1 да Карынфянаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Паўла, воляю Божаю пагуканы апостал Ісуса Хрыста, а Сосьфен брат,
 
Павал, з волі Божай пакліканы на апостала Езуса Хрыста ды брат Состэнэе.

Царкве Божай, што ў Карынце, пасьвячаным у Хрысту Ісусу, пагуканым сьвятым, з усімі, што гукаюць імя Спадара нашага Ісуса Хрыста на кажным месцу, у іх і ў нас:
 
Божаму Касьцёлу ў Карынце, тым, што былі пасьвячаны ў Езусе Хрысце ды пакліканы да сьвятасці разам з усімі, каторыя на кожным месцы прызываюць імя Госпада нашага Езуса Хрыста, іхняга і нашага Госпада.

Ласка вам а супакой ад Бога, Айца нашага, а Спадара Ісуса Хрыста.
 
Ласка вам і супакой (мір) ад Бога Айца і Госпада Езуса Хрыста.

Дзякую Богу свайму заўсёды за вас узглядам ласкі Божае, данае вам у Ісусу Хрысту,
 
Дзякую заўсёды за вас Богу майму, за ласку дадзенаю вам у Хрысьце Езусе.

Што ўсім вы забагацелі ў Ім, усялякім словам і ўсялякім веданьням, —
 
У Ім вы ўва ўсё сталіся багатымі: словам усякім і пазнаньнем,

Бо сьветчаньне Хрыстова ўмацавалася ў вас, —
 
бо навука (сьведчаньне) Хрыстова прыжылося ў вас,

Так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дару, чакаючы зьяўленьня Спадара нашага Ісуса Хрыста,
 
так што ня маеце недастатку ласкі ў чаканьні аб'яву Госпада нашага Езуса Хрыста.

Каторы і ўмацуе вас аж да канца быць бязьвіннымі на дзень Спадара нашага Ісуса Хрыста.
 
Ён дасьць вам сілу да мэты без заганы на дзень Госпада Нашага Езуса Хрыста.

Верны Бог, Каторым вы пагуканыя да ўзаем’я Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Спадара нашага.
 
Бо верны Бог, Якім вы пакліканы да супольнасьці (сяброўства) з Сынам Ягоным Езусам Хрыстом, Госпадам нашым.

Вось жа малю вас, браты, імям Спадара нашага Ісуса Хрыста, каб усі вы гукалі адно, і ня было меж вас падзелаў, але каб вы супоўна задзіночыліся ў тэй самай думцы і ў тым самым паглядзе.
 
Браты, у імя Госпада Нашага Езуса Хрыста малю вас: будзьце ў згодзе, каб не было сярод вас падзелаў; каб вы былі аднаго духа і аднае думкі.

Бо ад Хлоіных стала імне ведама, браты мае, праз вас, што сьпярэчкі ё памеж вас.
 
Людзі злое разказалі мне пра вас, браты мае, што здараюцца між вас спрэчкі (споры).

Я гукаю праз тое, што кажны з вас кажа: «Я запраўды Паўлаў», а «Я Аполосаў», а «Я Кіфін», а «Я Хрыстоў».
 
Маю на думцы, што адзін з вас кажа: "Я — Паўлавы, а я Апалёса; Я Кэфаса, а я Хрыстоў".

Нягож Хрыстос падзяліўся? альбо Паўла быў укрыжаваны за вас? альбо ў імя Паўлы вы хрысьціліся?
 
Ці ж Хрыстус дзеліцца? Ці ж Павал быў за вас укрыжаваны? Ці ў імя Паўла вы ахрышчаны?

Дзякую Богу, што нікога з вас ня хрысьціў, апрача Крыспа а Ґая,
 
Дзякую Богу, што апрача Крыспуса і Гаюся я нікога з вас не ахрысьціў.

Што ніхто ня можа сказаць, што я хрысьціў у імя свае собскае.
 
Дык ніхто ня можа казаць, што ў імя маё быў ён ахрышчаны.

Але, я хрысьціў і дом Сьцепаноў; але балей ня ведаю, ці хрысьціў каго іншага.
 
Дарэчы, праўда, ахрысьціў я дом Стэфанаса. А больш не помню, ці ахрысьціў я каго.

Бо Хрыстос не паслаў мяне хрысьціць, але абяшчаць дабравесьць, ня ў мудрасьці слова, каб ня быў змарнаваны крыж Хрыстоў.
 
Не паслаў Мяне Хрыстус хрысьціць, але вясьціць Эвангелію, не мудрасьцю слова, каб не ўменшыць важнасьці крыжа Хрыстовага.

Бо слова праз крыж гінучым ё дурніна, але нам спасаным — сіла Божая.
 
Бо навука крыжа для тых, што ідуць на загубу — ёсьць глупасьцю, а тым, што ідуць на збаўленьне — сілай Божай.

Бо напісана: «Загублю мудрасьць мудрыцоў, а розум разумных адхіну».
 
Бо напісана: "Загублю мудрасьць мудрых, а (кемлівасьць) хітрасьць хітрых зьнішчу".

Ідзе мудрэц? ідзе кніжнік? ідзе сьпярэчнік гэтага веку? Ці не абярнуў Бог мудрасьць гэтага сьвету ў дурноту?
 
Дзе мудрэц? Дзе вучоны? Дзе дасьледчык гэтага сьвету?

Бо як сьвет мудрасьцяй не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, зьлюб Богу было дурнотаю абяшчаньня спасьці вернікаў.
 
Калі жа сьвет сваёю мудрасьцю не пазнаў Бога з разумнасьці твораў Божых, дык спадабалася Богу праз глупасьць вясчэньня слова (эвангеліі) збавіць веручых.

Бо Жыды вымагаюць знакоў, а Грэкі шукаюць мудрасьці;
 
Як Юдэі дамагаюцца цудаў, а Грэкі шукаюць мудрасьці,

Мы ж абяшчаем укрыжаванага Хрыста, Жыдом спадмана, а народам дурнота,
 
мы вясьцім укрыжаванага Хрыста, Які згаршэньнем для Юдэяў, а глупасьцю для паганаў,

Але пагуканым, Жыдом і Грэкам, Хрыста, моц Божую а мудрасьць Божую;
 
для тых жа, што пакліканы, ці спасярод Юдэяў, ці спасярод Грэкаў — Хрыстусам, магутаю Божай ды мудрасьцю Божай.

Бо дурнота Божая мудрэйшая за людзёў, а млявае ў Бога дужшае за людзёў.
 
Бо тое, што глупасьцю ў Бога, перавышае мудрасьць людзей, а што кволае ў Бога — перавышае моцаю людзей.

Разважча, браты, хто вы пагуканыя, што ня шмат мудрых подле цела, ня шмат дужых, ня шмат дабрародных;
 
Дык вы, браты паглядзіце, хто вы такія пакліканыя? Па людзку гледзячы — ня шмат з вас мудрых, нямнога магутных, не шмат высокародных.

Бо Бог абраў дурноту гэтага сьвету, каб засароміць мудрых, і Бог абраў млявае гэтага сьвету, каб засароміць дужасьць;
 
Ды Бог выбраў, што ў вачах сьвету глупае, каб засароміць — мудрых, і што кволае, каб засароміць магутных,

І нізкое сьвету, і пагрэбаваных абраў Бог, і няіснуючае, каб існуючае зьнішчыць, —
 
і (выбраў Бог) тое, што ў вачах сьвету — паганае, і што пагарджанае ды ня маючае значэньня выбраў Бог, каб закасаваць тое, што нечым ёсьць —

Так, каб не хвалілася перад Богам ніякае цела.
 
каб ніхто не выносіўся б перад (на віду) Богам.

Ад Яго й вы ў Хрысту Ісусу, Каторы стаў нам мудрасьцю ад Бога, як і справядлівасьцю а пасьвячэньням а адкупленьням,
 
Дзякуючы Яму і вы ў Хрысьце Езусе, Каторы з волі Божай стаўся для нас мудрасьцю, справядлівасьцю, пасьвячэньнем і адкупленьнем,

Як напісана: «Хто хваліцца, Спадаром хваліся».
 
як напісана: "Хто хваліцца, хай у Госпаду хваліцца".