1 да Карынфянаў 12 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Узглядам жа духоўных дароў, браты, не хачу, каб вы ня ведалі.
 
Хачу вас, браты, павучыць пра духоўныя дары.

Ведаеце, што, як вы былі пагане, дык хадзілі да бязмоўных балваноў, бы воджаныя.
 
Калі вы былі яшчэ паганамі, помніце, цягнула вас да нямых ідалаў (бажкоў).

Затым азнаймую вам, што ніхто, Духам Божым гукаючы, ня скажа: «Праклён на Ісуса!» і ніхто ня можа сказаць: «Спадар Ісус», хіба Духам Сьвятым.
 
Заручаю вас, што ніхто, хто гаворыць у Духу Сьвятым — не скажа: Анатэма — хай будзе Езус пракляты!" Ды хто ня можа сказаць "Госпад Езус". Хіба ён у Духу Сьвятым (толькі той, хто ў Духу Сьвятым).

Дары ж розныя, але Дух тый самы;
 
Розныя дары ласкі, але адзін той самы Дух.

І службы розныя, а Спадар тый самы;
 
Розныя ёсьць паслугаваньні, але той самы Госпад.

І дзеяньні розныя, а Бог тый самы, Каторы дзее ўсе ў вусіх.
 
Розныя таксама дзейнасьці (разьніцы ў дзейнасьці), але Той самы Бог, Тварэц усяго ўва ўсіх.

Але кажнаму даецца выяўленьне Духа на карысьць:
 
Кожнаму аб'яўляецца Дух для агульнага дабра:

Аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому слова веды, тым жа Духам;
 
Аднаму даецца Духам слова мудрасьці, другому даецца тым самым Духам слова (умеласьці, веда) пазнаваньня.

Іншаму вера, тым жа Духам; а іншаму дары ўздараўленьня, тым адным Духам;
 
Яшчэ іншаму даецца тым Духам ласка (дар) аздараўляньня.

А іншаму чыненьне магутнасьцяў, іншаму прароцтвы, іншаму адрозьненьне духоў, іншаму розныя мовы, іншаму зьясьненьне моваў.
 
Іншаму зноў даецца ласка — дар чыніць цуды, ды іншаму — дар праракаваньня, або ласку (дар) разпазнаваньне духаў, або дар моў, ды наастатак перакладаньне, тлумачэньне моваў.

Але ўсе гэта дзее адзін а тый самы Дух, удзяляючы апрычона кажнаму, подле замеру свайго.
 
Усё гэта спаўняе (выконвае) адзін і той самы Дух, даючы кожнаму па сваёй волі.

Бо як цела адно, але мае шмат чаланоў, і ўсі чаланы адно цела, хоць шмат, але адно цела, — так і Хрыстос.
 
Як адно цела мае многа членаў (частак), а ўсе члены хоць іх многа твораць (састаўляюць) адно цела — так і Хрыстус.

Бо запраўды адным Духам хрысьціліся ўсі мы ў вадно цела, ці то Жыды ці то Грэкі, ці то нявольнікі ці то вольнікі; і ўсім даны піць адзін Дух.
 
Мы ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно Цела, усе: ці то Юдэі, нявольнікі (рабы) ці свабодныя, усе напоены (напоўнены) адным Духам.

Бо запраўды цела не адзін чалон, але шмат.
 
А Цела складаецца не з аднаго члена, але з многіх.

Калі нага скажа: «Я ня часьць цела, бо я ня рука», дык нягож яна затым ня часьць цела?
 
Калі б нага сказала: "Я не належу целу, таму што я не рука" — няўжо яна таму і не належыць целу?

І калі вуха скажа: «Я ня вока, дык я ня часьць цела», дык нягож яно затым ня часьць цела?
 
Або калі вуха скажа: "Я не належу Целу, бо я ня вока?" Дык няўжо яно і не належыць да Цела?

Калі ўсе цела вока, дык ідзе чутасьць? Калі ўсе чутасьць, дык ідзе нюх?
 
Калі б ўсё Цела было вокам, дзе ж быў бы слух. А калі б усё Цела было б слух, дык дзе б тады нюх?

Але Бог расклаў чаланы, кажны зь іх у целе, як Ён зычыў.
 
Але Бог разьмясціў члены так, што кожны з іх у целе (састаўляець цела) — як Яму падабалася.

Калі б усі былі адзін чалон, дык ідзе цела?
 
А калі б усе былі адным членам, дык дзе ж тады цела?

Але цяпер чаланоў шмат, а цела адно.
 
Вось цяпер членаў многа (шмат), а Цела адно.

Ня можа вока сказаць руццэ: «Ты імне непатрэбняя»; альбо таксама галава нагам: «Вы імне непатрэбныя».
 
Ня можа вока сказаць руцэ: "Ты мне непатрэбная або галава нагам: "Вы мне не патрэбныя".

Наадварот, чаланы цела, што здаюцца слабшыя, шмат патрабнейшыя.
 
Наадварот, члены (часткі) Цела, каторыя кажацца слабейшымі, больш патрэбнымі.

А каторыя мы ўважаем за меней пачэсныя ў нашым целе, тыя акружаем большым збыткам, і нашы менш пачэсныя чаланы ў большым збытку прыгажосьць маюць;
 
Ды каторыя нам кажуцца менш пачэснымі ў целе, мы акружаем асаблівай пашанай (увагай), а тыя, што лічацца непрыстойнымі — ахоўваем іх з тым большай стараннасьцю,

А нашы прыгожыя таго не патрабуюць. Але Бог так сумерна ўладзіў цела, даючы чэсьць у большым збытку патрабуючым сьці,
 
каторыя не патрабуюць нашыя прыстойныя часткі цела. Так Бог уфармаваў наша цела, што прыдаў больш пашаны тым членам, каторым не хапала,

Каб ня было падзелу ў целе, але каб чаланы мелі тую самую рупнасьць адзін праз аднаго.
 
каб не было ў целе раздзяленьня (разладу), але каб паасобныя члены рупіліся аб сябе сумесна.

І калі адзін чалон церпе, усі чаланы церпяць ізь ім; і калі адзін чалон славіцца, усі чаланы цешацца зь ім.
 
Такім чынам, калі цярпіць адзін член, спаўцярпяць усе іншыя члены. Падобна, калі аднаму члену аказваецца пашана, радуюцца сумесна ўсе члены.

І вы — цела Хрыстова, а паасобку — чаланы.
 
Таму вы — Целам Хрыстовым і паасобнымі членамі.

А іншых Бог пастанавіў у царкве, першае — апосталаў, другое — прарокаў, трэйцяе — вучыцеляў; адлі магутнасьці, тады дары ўздараўляньня, памогі, раджаньня, розныя мовы.
 
Затым Бог устнавіў у Касьцёле найпер апосталаў, далей прарокаў, па трэцяе настаўнікаў (прапаведнікаў), пасьля тых, што маюць дар чыненьня цудаў, дар лячэньня, дар успамогі, валаданьня, дар моў усякіх.

Ці ўсі апосталы? ці ўсі прарокі? ці ўсі вучыцелі? ці ўсі магутнасьці?
 
А ці ўсе Апосталамі? Ці ўсе прарокамі? Ці ўсе настаўнікамі? Ці ўсе цудатворцамі?

Ці ўсі маюць дары ўздараўленьня? ці ўсі гукаюць мовамі? ці ўсі зьясьняюць?
 
Ці ўсе маюць дар аздараўляньня? Ці ўсе моваведы? Ці ўсе перакладчыкамі?

Але жадайце горача дароў большых; і яшчэ вышшыя дарогі пакажу вам.
 
Дабівайцеся вялікшых харызматаў — дароў, а я вам пакажу дасканалейшы шлях (дарогу).