Марка 1 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Пачатак Евангелі Ісуса Хрыста, Сына Божага.
Пачатак Эвангеліі Езуса Хрыста, Сына Божага.
Як напісана ў Ісаі прарокі: «Вось, Я пасылаю ангіла Свайго перад відзеньням Тваім, каторы прыгатуе дарогу Тваю перад Табою.
Як напісана ў Ізаія прарока: "Вось жа пасылаю Анёла Майго перад воблікам Тваім (перад Табою). Ён прыгатовіць (адкрые) дарогу Табе.
Голас гукаючага на пустыні: гатуйце дарогу Спадарову, раўнуйце сьцежкі Яму!».
Голас клічучага ў пустыні: прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сьцежкі Яму".
Сталася, што Яан хрысьціў на пустыні, абяшчаючы хрэст каяты на дараваньне храхоў.
Паявіўся Ян (Ёан) у пустыні, хрысьцячы і вешчучы хрост пакаяньня (пакуты) на (для) адпушчэньня грахоў.
І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская а Ерузалімляне ўсі, і хрысьціліся ў яго ўсі ў раццэ Ёрдане, вызнаючы грахі свае.
І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы і спазнаючы грахі свае — былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
Яан жа насіў адзецьце зь вярблюджае поўсьці і дзягу на сьцёгнах сваіх, і еў шаранчу а дзікі мёд.
Ян жа быў адзеты ў вярблюдаву скуру ( у адзеньне з вярблюдавай шэрсьці) ды падперазаны скураным поясам па сваіх бёдрах. Еў шаранчу і лесны мёд.
І абяшчаў, кажучы: «Ідзець за імною дужшы за мяне, Катораму я ня гожы, нахінуўшыся, разьвязаць рэменьчык вобую Ягонага.
Навучаў ён кажучы: "Ідзе за мной дужэйшы за мяне. Я яму ня варт упаўшы на зямлю разьвязаць рамушок ягоных сандалаў (абутку).
Я запраўды хрысьціў вас вадою, але Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым».
Я хрышчу вас вадой, а ён будзе хрысьціць Духам Сьвятым".
І сталася тых дзён, што Ісус прышоў з Назарэту Ґалілейскага і хрысьціўся ў Яана ў Ёрдане.
Здарылася, што ў тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту з Галілеі і быў ахрышчаны ў Ярдане Янам.
І зараз, выходзячы з вады, абачыў нябёсы расьхіненыя і Духа, як галубу, зыходзячага на Яго.
І як толькі выходзіў з вады, увідзеў адкрыты нябёсы, ды Духа як галубку сыходзячага на сябе (на яго).
І быў голас ізь нябёсаў: «Ты Сын Мой любовы, у Табе Мае вялікае ўпадабаньне».
І адазваўся голас з неба: "Ты сын мне ўмілаваны, я цябе ўспадабаў".
І зараз Дух павёў Яго на пустыню.
Ды зараз павёў Яго Дух у пустыню.
І быў Ён там на пустыні сорак дзён, спакушаны шайтаном, і быў ізь зьверанятамі; і ангілы паслугавалі Яму.
Ён прабываў у пустыні сорак дзён і сорак начэй. Быў спакушаны шатанам, жыў між зьвяроў, а анёлы паслугавалі Яму.
І просьле таго, як Яан быў выданы, прышоў Ісус да Ґалілеі, абяшчаючы Евангелю гаспадарства Божага,
А пасьля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Езус у Галілею, вешчучы Эвангелію (Добрую навіну) Божую.
І кажучы: «Выпаўніўся час і дабліжылася гаспадарства Божае; пакайцеся а верце ў Евангелю».
Ён казаў: "Споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Эвангеліі!"
І праходзячы ж ля мора Ґалілейскага, абачыў Сымона а Андрэя, брата ягонага, што закідалі сеці ў мора, бо яны былі рыбнікі.
І праходзячы міма (каля) мора Галілейскага ўбачыў Сымона і брата ягонага Андрэя, закідаючых сеткі ў мора: былі бо яны рыбакамі (рыбаловамі).
І сказаў ім Ісус: «Ідзіце за Імною, і Я зраблю, што вы станеце лаўбітамі людзёў».
Сказаў ім Езус: "Хадзіце за Мной, зраблю Я вас рыбакамі людзей".
І яны зараз, пакінуўшы сеці свае, пайшлі за Ім.
І адразу пакінуўшы сеці, пайшлі яны за Ім.
І прайшоўшы стуль крыху, Ён абачыў Якава Зэведэявага а Яана, брата ягонага, што таксама былі ў струзе, правячы сеці свае;
І адыйшоўшыся адтуль недалёка, ўбачыў Якуба Забэдэявага і Яна, брата ягонага, калі яны сьцягвалі сеткі свае ў лодцы.
І зараз пагукаў Ён іх, і, пакінуўшы айца свайго Зэведэя ў струзе з наймітамі, пайшлі за Ім.
Затым пазваў і іх. Дык пакінуўшы ў лодцы свайго бацьку Забэдэя з нанятымі работнікамі — пайшлі за Езусам.
І прыйшлі да Капернауму; і зараз у сыботу ўвыйшоў ён у бажніцу, і навучаў.
Увайшлі пасьля ў Кафарнаўм. А затым у шабат (суботу) увайшоўшы ў сынагогу стаў іх навучаць.
І зумяваліся з навукі Ягонае, бо Ён навучаў іх, як уладу маючы, а не як кніжнікі.
І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх той, хто мае ўладу,а не як вучоныя па Пісаньню.
І зараз у бажніцы іхнай апынуўся чалавек, маючы духа нячыстага, і закрычэў,
А ў той час у сынагозе знаходзіўся чалавек апанаваны ліхім (духам нячыстым). Ён крычаў
Кажучы: «Пакінь, чаго Табе да нас, Ісусе Назарэцкі? ці Ты прышоў загубіць нас? Знаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы».
кажучы: "Што Табе да нас, Езусе з Назарэту? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, хто Ты: Ты — Сьвяты Божы".
Але Ісус зганіў, кажучы: «Змоўкні і выйдзі зь яго».
Але прыгразіў яму Езус кажучы: "Замаўчы, ды выйдзі з чалавека!"
Тады дух нячысты, скалатнуўшы яго й закрычэўшы вялікім голасам, вышаў зь яго.
І ён тузуючы ім і крычучы моцным голасам, пакінуў яго дух нячысты.
І ўсі зжахнуліся, ажно адзін у ваднаго пыталіся: «Што гэта? што гэта за новая навука, што Ён і духом нячыстым расказуе з уладаю, і яны слухаюць яго?»
Стаўпянелі ўсе ды аж пыталі адзін аднаго, кажучы: "Хто гэта такі? Ды што за навука гэта новая, што Ён і сілаю загадвае нячыстым духам і яны паддаюцца Яму?"
І ўборзьдзе разышлася празь Яго ведамка па ўсёй аколіцы ў Ґалілеі.
Ды скора (хутка) разыйшлася вестка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
Вышаўшы неўзабаве з бажніцы, прышлі да дому Сымонавага а Андрэевага зь Якавам а Яанам.
Затым выйшаўшы з сынагогі прыбылі ў дом Сымона і Андрэя разам з Якубам і Янам.
Цешча ж Сымонава ляжала ў гаручцы; і без адвалокі кажуць яму празь яе.
Цёшча жа Пятра ляжала ў гарачцы. І яны кажуць Яму пра хворую (яе).
І, дабліжыўшыся, Ён падняў яе, узяўшы яе за руку; і гаручка якга пакінула яе, і яна паслугавала ім.
Падыйшоўшы Езус падняў яе, узяўшыся за яе руку і адразу спынілася гарачка і яна паслугавала ім.
І ўвечары заходам сонца прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных нячысьцікам.
А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар прыносілі да Яго ўсіх блага чуючыхся і апанаваных нячыстым духам,
І ўсе места зьберлася да дзьвярэй.
ды так увесь горад сабраўся ля дзьвярэй.
І Ён уздаравіў шмат якіх, хворых на розныя хваробы, і выгнаў шмат нячысьцікаў, і не дазваляў нячысьцікам гукаць, бо яны зналі Яго.
Многіх аздаравіў, тых, што розныя хваробы мучылі і многіх выгнаў д'яблаў, ды не разрашыў ім гаварыць, бо ведалі, хто Ён.
І нараніцы, устаўшы рана на додніцы, вышаў, і адышоў на пустыннае месца, і там маліўся.
Натта рана ўстаўшы выйшаў і падаўся на адзінокае месца і тамака маліўся.
Сымон а бытыя зь Ім пайшлі глядзець Яго.
Сымон жа ды тыя, што з Ім былі — пайшлі за Ім.
І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: «Усі шукаюць Цябе».
Калі Яго знайшлі сказалі Яму: "Усе Цябе шукаюць".
Ён кажа ім: «Пайдзіма да іншае мясцовасьці, да суседніх местачкаў, каб Імне й там абяшчаць, бо на тое Я прышоў».
А Ён сказаў ім: "Ідзёмце ў бліжэйшыя вёскі і гарады, каб і там вясьціць Добрую Навіну, бо Я на тое прыйшоў".
І Ён абяшчаў у бажніцах іхных па ўсёй Ґалілеі, і выганяў нячысьцікаў.
Дый навучаў у сынагогах (бажніцах) па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
Прыходзе да Яго хворы на праказу і, молячы Яго а клякаючы перад Ім, кажа Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць».
Прыступіўся да Яго пракажаны і ўмаляў Яго, упаўшы на каленьні, казаў Яму: "Калі захочаш, можаш мяне ачысьціць".
Ісус, пажалеўшы яго, выцягнуў руку, даткнуўся да яго й сказаў яму: «Хачу, ачысьціся».
А Езус пашкадаваў яго і працягнуўшы руку сваю — дакранаўся да яго і сказаў яму: "Хачу, будзь ачышчаны".
І якга зышла зь яго праказа, і ён быў чысты.
Ды калі гэта сказаў, адразу сыйшла з яго праказа і быў ачышчаны.
І із стродкім заказам зараз выслаў яго.
Пры тым пагразіў яму і адправіў яго адразу,
І сказаў яму: «Глядзі нікому нічога не кажы, але йдзі, пакажыся сьвятару і абрачы за ачышчэньне свае тое, што расказаў Масей, на сьветчаньне ім».
кажучы: "Глядзі, каб нікому не казаў, але ідзі, пакажыся архісьвятару і за ачышчэньне сваё складзі ахвяру, што загадаў Майсей на пасьведчаньне ім".
Але ён, вышаўшы, пачаў шмат агалашаць праз сталае, ажно Ісус ня мог ужо яўна ўвыйсьці ў места, але быў вонках на месцах пустых. І прыходзілі да Яго адусюль.
Але ён, адыйшоўшыся, пачаў расказваць ды славіць гэтае здарэньне, так, што ўжо ня мог публічна пайсьці ў горад, але скрываўся ў бязьлюдных мясьцінах. А зусюль сыходзіліся да Яго.