1 да Карынфянаў 6 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Ці важыцца хто з вас, правуючыся з другім, прававацца ў несправядлівых, а не ў сьвятых?
 
Ці пачне хтосьці з вас, маючы непаразуменьне (справу) з другім, судзіцца з ім у няверных, а не ў сьвятых?

Ці ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі сьвет вамі будзе суджаны, ці вы нягожыя найменшага суджэньня?
 
Няўжо ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі вамі будзе суджаны сьвет, дык ці ня можаце рашаць паважныя справы?

Ці вы ня ведаеце, што мы будзем судзіць ангілаў? Пагатове справы гэтага жыцьця.
 
Ці ня ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? То тым болей — справы дачасныя?

А вы, як мелі справы гэтага жыцьця, пасадзілі судзіць пагрэбаваных у царкве.
 
А вы, судзячыся ў жыцьцёвых справах, ставіце сваімі судьдзямі ня маючы пашаны (павагі) ў касьцёле.

На сорам вам кажу: нягож няма памеж вас ні воднага разумнага, што мог бы рассудзіць памеж братоў сваіх?
 
Ці ня сорамна вам, кажу, гэта? Няўжо няма ў вас некага разумнага, каторы мог бы разсудзіць братоў сваіх?

Але брат із братам правуецца, ды перад нявернікамі.
 
На жаль, брат з братам судзіцца ды яшчэ ў няверучых?

У такім прылучаю ўжо запраўды заганаю наагул у вас ё, што вы правуецеся мяжсобку. Чаму валей ня церпіце крыўды? чаму валей не застаіцеся ашуканымі?
 
Ужо і тое для вас паніжэньне, што агулам судзіцеся паміж сабой. Чаму вам ня лепш быць пакрыўджанымі? Чаму ня лепш панесьці шкоду?

Але вы крыўдзіце а шкодзіце, ды гэта братоў.
 
Нажаль, вы самі дапускаецеся несправядлівасьці і крыўдзіце нават братоў.

Ці вы ня ведаеце, што несправядлівым не спадзець гаспадарства Божае? Не давайцеся зводзіць: ані бязулям, ані балвахвалам, ані чужаложнікам, ані вельма скунежаным, ані мужаложнікам,
 
Ці ня ведаеце, што несправядліўцы не атрымаюць валадарства Божага ў спадчыну? Дык не абманавайце сябе: ані распусьнікі, ані ідалапаклоньнікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаны, ані садомцы (мужчыны жывучыя з сабой),

Ані злодзеям, ані гальлівым, ані п’яніцам, ані абмоўцам, ані дзяруном не спадзець гаспадарства Божае.
 
ані злодзеі, ані хціўцы, ані п'яніцы, ані чараўнікі, ані рабоўнікі не спадкаемяць (не ўнасьледуюць) Божага валадарства.

І гэткімі былі некатрыя з вас; але абмыты, але ўсьвячаны, але аправены імям Спадара нашага Ісуса Хрыста і Духам Бога нашага.
 
А на жаль — такімі былі некаторыя з вас. Але былі абмытыя, пасьвячаны ды апраўданыя ў імя Госпада нашага Езуса Хрыста і праз Духа Бога нашага.

Усе імне дазволена, але ня ўсе карысна; усе імне дазволена, але ня буду я пад уладаю чаго-колечы.
 
"Усё мне можна" — але не ўсё карысна. Усё мне можна, але я нікому не паддамся ў няволю.

Ежа да жывата, і жывот да ежы; але Бог зьнішча адно й другое. Цела не да бязулства, але да Спадара, і Спадар да цела.
 
Ежа для жывата, а жывот для ежы. Але Бог зьнішчыць адно і другое. Ды цела не для распусты але для Госпада, а Госпад для цела.

Бог ускрысіў Спадара, ускрысіць і нас магутнасьцю Сваёй.
 
Бог жа і Госпад ўскрасіў і нас таксама Сваёю магутаю ўскрэсіць з умёршых (мёртвых).

Ці вы ня ведаеце, што целы вашы — гэта чаланы Хрыстовы? Дык ці адыйму чаланы ў Хрыста, каб зрабіць іх чаланамі бязулі? Няхай ня станецца так!
 
Ці ж ня ведаеце, што целы вашыя — членамі Хрыста? Ці ж узяўшы члены Хрыста буду рабіць іх членамі распусьніцы (блудніцы) ? Ніколі!

Альбо ня ведаеце, што тый, каторы лучыцца зь бязуляю, ёсьць адно цела зь ёю, бо кажацца: «Двое будуць адно цела».
 
Або ці ня ведаеце, што той, хто займаецца з распусьніцай, творыць з ёй адно цела? Будуць вось яны — як сказана — двое адным целам.

Але тый, што адзіночыцца із Спадаром, ёсьць адзін Дух.
 
Той, хто лучыцца з Госпадам — з Ім адным духам.

Уцякайце ад бязулства: кажны грэх, які робе людзіна, ё вонках цела; а бязуля грэша супроці собскага цела свайго.
 
Беражыцеся распусты. Кожны бо грэх дапушчаны чалавекам ёсьць па-за целам, навонкі. Хто жа грашыць распустай, супроць свайго ўласнага цела грашыць.

Ці ня ведаеце, што целы вашы ё дом жывучага ў вас Сьвятога Духа, Каторага вы маеце ад Бога, і вы не свае?
 
Ці ж ня знаеце, што цела ваша — храмам, сьвятыняй Духа Сьвятога, каторы ў вас, а Каторага маеце ад Бога, ды што ўжо не належыце да самых сябе?

Бо вы купленыя цаною. Затым услаўляйце Бога ў целах сваіх.
 
Вы ж за вялікаю цану здабытыя. Дык хваліце Бога ў вашым целе!