я пашлю, Мяне прыме; а хто прымае Мяне, прымае Таго, Хто паслаў Мяне.
Папраўдзе, папраўдзе кажу Вам: Хто прымае Майго пасланца, Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне».
Сказаўшы гэта, Ісус узрушыўся духам, і засьведчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.
Сказаўшы гэта, Ісус затрывожыўся духам і засведчыў, кажучы: «Папраўдзе, папраўдзе кажу Вам: адзін з вас прадасць Мяне».
Тады вучні азіраліся адзін на аднаго, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
Глядзелі адзін на аднаго вучні, не разумеючы, пра каго Ён кажа.
А адзін вучань Ягоны, якога любіў Ісус, узьляжаў каля грудзей Ісуса;
Узлягаў адзін з Яго вучняў ля Ісусавых грудзей: той, каго любіў Ісус.
яму Сымон Пётр зрабіў знак, каб спытаўся, хто той, пра якога кажа.
Дык ківае яму Сіман Пятро, каб уведаў: «Хто ж гэта, пра каго Ён кажа?»
Ён, прыпаўшы да грудзей Ісуса, сказаў Яму: Госпадзе, хто гэта?
І той, прыпаўшы да Ісусавых грудзей, кажа Яму: «Госпадзе, хто гэта?»
Ісус адказваў: той, каму Я, умачыўшы кавалак хлеба, падам. І ўмачыўшы кавалак, падаў Юду Сымонаву Іскарыёту.
Адказвае Ісус: «Той, каму Я абмакнуўшы кавалачак». І абмакнуўшы кавалачак, [бярэ і] дае Юду Іскрарыёту.
І пасьля гэтага кавалка увайшоў у таго сатана. Тады Ісус сказаў яму: што робіш, рабі хутчэй.
І тады, пасля гэтага кавалачка, увайшоў у таго гэтага кавалачка, увайшоў у таго сатана. І кажа яму Ісус: «Што робіш, рабі хутчэй».
Але ніхто з тых, што ўзьляжалі, не зразумеў, навошта Ён сказаў яму.
[Але] ніводзін з тых, што ўзлягалі, не зразумеў для чаго Ён сказаў яму гэта.
А як што ў Юды была скарбонка, дык некаторыя думалі, што Ісус кажа яму: купі, што нам трэба на сьвята, альбо, каб даў што-небудзь убогім.
Бо некаторыя думалі, таму што ў Юды была скарбонка, — то і кажа яму Ісус: «Купі, што нам трэба на Свята» ці каб даў што-небудзь убогім.
Ён, прыняўшы кавалак, адразу выйшаў; а была ноч.
А той, узяўшы кавалачак, адразу выйшаў. Была ж ноч.
Калі ён выйшаў, Ісус сказаў: сёньня праславіўся Сын Чалавечы, і Бог праславіўся ў Ім;
Тады, калі ён выйшаў, кажа Ісус: «Цяпер праслаўлены: Чалавечы Сын, і Бог праслаўлены ў Ім.
калі Бог праславіўся ў Ім, дык і Бог праславіць Яго ў Сабе, і хутка праславіць Яго.
[Калі Бог праслаўлены ў Ім], то и Бог праславіць Яго ў Сабе, і зараз праславіць Яго.
Дзеткі! ня доўга ўжо быць Мне з вамі: будзеце шукаць Мяне, і, як сказаў Я Юдэям, што, куды Я іду, вы ня можаце прыйсьці, так і вам кажу цяпер.
Дзеткі, яшчэ нядоўга Я з вамі. Будзеце шукаць Мяне, і, як Я сказаў іудзеям: «Куды Я іду, вы не можаце пайсці», так і вам кажу цяпер.
Запаведзь новую даю вам, палюбеце адзін аднаго; як Я палюбіў вас, так і вы палюбеце адзін аднаго;
Новую запаведзь даю вам: «Любіце аднаго, як Я вас пабіў, і вы любіце адзін аднаго».
Па тым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою.
Па гэтым пазнаюць усе, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою».
Сымон Пётр сказаў Яму: Госпадзе! куды Ты ідзеш? Ісус адказваў яму: куды Я іду, ты ня можаш цяпер за Мною ісьці, а потым пойдзеш за Мною.
Кажа Яму Сіман Пятро: «Госпадзе, куды Ты ідзеш?» Адказаў [яму] Ісус: «Куды Я іду, ты не можаш цяпер пайсці ўслед за Мною, але пойдзеш услед за Мною пасля».
Пётр сказаў Яму: Госпадзе! чаму я не магу ісьці за Табою цяпер? я душу маю пакладу за Цябе.
Кажа Яму Пятро: «Госпадзе, чаму я не магу пайсці ўслед за Табою цяпер! Я сваё жыццё за Цябе пакладу».
Ісус адказваў яму: душу тваю за Мяне пакладзеш? Праўду, праўду кажу табе: не прасьпявае певень, як зрачэшся Мне тройчы.
Адказвае Ісус: «Сваё жыццё не пакладзеш? Папраўдзе, падзе кажу табе: певень не прапяе, як ты тройчы ад Мяне адрачэшся.