Да Рымлянаў 13 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Кажная душа будзь паддана вышшай уладзе, бо няма ўлады не ад Бога; існуючыя ж улады Богам устаноўленыя.
 
Хай кожны чалавек будзе паслухмяны (падчынецца) вышэйшым уладам. Бо няма ўлады толькі ад Бога. Каторыя ж ёсьць — Богам устаноўлены (па распараджэньню Бога).

Затым, хто працівіцца ўладзе, працівіцца загадзе Божай. А праціўнікі самы сабе рассудак віны прыдбаюць.
 
Дык хто працівіцца ўладзе — распараджэньню (распарадку) Бога працівіцца. А каторыя працівяцца Богу — на сябе асуджэньне (Бога) узводзяць.

Бо начэльнікі ня страх добрым учынкам, але благім. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро і адзяржыш пахвалу ад яе;
 
Бо ўлада страшная не дабро чынячым, але зло. Ня хочаш баяцца ўлады? Дык паступай добра і будзеш мець пахвалу ад яе.

Бо гэта слуга Божы на дабро табе. Але, калі ты дзееш ліха, бойся, бо не дарма ён носе меч; бо ён слуга Божы, помсьнік у гневе на дзеючага ліха.
 
Яна вось ёсьць прыслугай Божай для твайго дабра. Калі ж зло робіш, бойся, бо яна не надарма меч носіць. Бо ёсьць Божай уладай (начальнікам), спаганяючай гнеў (караючай таго) над тым, хто робіць зло.

Затым надабе быць падданым не адно дзеля гневу, але й дзеля сумленьня.
 
Дзеля таго трэба слухаць ня толькі дзеля кары (гразы), але дзеля сумленьня.

Дзеля таго вы й падачкі плаціце, бо яны слугі Божыя, кажначасна гэтым занятыя.
 
Затым і падаткі плаціць, бо тыя, што імі займаюцца з волі Бога спаўняюць сваю ўладу.

Давайце кажнаму належнае: каму падачкі — падачкі; каму мыта — мыта; каму страх — страх; каму чэсьць — чэсьць.
 
Аддавайце ўсім належнае: Каму падатак — падатак, каму — муйта — муйта, каму падчыненьне — падчыненьне, каму пашану — пашану.

Нікому ня бывайце нічога вінны, апрача ўзаемнае міласьці; бо хто любе другога, тый споўніў Закон.
 
Нікому ня будзьце нічым у даўгу, хіба толькі ўзаемнаю любоўю, бо хто любіць бліжняга — спаўняе Закон.

Не чужалож, не забівай, не крадзі, ня сьветч хвальшыва, не пажадай,» і калі іншае будзе расказаньне, зьмяідчаюцца ў вадным гэтым слове, наймя: «любі бліжняга свайго, як сябе самога».
 
Бо прыказаньні: не чужалож, не забівай, не крадзі, не пажадай ды ўсе іншыя зьмяшчаюцца ў гэтым вось загадзе: "Любі бліжняга свайго як сябе самога".

Любосьць ня робе бліжняму ліха; дык любосьць ё паўніня Закону.
 
Любоў ня робіць крыўду бліжняму. Таму любоў ёсьць дасканалым выпаўненьнем Закона.

І гэта рабіце, ведаючы час, што ўжо пара нам прачхнуцца, бо цяпер спасеньне да нас бліжшае, чымся як мы ўверылі.
 
Зразумейце, які цяпер час: надыйшла для вас пара зо сну падняцца. Цяпер вось збаўленьне бліжэй нам чым тады, калі мы ўверылі.

Ноч мінула, а дзень дабліжыўся: дык адкіньма ўчынкі цямноты, а надзеньма зброю сьвятліні.
 
Ноч мінула, дзень наблізіўся. Дык адкіньма ўчынкі цемры, а адзеньмася ў зброю сьвятла.

Як удзень, паступайма як належа, не ў гасьцінах а п’янчаньню, ані ў бязулстве а жадлівасьці, ані ў звадзе а завідасьці;
 
Жыйма чэсна як у ясны дзень: не ў гульнях, і п'янствах, не ў распустах і нячыстасьцях, не ў звадцы дый завіднасьці.

Але адзеньцеся ў Спадара Ісуса Хрыста, і рупнасьць празь цела не абарачайце ў жаду.
 
Але адзеньцеся ў Госпада Езуса Хрыста ды не дагаджайце целу, папускаючы страсьці.