1 да Карынфянаў 7 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Што ж да тога, праз што вы пісалі, дык добра чалавеку не датыкацца жонкі.
 
Адносна тога, што вы пісалі — добра чалавеку жанчыны не чапаць (не вязацца).

Але, каб усьцерагчыся бязулства, кажны май собскую жонку сваю, і кажная май собскага мужа свайго.
 
Але з увагі на распусту: кожны хай мае сваю жонку і жонка кожная хай мае свайго мужа.

Муж няхай аддаець належнае жонцы, падобна жонка мужу.
 
Хай муж аддае належнасьць жонцы, падобна і жонка мужу.

Жонка ня мае ўлады над целам сваім, але муж; падобна й муж ня мае ўлады над целам сваім, але жонка.
 
Жонка ня мае ўлады над сваім целам, але муж. Падобна і муж ня мае ўлады над сваім целам, але жонка.

Не спабывайце адно аднаго, хіба із згоды, на якісь час, каб пасьвяціцца да посту а малітвы, і ўзноў будзьце разам, каб шайтан не спакушаў вас зь нястачы самавалоданьня вашага.
 
Не ўхіляйцеся адно ад другога, хіба толькі з узаемнай згоды, да часу, каб пасьвяціцца малітве; потым зноў сыходзьцеся разам, каб шатан не спакушаў вас праз непаўстрыманасьць вашую.

Кажу гэта, адылі, як дазвол, не як расказаньне.
 
Гэта раю (раджу) праз выразумеласьць (паблажлівасьць), а не па загаду (як загад).

Бо зычу, каб усі людзі былі, нават як я; але кажны мае свой дар ад Бога, адзін гэтак, другі гэнак.
 
Хацеў я, каб усе людзі жылі (былі) як я, але кожны мае свой дар ад Бога: адзін так, другі інакш.

Нежанатым жа і ўдовам кажу: добра ім, калі б засталіся, як я.
 
Нежанатым і ўдовам кажу: "Добра ім заставацца так, як я".

Але калі ня могуць валодаваць самы сабою, няхай жэняцца; бо валей жаніцца, чымся распаляцца.
 
Калі б не маглі паўстрымацца, хай жэняцца, бо лепш ажаніцца, чым гарэць страсьцю.

А тым, што пабяруцца, ня я расказую, але Спадар: жонцы не разлучацца з мужам;
 
Тым, што жывуць у сужэнстве (жанімстве), загадваю не я, але Госпад, каб жонка не адлучалася ад мужа.

А калі разлучыцца, дык мае заставацца незамужняй або пагадзіцца з мужам сваім, і мужу не пакідаць жонкі.
 
Калі б аднак разлучыліся б (развяліся б), хай застаецца незамужняй, або хай пагодзіцца з мужам. Таксама і муж хай неадпраўляе жонкі.

Іншым жа я кажу, а не Спадар: калі які брат мае жонку няверніцу, і яна згодная жыць ізь ім, няхай не пакідае яе;
 
Іншыя жа кажу я, а ня Госпад: калі хто з братоў мае жонку нехрысьціянку і яна згаджаецца жыць з ім, дык хай неадпраўляе яе.

І жонка, што мае мужа няверніка, і ён згодны жыць ізь ёю, няхай не пакідае яго;
 
Таксама і жонка, маючая неверучага (нехрысьц'яніна) мужа, калі ён згаджаецца жыць з ёю, хай не адпраўляе яго.

Бо нявернік муж усьвячаецца жонкаю верніцаю, і жонка няверніца ўсьвячаецца мужам вернікам. Накш дзеці вашыя былі б нячыстыя, а цяпер сьвятыя.
 
Бач, няверучы муж пасьвячаецца ў жонцы, а няверучая (нехрысьц'янка) жонка пасьвячаецца ў няверучым мужу. Інакш вашыя дзеці былі б нечыстымі, а цяпер — сьвятыя.

Калі ж нявернік хоча разлучыцца, хай разлучаецца; брат або сястра ў такіх прылучаёх не прыняволены, бо Бог пагукаў нас да супакою.
 
А калі неверучы хоча адыйсьці — хай адыходзіць. Брат або сястра ў гэткіх выпадках не зьвязаны. Да згоды паклікаў нас Госпад.

Скуль ведаеш ты, жонка, ці не спасеш мужа? Або скуль ведаеш ты, мужу, ці не спасеш жонкі?
 
Скуль, дарэчы, можам ведаць, жана, што збавіш свайго мужа? Або скуль ведаеш, муж, што збавіш сваю жонку?

Толькі кажны рабі так, як Бог яму прызначыў, і кажны, як Спадар пагукаў. Гэтак я загадую па ўсіх цэрквах.
 
Дарэчы, хай кожны паступае так, як Госпад яму рашыў, дый да чаго паклікаў. Гэтак я вучу ва ўсіх касьцёлах.

Калі хто пагуканы абрэзаным, не хавайся; калі хто пагуканы неабрэзаным, не абразайся.
 
Калі хто пакліканы як абразаны — хай не скрывае абразаньня! А калі хто пакліканы (да веры) як неабразаны — хай не прымае абразаньня.

Абразаньне нішто і неабразаньне нішто, але дзяржаньне расказаньняў Божых.
 
Неважна абразаньне і неабразаньне — а важна спаўняць прыказаньні Божыя.

Хай кажны застаецца ў тым пагуканьню, у каторым пагуканы.
 
Дык хай кожны застаецца ў такім стане, у якім быў пакліканы.

Калі нявольнікам ты пагуканы, не парушайся гэтым; але калі можаш стаць вольным, дык валей карыстай з гэтага.
 
Быў ты пакліканы як нявольнік? Не перажывай! А калі можаш стацца вольным — скарыстай канешна!

Бо нявольнік, пагуканы ў Спадару, завецца вольнік Спадароў; аднолькава й пагуканы вольным завецца нявольнік Хрыстоў.
 
Бо хто быў пакліканы ў Госпаду як нявольнік — ёсьць вызваленцам Госпадавым. Падобна і той, хто быў пакліканы як вольны, стаецца нявольнікам, слугою Хрыстовым.

Вы куплены цаною; ня будзьце нявольнікамі людзкімі.
 
Вялікаю цаною здабытыя вы! Дык нябудзьце вы нявольнікамі людзей.

Браты, няхай кажны, якім пагуканы, такім заставайся перад Богам.
 
Браты, дык хай кожны трывае ў Богу ў такім стане, у якім быў пакліканы.

Узглядам дзявоцтва я ня маю расказаньня Спадаровага, але даю раду, як тый, катораму зь міласэрдзя Свайго даў Спадар быць верным.
 
Што да дзявоцтва загаду Госпада ня маю, але даю параду як той, хто з ласкі Божай дастойны веры.

Я дапушчаю, што добра дзеля цяперашняе патрэбы, значыцца, добра чалавеку застацца так, як ён ёсьць.
 
Па надыходзяй падрэбе (муствасьці) за лепшае лічу, што добра так заставацца жыць чалавеку.

Злучаны ты із жонкаю? ня шукай вывальненьня. Вывальнены ад жонкі, ня шукай жонкі.
 
Калі ты жанаты, не думай разводзіцца! Калі свабодны, вольны? — не шукай жонкі.

Калі, адылі, ажэнішся, ня ізгрэшыш; і калі дзеўка выйдзе замуж, ня ізгрэша. Але таковыя будуць мець атугу ў целе; а я вас жалею.
 
Калі ажэнішся — не саграшыш. Падобна і дзяўчына, калі ідзе замуж — не грашыць. Такія аднак будуць мець клопат з целам, я хацеў бы ашчадзіць (вас ад яго ўхаваць).

Але гэта я вам кажу, браты: час засталы скарочаны, каб маючыя жонкі былі як ня маючыя;
 
Кажу, браты, — час кароткі! Дык трэба, каб тыя, што маюць жонкі — жылі як нямаючыя,

І тыя, што плачуць, як ня плачучыя; і тыя, што цешацца, як тыя, што пя цешацца; і купляючыя, як не дзяржачыя;
 
а тыя, што плачуць — быццам ня плакалі, а тыя, што цешацца — як бы ня цешыліся. Тыя, што купляюць — быццам ня мелі.

І тыя, што ўжываюць сьвету гэтага, як ненадужываючыя; бо мінае абраз сьвету гэтага.
 
Тыя, што ўжыткуюцца (карыстаюць) гэтым сьветам — як бы неўжыткаваліся. Бо зьменяецца, праходзіць вобраз гэтага сьвету!

А я зычу, каб вы былі бяз клопату. Нежанаты рупіцца праз справы Спадаровы, як падабацца Спадару;
 
Хацеў бы, каб вы былі бяз клопату (перажываньняў). Чалавек нежанаты рупіцца пра справы Госпада, як падабацца Госпаду.

А жанаты рупіцца праз справы сьвету, як падабацца жонцы.
 
А хто жанаты — клапоціцца прак сьвецкія справы і як падабацца жонцы. Таму бывае разгублены.

Ё розьніца памеж замужкі й дзеўкі; незамужняя рупіцца праз справы Спадаровы, каб быць сьвятой целам і духам; а замужняя рупіцца праз справы сьвету, як падабацца мужу свайму.
 
Падобна і жанчына і незамужняя і дзяўчына рупіцца пра справы Госпадавы, каб была сьвятой і целам і духам. Якая замужам клапоціцца пра сьвецкія справы, ды як падабацца мужу.

Кажу гэта дзеля вашае ж карысьці, не каб зрабіць абмежаньне вам, але дзеля таго, што гэта належа і каб служылі Спадару без адхінаньня.
 
Кажу гэта на вашу карысьць, а не каб паставіць вам пастку, але каб вы дастойна і безперапынна стаялі пры Госпаду.

Але калі хто ўважае, што ня лець дзеўцы ягонай, каб яна, будучы ў цьвеце, заставалася так, дык няхай робе, што хоця, — ня ізгэша; хай выходзяць замуж.
 
Калі хто аднак лічыць за неслаўнае адносна дзяўчыны, што яна пастарэлася ды ён перакананы, што павінен так паступіць — хай робіць, як хоча гэтым не грашыць, хай выходзіць замуж.

Але хто стаіць цьверда ў сэрцу сваім, ня прысілены патрэбаю, але, маючы ўладу над воляю сваёй, пастанавіў у сэрцу сваім дзяржаць яе дзеўкаю, тый добра робе.
 
А калі хто ў сэрцы рашыўся, не спрымусу, але з вольнай волі, наважыўся ў сваім сэрцы захаваць у чыстасьці сваю дзяўчыну — добра робіць.

Затым, хто выдаець замуж дзеўку сваю, добра робе; а хто не выдаець, робе ляпей.
 
Таму хто аддае замуж сваю дзяўчыну правільна паступае, а хто не аддае замуж — яшчэ лепш робіць.

Жонка зьвязана, пакуль жывы муж; калі ж муж ейны памрэць, вольная выйсьці за каго хоча, адно ў Спадару.
 
Жонка зьвязана законам пакуль яе муж жыве, а як муж памрэ — можа выйсьці за каго захоча, толькі па Госпадаваму (Божаму).

Але яна шчасьліўшая, калі застанецца так, подле пагляду майго; а, думаю, і я маю Духа Божага.
 
Шчасьлівейшая аднак будзе, па маёй парадзе, калі застанецца так, як ёсьць. Думаю, што я таксама маю духа Божага.