1 да Карынфянаў 15 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Прыпамінаю вам, браты, Дабравесьць, каторую я абяшчаў вам, каторую вы й прынялі, у каторай стаіце,
Выясьняю вам, браты, Эвангелію, якую я вам раней вясьціў і якую вы прынялі дый у каторай трываеце,
Каторай і спасаецеся, калі дзяржыце моцна слова, каторае я абяшчаў вам, як Дабравесьць, хіба што надарма ўверылі.
і ёю здабудзіце збаўленьне, калі яе захаваеце (зьберажыцё) такою, якую вам вясьціў, інакш уверылі б вы надарма.
Бо я перш-наперш падаў вам, што й я прыняў, што Хрыстос памер за грахі нашы, подле Пісьмаў,
Перш перадаў я вам тое, што я прыняў, а гэта, што Хрыстус памёр за нашыя грахі — па Пісаньні,
І што Ён быў пахаваны, і што ўскрзс на трэйці дзень, подле Пісьмаў,
што быў пахаваны і што ўскрос трэцяга дня — па Пісаньні,
І што зьявіўся Кіфе, адлі двананцацём;
што з'явіўся Кэфасу, а затым Дванаццаці,
Адлі зьявіўся звыш пяцьсот братом адразу, з каторых бальшыня перабывае дагэтуль, але некатрыя й заснулі;
што пасьля з'явіўся больш за пяцьсот братам адначасна; большасьць з іх жыве дасюль, некаторыя паўміралі.
Потым зьявіўся Якаву, адлі ўсім апосталам.
Затым паказаўся Якубу, пазьней усім апосталам.
І, наапошку, як нейкаму ськіненаму, зьявіўся й імне.
Пры канцы, ужо па ўсіх — паказаўся таксама мне, як неданошанаму плоду.
Бо я найменшы з апосталаў і нягодны звацца апосталам, бо я перасьледаваў царкву Божую.
Бо я найменшы з усіх апосталаў і няварт называцца апосталам, бо я прасьледаваў Касьцёл Божы.
Але ласкаю Божаю я ё тое, што я ё; і ласка Ягоная ў імне ня была дарма, але я папрацаваў найпладней за ўсіх іх; ня я, адылі, але ласка Божая, што з імною.
Але з ласкі Бога яўляюся тым, кім ёсьць, ды дадзеная мне Ім ласка не была надарма. Наадварот, працаваў я больш ад іх усіх, не я, што праўда, але ласка Божая са мною.
Дык ці я, ці яны, мы так абяшчаем і так верым.
Дык ці я гэта, ці іншыя — так навучаем, каб вы паверылі.
Калі ж праз Хрыста абяшчаюць, што Ён ускрэс ізь мертвых, дык як некатрыя з памеж вас кажуць, што ўскрысеньня мертвых няма?
Калі аб Хрыстусе даказваецца, што Ён устаў з умёршых, дык чаму некаторыя спаміж вас цьвердзяць, што няма васрасеньня?
Калі няма ўскрысеньня мертвых, дык і Хрыстос ня ўскрэс.
Калі няма васкрасеньня, дык і Хрыстус не ўскрос.
А калі Хрыстос ня ўскрэс, тады запраўды й абяшчаньне наша пустое, пустая й вера нашая.
А калі Хрыстус не ўваскрос, пустым наша навучаньне, ды пустая таксама вашая вера.
Ды мы апынуліся б і хвальшывымі сьветкамі Бога, бо сьветчылі б праз Бога, што Ён ускрысіў Хрыста, Каторага Ён ня ўскрышаў, калі запраўды мертвыя ня ўскрысаюць;
І мы аказаліся б фальшывымі сьведкамі Бога, калі б памёршыя не васкрасалі б, мы сьведчылі б проціў Бога, што Ён не ўваскрасіў Хрыста.
Бо калі мертвыя ня ўскрысаюць, дык і Хрыстос ня ўскрэс;
Калі памёршыя не васкрасаюць, дык і Хрыстус не ўваскрос.
А калі Хрыстос ня ўскрэс, дык вера вашая бескарысная: вы яшчэ ў грахох сваіх;
А калі Хрыстус не ўваскрос — пустая вера вашая, і вы дасюль застаіцёся ў храмах сваіх.
Тады й тыя, што заснулі ў Хрысту, загінулі б.
Дык затым і тыя, што памярлі ў Хрысьце, пайшлі на загубу.
Калі толькі ў гэтым жыцьцю надзею маем у Хрысту, мы найняшчасьнейшыя з усіх людзёў.
Калі ў гэтым жыцьці надзеімся толькі на Хрыста, дык мы яўляемся найнешчасьлівейшымі з усіх людзей.
Вось жа, Хрыстос ускрэс ізь мертвых, пяршак із заснулых.
Аднак Хрыстус ускрос першы спасярод памёршых.
Бо як сьмерць перазь людзіну, перазь людзіну і ўскрысеньне зь мертвых;
Бо як праз чалавека прыйшла сьмерць, так праз Чалавека (Хрыста) і ўваскрасеньне.
Бо як ув Адаму ўсі паміраюць, так таксама ў Хрысту ўсі ажывуць.
Як у Адаме — усе ўміраюць, так у Хрысьце ўсё ажывуць,
Але кажны ў собскім парадку сваім: пяршак Хрыстос, потым Хрыстовыя ў часе прыходу Ягонага.
але кожны па сваёй чарзе: першы Хрыстус, затым тыя, што належаць да Хрыста, у час Ягонага прыйсьця.
Адлі канец, як Ён перадасьць гаспадарства Богу а Айцу, як скасуе ўсялякі ўрад і ўсялякую ўладу а магутнасьць;
Наастатак прыйдзе канец, калі перадасць Ён валаданьне (караляваньне) Богу і Айцу ды калі пераможа ўсякі прынцыпат, усякую ўладу ды моц.
Бо яму належыцца гаспадарстваваць, пакуль не пакладзець усіх непрыяцеляў пад ногі Свае.
Яму належыцца валадарыць аж пакуль не паложыць пад Свае ногі ўсіх Сваіх непрыяцеляў.
Апошні ж скасаваны непрыяцель — сьмерць,
Як апошні непрыяцель — будзе пераможа і сьмерць.
Бо ўсе паддаў пад ногі Ягоныя». Калі ж сказана, што ўсе паддана, дык ясна, што апрача таго, хто паддаў Яму ўсе.
Усё бо Ён кінуў пад ногі Свае. Калі кажацца, што ўсё падчынена, значыць гэта, што апроч Таго, хто Яму ўсё падчыніў.
Калі ж усе будзе паддана Яму, тады Сын і Сам паддасца Таму, хто паддаў усе Яму, каб Бог быў усе ў вусім.
А калі ўжо ўсё будзе Яму падчынена, затым і Сам Сын будзе падчынены Таму, Хто Сыну падчыніў усё, каб Бог быў усім для ўсіх.
Бо што ўчыняць тыя, што хрысьцяцца дзеля мертвых? Калі мертвыя ня ўскрысаюць сусім, дык нашто й хрысьціцца дзеля мертвых?
Бо што робяць тыя, што прымаюць хрост за памёршых, калі памёршыя зусім не ўваскрасаюць, дык нашто прымаюць хрост за іх?
Нашто ж і мы церпім небясьпечнасьць кажнае гадзіны?
Дык пашто і мы ставім сябе што хвіліну на небяспеку?
Я кажны дзень паміраю, подле пахвалы вашае, браты, каторую я маю ў Хрысту Ісусу, Спадару нашым.
Заручаю вас праз гонар, які я маю ў вас у Езусе Хрысьце, Госпаду нашым, што кожны дзень уміраю.
Калі гукаць палюдзку, як я змагаўся ізь зьверанятамі ў Ефэсе, што за карысьць імне, калі мертвыя ня ўскрысаюць? Ежма а піма, бо заўтра памрэм!
Калі толькі як чалавек у Эфэзе змагаўся з дзікімі зьвярамі, што мне з таго? Калі памёршыя не ўваскрасаюць — дык ежма і пійма, бо заўтра памром.
Ня дайцеся зводзіць: благія таварыствы псуюць добрыя звычаі.
Не абманывайце сябе! "Дзеля ліхіх (благіх) гутарак разбэшчаваюцца (бесьцяцца) добрыя звычаі".
Прачхніцеся запраўды і не грашыце, бо некатрыя ня маеце знацьця Бога. На сорам вам гэта кажу.
Ацьверазіцеся (ачухайцеся) як сьлед і перастаньце грашыць! Бо ёсьць сярод вас такія, што не прызнаюць Бога. Насорам вам — кажу гэта.
Але хто-колечы скажа: «Як ускрысаюць мертвыя і ў якім целе прыходзяць?»
Спытае нехта: А як памёршыя ўваскрасаюць? У якім пакажацца целе?
Неразумны; што ты сееш, не ажывець, калі не памрэць.
О, неразумны! Дык жа тое, што сееш, не аджыве, калі перш не абамрэ.
І што сееш, сееш ня цела будучае, але голае зярнё, можа пшонку альбо што іншае.
Тое, што сееш не яўляецца адразу целам, якім становіцца потым, але звычайным зернем, скажам пшанічным або якім другім.
Але Бог даець яму цела, як хоча, і кажнаму насеньню свае цела.
Бог дае яму такое цела, якое захацеў: кожнаму насеньню сваё.
Ня кажнае цела такое ж цела; але накшае цела ў людзёў, накшае ў зьверанят, накшае ў рыбы, накшае ў птушак.
Не ўсе целы аднолькавы: іншыя целы ў людзей, іншыя целы ў жывёлаў, а яшчэ іншыя ў птушак ды рыбы.
Ё целы нябёсныя і целы земныя, але накшая слава нябёсных, а накшая земных;
Целы ёсьць нябесныя і зямныя, але іншы блеск цел нябесных — іншы зямных.
Накшая слава сонца, і накшая слава месяца, і накшая слава гвездаў, бо гвязда ад гвязды розьніцца славаю.
Іншы блеск сонца, а іншы — месяца ды зорак. Адна зорка ад другой розьніцца яркасьцю.
Гэтак і ўскрысеньне зь мертвых: сеецца псавальнае, ускрэсьне непсавальнае;
Падобная справа з уваскрасеньнем умёршых. Сеецца тленнае (зьнішчальнае) — а ўстае (уваскрасае) нятленным (незьнішчальнае, несьмяротнае).
Сеецца ў няславе, паўстаець у славе; сеецца ў кволасьці, паўстаець у магутнасьці;
Сеецца спаганенае, спаніжанае, а ўстае, ускрэсне ў хвале. Сеецца кволае, а паўстае дужае.
Сеецца цела душэўнае, паўстане цела духоўнае. Ё цела душэўнае, ёсьць і цела духоўнае.
Сеецца цела змыслова — а паўстае цела ўдухоўлена. Калі ёсьць цела змыслова, ды ёсьць і цела ўдухоўлена.
Гэтак і напісана: «Першы чалавек Адам стаў душою жывучай, апошні Адам духам жыцьцё даючым».
Так вось і напісана: "Першы чалавек Адам — стаўся дыхоўным бытам, істотаю, жыючаю душою, а апошні Адам стаўся жыўляючым (жыватворчым) духам".
Але ня духоўнае ўперад, а душэўнае, адлі духоўнае.
Аднак перш было нетое, што духовае, але тое, што змысловае, духовае было потым.
Першая людзіна — ізь зямлі, земная; другая людзіна — зь неба.
Першы чалавек з зямлі — зямны, другі Чалавек — з неба.
Якоў тый земны, таковыя й земныя; і якоў тый нябёсны, таковыя й нябёсныя.
Які той зямны, такія і зямныя, Які Той нябесны, такія і нябесныя.
І як мы несьлі абраз земнага, так панясем і абраз нябёснага.
Дык як насілі мы від (вобраз) зямнога чалавека, так будзем насіць від (вобраз) нябеснага чалавека.
Але гэта кажу, браты, што целу а крыві ня можа спасьці гаспадарства Божае ані папсуцьцю спасьці непсавальнае.
Заручаю вас, браты, што цела і кроў ня могуць унаследаваць (атрымаць) валадарства Божага, ды тое, што знішчальнае ня можа мець спадчыны ў тым, незьнішчальнае.
Вось, кажу вам тайну: ня ўсі мы засьнем, але ўсі зьменімся,
Вось аб'яўляю вам тайну, не ўсе памром, але ўсе будзем пераменены.
Разам, якга, міг вока, на трубеньне апошняе; бо затрубе, і мертвыя ўскрэснуць непсавальнымі, а мы зьменімся;
Адразу, імгненна, на звук апошняй трубы — затрубіць труба — і паўстануць памёршыя нятленнымі дык мы будзем пераменены.
Бо псавальнаму належа адзецца ў непсавальнае, і сьмяротнаму — у несьмяротнае.
Бо трэба, каб тое, што зьнішчальна (трухлае) прыадзелася ў несьмяротнасьць.
Як жа псавальнае адзенецца ў непсавальнае, і сьмяротнае адзенецца ў несьмяротнае, тады ўжыцьцёвіцца слова напісанае: «Глынена сьмерць перамогаю».
А калі ўжо тое, што зьнішчальнае (трухлявае) пераадзенецца ў незнішчальнасьць, тады збудуцца напісаныя словы: "Перамога паканала (праглынула) сьмерць.
«Сьмерць! ідзе жыгала твае? пекла! ідзе перамога твая?»
Дзе твая сьмерць перамога? Дзе тваё, сьмерць, джыгала?
Жыгала ж сьмерці — грэх, а сіла грэху Закон.
Джыгалам сьмерці — грэх, а сілай граха — Закон.
Але дзякі Богу, Каторы даець нам перамогу пераз Спадара нашага Ісуса Хрыста.
Дзякуй Богу за тое, што пазволіў атрымаць перамогу праз Госпада нашага Езуса Хрыста.
Дык, браты мае любовыя, будзьце моцныя, непахісныя, збыткуйце ў працы Спадаровай заўсёды, ведаючы, што праца вашая не дарма ў Спадару.
Дзеля таго, браты мае, будзьце стойкімі і непахіснымі, заўсёды рупліва занятыя справай Госпада, помнячы, што труд ваш ня будзе пусты ў Бога.