Яна 15 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Я — сапраўдная Вінаградная Лаза, а Айцец Мой — Вінаградар;
Я — праўдзівая Вінаградная лаза, і Мой Бацька — вінаградар.
кожную зь Мяне галінку, якая ня родзіць плоду, Ён абцінае; і кожную, якая родзіць плод, ачышчае, каб больш урадзіла плоду.
Кожную галіну на Мне, што не прыносіць плоду, Ён адцінае, і кожную, што прыносіць плод, ачышчае каб прыносіла большы плод.
Вы ўжо ачышчаныя праз слова, якое Я прапаведаваў вам.
Вы ўжо чыстыя праз слова, якое сказаў Я вам;
Заставайцеся ўва Мне, і Я ў вас. Як галіна ня можа радзіць плоду сама сабою, калі ня будзе на лазе, так і вы, калі ня будзеце ўва Мне.
Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галіна не можа радзіць плоду сама з сябе, калі не застаецца на лазе, гэтак не можаце і вы, калі ўва Мне не застаецеся.
Я — Лаза, а вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той родзіць многа плоду, бо безь Мяне ня можаце рабіць нічога.
Я — лаза, вы — галіны. Хто ўва Мне застаецца, а Я ў ім, той прыносіць шмат плоду, бо без Мяне вы нічога не можаце рабіць.
Хто не застаецца ўва Мне, той будзе выкінуты прэч, як галіна, і засохне; а такія галіны зьбіраюць і кідаюць у вагонь, і яны згараюць;
Калі хто не застаецца ўва Мне, — ён будзе выкінуты вон, як галінка, і засохне: і збіраюць іх і кідаюць у агонь, і яны згараюць.
калі застанецеся ўва Мне, і словы Мае ў вас застануцца, дык, чаго ні захочаце, прасеце, і будзе вам.
Калі застанецеся ўва Мне і Мае словы ў вас застануцца, чаго хочаце, прасіце і будзе вам.
Тым праславіцца Айцец Мой, калі вы ўродзіце многа плоду, і будзеце Маімі вучнямі.
У тым слава Майго Бацькі, каб вы шмат плоду прыносілі і зрабіліся Маімі вучнямі.
Як палюбіў Мяне Айцец, і Я палюбіў вас; заставайцеся ў любові Маёй,
Як палюбіў Мяне Бацька, і Я вас палюбіў: заставайцеся ў Маёй любові.
калі наказы Мае выканаеце, застанецеся ў любові Маёй, як і Я выканаў наказы Айца Майго і застаюся ў Яго любові.
Калі вы Мае запаведзі выканаеце, вы застанецеся ў Маёй любові, як Я запаведзі Майго Бацькі збярог і застаюся ў Яго любові.
Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас заставалася і радасьць вашая была поўная.
Гэта сказаў Я вам, каб Мая радасць у вас была і ваша радасць была поўная.
Гэта ёсьць запаведзь Мая, палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Гэта — Мая запаведзь каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас.
Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх.
Няма большай любові, чым тая, калі хто сваё жыццё пакладзе за сваіх сяброў.
Вы сябры Мае, калі выконваеце тое, што Я наказваю вам;
Вы мае сябры, калі робіце тое, што Я запаведую вам.
Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб ня ведае, што робіць гаспадар ягоны; а Я назваў вас сябрамі, бо сказаў вам усё, што чуў ад Айца Майго.
Я ўжо не называю вас рабамі, бо раб не ведае, што робіць яго пан; вас жа назваў сябрамі, бо ўсё, што пачуў ад Свайго Бацькі, Я абвясціў вам.
Ня вы Мяне выбралі, а Я вас выбраў і паставіў вас, каб вы ішлі і радзілі плод, і каб плод ваш заставаўся, каб, чаго ні папросіце ў Айца ў імя Маё, Ён даў вам.
Не вы Мяне абралі, але Я абраў вас і паставіў вас, каб вы ішлі і плод прыносілі, і ваш плод заставаўся, каб чаго вы ні папрасілі ў Бацькі ў імя Маё, Ён даў вам.
Гэта наказваю вам: любеце ж адзін аднаго.
Гэта і запаведую вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Калі сьвет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў.
Калі свет вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне ён перш за вас зненавідзеў.
Калі б вы былі ад сьвету, дык сьвет любіў бы сваё; а як вы не ад сьвету, а Я вас выбраў ад сьвету, таму ненавідзіць вас сьвет.
Калі б вы ад свету былі, свет любіў бы сваё; а таму што вы не ад свету, але Я выбраў вас ад свету, таму ненавідзіць вас свет.
Памятайце слова, якое Я сказаў вам: раб ня большы за гаспадара свайго. Калі Мяне гналі, гнацьмуць і вас; калі Маё слова захоўвалі, будуць захоўваць і ваша;
Помніце слова, якое Я сказаў вам: «Раб не большы за свайго пана». Калі Мяне гналі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выконвалі, і ваша будуць выконваць.
але ўсё тое зробяць вам за імя Маё, ня ведаюць бо Таго, Хто паслаў Мяне.
Але гэта ўсё будуць рабіць за Маё імя, бо не ведаюць Таго, Хто паслаў Мяне.
Калі б Я ня прыйшоў і не казаў ім, дык ня мелі б грэху; а цяпер ня маюць дараваньня ў грэху сваім.
Калі б Я не прыйшоў і не казаў ім, яны не мелі б граху; цяпер жа не маюць выбачэння за свой грэх.
Хто ненавідзіць Мяне, ненавідзіць і Айца Майго;
Той, хто ненавідзіць Мяне, і Майго Бацьку ненавідзіць.
калі б Я ня ўчыніў паміж імі дзеяў, якіх ніхто іншы ня ўчыняў, дык ня мелі б грэху; а цяпер і бачылі, і ўзьненавідзелі і Мяне і Айца Майго.
Калі б Я не зрабіў між іх спраў, якіх ніхто іншы не зрабіў, яны не мелі б граху; цяпер жа І бачылі і зненавідзелі і Мяне і Майго Бацьку.
Але хай збудзецца слова, напісанае ў законе іхнім: «зьненавідзелі Мяне марна».
Але няхай спраўдзіцца Слова, запісанае ў іх Законе: «Зненавідзелі Мяне беспадстаўна».
Калі ж прыйдзе Суцешнік, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух праўды, Які ад Айца зыходзіць, Ён будзе сьведчыць пра Мяне;
Калі прыйдзе Суцяшальнік, Якога Я пашлю вам ад Бацькі, Дух Праўды, Што ад Бацькі зыходзіць, Ён будзе сведчыць пра Мяне.
А таксама і вы будзеце сьведчыць, бо вы ад пачатку са Мною.
Ды і вы засведчыце, бо вы ад пачатку са Мною.