Марка 12 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І пачаў гукаць ім прыпавесьцьмі: «Якісь чалавек засадзіў вінішча, і агарадзіў яго агарожаю, і выкапаў таўчэльню, і пастанавіў вежу, і аддаў яго ў ранду вінаром, і ад’ехаў.
 
І пачаў Езус навучаць іх у прыповесьцях: "Адзін чалавек аснаваў вінаграднік, загарадзіў яго плотам, выкапаў прасу (ціскала), збудаваў вежу, і наняў вінаградараў і выехаў у сьвет.

І ў пару паслаў да вінароў слугу, каб адзяржаць ад вінароў плады зь вінішча.
 
У свой час паслаў ён слугу да вінаградараў атрымаць частку сваіх пладоў вінаградніка.

А яны, узяўшы, зьбілі й адаслалі бязь нічога.
 
Яны схапілі яго, зьбілі ды адправілі з пустым.

І ўзноў паслаў да іх другога слугу; і таго каменьням ранілі ў галаву, і адаслалі асарамочанага.
 
І зноў выправіў да іх іншага слугу, а яны і тому пабілі галаву і зьняважылі.

І ўзноў паслаў іншага; і таго забілі, і шмат іншых, адных б’ючы, а другіх забіваючы.
 
Ён паслаў яшчэ аднаго, але яго забілі і многіх іншых, з каторых адных то прыбілі (пакалечылі), то пазабівалі.

Маючы ж яшчэ адзінага сына, любовага свайго, паслаў таксама яго да іх, кажучы: "Усьцяць сына майго".
 
Дык маючы яшчэ адзінага, умілавагана Сына і гэтага наканец паслаў, думаючы, што ўшануюць сына майго.

Але тыя вінарове сказалі мяжсобку: "Гэта спадкаемца; пайдзіма, забіма яго, і спадак будзе нашы».
 
Але вінаградары гаварылі між сабой: Ён спадкаемцам, пойдзем, заб'ём яго і нашаю будзе спадчына.

І ўзялі яго, і забілі, і выкінулі зь вінішча.
 
Ды схапіўшы яго і забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік.

Дык што зробе гаспадар вінішча? Прыйдзе, і выгубе вінароў, і аддасьць вінішча іншым.
 
Ды што зробіць гаспадар вінаградніка? Ён прыйдзе, выгубіць вінаградараў, а вінаграднік аддасьць іншым".

Ці ня чыталі вы гэтага ў Пісьме: Камень, што адкінулі будаўнічыя, стаў галавою вугла;
 
Няўжо вы не чыталі, што напісана ў сьв. Пісаньні: "Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавой вугла (каменем вуглавым).

Гэта сталася ад Спадара, і дзіўна ў вачох нашых"?»
 
Гэта дапушчана Госпадам ды ёсьць дзіўным у нашых вачах" (Пс. 117:22−23).

І шукалі прыгоды няць Яго, бо ведалі, што Ён празь іх сказаў прыпавесьць, але баяліся груду. І пакінуўшы Яго, адыйшлі.
 
Яны намагаліся Яго схваціць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што проціў іх гаварыў гэту прыповесьць. Дык пакінуўшы Яго — удаліліся.

І яны паслалі да Яго некатрых із фарысэяў а гіродзян, каб злавіць Яго ў слове.
 
Затым падаслалі да яго фарызэяў і гэрад'янаў, каб падхваціць Яго на словах (мове).

Яны ж, прышоўшы, кажуць Яму: «Вучыцелю, мы ведаем, што Ты праўдзівы, і не азіраешся на нікога, бо не глядзіш на асобу людзкую, але дарогі Божае вучыш праўдзіва. Дазволена даваць падачкі цэсару, ці не?
 
Вось яны падыйшоўшы спыталіся ў Яго: "Вучыцелю, што Ты справядлівы і не аглядаешся на асобу, і нікому не патураеш, але дарогі Божай па праўдзе навучаеш: Ці належыцца плаціць падатак Цэзару, ці не? Даваць ці не даваць дань?"

Маем мы даваць, ці не даваць?» Але Ён, ведаючы двудушнасьць іхную, кажа ім: «Чаму прабуеце Мяне? Прынясіце Імне дынар, каб Я бачыў яго».
 
А Ён знаючы іхнюю крывадушнасьць, сказаў ім: "Чаму мне зводзіце, спакушаеце? Прынясіце Мне дынара, каб яго пабачыць".

І прынесьлі. А Ён кажа ім: «Чый гэта абраз а напіс?» Яны сказалі Яму: «Цэсаравы».
 
Дык прынясьлі Яму дэнар. Езус сказаў ім: "Чый гэта адмалюнак і надпісь?" Кажаць Яму: "Цэзараў".

І, адказуючы, Ісус сказаў ім: «Цэсарава аддавайце цэсару, а Божае Богу». І дзівіліся зь Яго.
 
Дык у адказ сказаў ім Езус: "Што Цэзара — аддайце Цэзару, а што Божае — Богу". Усе падзіўлялі Яго.

Тады прышлі да Яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўскрысеньня, і пыталіся ў Яго, кажучы:
 
Затым прыходзяць да Езуса садуцэі. Яны вучаць, што няма ўваскрасеньня целаў. Яны пыталі ў Яго:

«Вучыцелю! Масей напісаў нам: "Калі чый брат памрэць і пакіне жонку, але не пакіне дзіцяці, гэты брат ягоны мае ўзяць жонку ягоную і даць насеньне брату свайму".
 
"Вучыцелю, Майсей напісаў нам: Калі памрэ нечый брат і пакіне жонку, ня маючы дзяцей, дык хай ягоны брат возьме яе за жонку і пакіне патомства брату свайму (Паўт. 25:5).

І было сямёх братоў: і першы ўзяў жонку, і, паміраючы, не пакінуў насеньня.
 
Было вось сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакідаючы патомства.

І другі ўзяў яе, і памер, і ён не пакінуў насеньня, таксама й трэйці.
 
І другі ўзяў яе за жонку, і той памёр. І ён не пакінуў патомства. Падобна і трэці.

І сямёх мела яе, і не пакінулі насеньня. Просьле ўсіх памерла й жонка.
 
Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі патомства. Наканец па ўсіх і жанчына памярла.

Дык у ўскрысеньню, як ускрэснуць, чыёй зь іх будзе яна жонкаю? Бо сямёх мелі яе за жонку».
 
Дык у васкрасеньні, калі ўваскрэснуць з умёршых, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо семёх іх мела яе за жонку?"

І Ісус, адказуючы, сказаў ім: «Ці затым вы мыляецеся, што ня знаеце Пісьмаў ані моцы Божае?
 
А Езус у адказ выясьніў ім: "Ці ж не таму блудзеце, што не разумееце сьв. Пісаньня ані моцы Божай?

Бо як ускрэснуць ізь мертвых, ня будуць жаніцца ані выходзіць замуж, але будуць як ангілы на нябёсах.
 
Бо калі ўстануць з умёршых, дык ня будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.

А што да мертвых, што яны ўскрэснуць, ці ня чыталі вы ў кнізе Масеявай, у кусьце, як Бог казаў яму, кажучы: "Я Бог Абрагамоў а Бог Ісакоў а Бог Якаваў"?
 
Ці ў кнізе Майсея не чыталі аб памёршых, што ўскрэснуць, аб кусьце, як Бог прамаўляў да яго: "Я Бог Абрагама і Бог Ізааака і Бог Якуба" (Вых 3:2−6)

Ня ё Бог мертвых, але жывых. Дык вы вельма мыляецеся».
 
Бог ня ёсьць Богам памёршых, але жывых. Таму вы на гэта блудзіце (памыляецеся).

І дабліжыўся адзін із кніжнікаў, чуючы сьпярэчку іхную, і пераканаўшыся, што Ён адказаў ім вельмі добра, папытаўся ў яго: «Каторае расказаньне першае з усіх?»
 
Раз вучоны па сьв. Пісаньню, каторы чуў іх, як дыскутавалі ды быў сьвядомы, што добра ім Езус адказаў, падыйшоў да Езуса і спытаўся ў Яго, каторае прыказаньне з усіх першае.

І Ісус адказаў яму: «Першае з усіх расказаньне: "Слухай Ізраелю! Спадар Бог наш ё Спадар адзін;
 
А Езус адказаў яму: "Першае з усіх прыказаньняў такое: Слухай Ізраелю, Госпад Бог Твой — адзіны Бог.

І любі Спадара Бога свайго з усяго сэрца свайго, і з усяе душы свае, і з усяе думкі свае, і з усяе моцы свае". Гэта першае расказаньне!
 
Мілуй Госпада Бога Твайго ўсім сэрцам сваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі сваімі".

А другое падобнае да гэтага: "Любі прыяцеля свайго, як самога сябе". Няма іншага расказаньня большага за гэтыя».
 
Другое такое: "Любі бліжняга свайго як самога сябе. Большага над гэтых прыказаньняў няма".

І кніжнік сказаў Яму: «Добра, Вучыцелю! Ты сказаў праўду, бо адзін ё Бог, нямаш іншага, апрача Яго;
 
Тады сказаў Яму кніжнік (вучоны па Пісаньню): "Добра, Вучыцелю! Праўду сказаў, што Бог адзін ды няма іншага апрача Яго.

І любіць Яго з усяго сэрца, і з усяго розуму, і з усяе душы, і з усяе моцы, і любіць прыяцеля, як самога сябе, ё балей чымся ўсі ўсепаленьні а аброкі».
 
А мілаваць Яго ўсім сэрцам, усім розумам, усёю душой ды ўсімі сіламі дый любіць бліжняга як самога сябе большае мае значэньне (важнасьць) чым усе целапаленьні і ахвяры".

І Ісус, бачачы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад гаспадарства Божага». І ніхто просьле гэтага ня сьмеў пытацца ў Яго.
 
Езус жа бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: "Недалёка ты ад каралеўства Божага". І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.

І Ісус, адказуючы, сказаў, як вучыў у сьвятыні: «Як гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос ё сын Давідаў?
 
Вучачы ў сьвятыні — Езус даказваў: "Як жа кніжнікі вучаць, што Хрыстус ёсьць сынам Давіда?

Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: "СПАДАР сказаў Спадару майму: сядзі па правіцы Маёй, пакуль Я зраблю непрыяцеляў Тваіх казулькаю пад ногі Твае".
 
Сам жа Давід сказаў праз Духа Сьвятога: Сказаў Госпад Госпаду майму сядзь з правага боку Майго, пакуль не палажу непрыяцеляў тваіх у падножжа ног Тваіх (Пс. 109:1).

Дык Давід сам кажа Яму "Спадар": як жа Ён сын ягоны?» І вялікі груд ахвотна Яго слухаў.
 
Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа ён Сынам яго?"І вялізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.

І казаў ім у навуццы Сваёй: «Уважайце на кніжнікаў, што любяць хадзіць у даўгім адзецьцю, і здарованьні на таргох,
 
У сваёй навуцы казаў Езус ім: "Высьцерагайцеся кніжнікаў (вучоных па Пісаньню), каторыя ахвотна ходзяць у даўгіх шатах, любяць прывітаньні на рынку.

І першыя седавы ў бажніцах, і першыя месцы на вячэрах;
 
На сабраньнях на ўзвышшах у сынагогах ды на першых мясцах на балях.

Што зьядаюць дамы ўдоваў ды пад прыклепам даўгіх малітваў. Гэтыя адзяржаць цяжшае засуджэньне».
 
Яны аб'ядаюць дамы ўдоў пад відам доўгіх маленьняў. Чакае іх строгі прысуд.

І Ісус сеў супроці скарбонкі, і глядзеў, як людзі кідалі медзякі ў скарбонку. І шмат хто багаты кідаў шмат.
 
Аднойчы Езус седзячы напроціў скарбонкі глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі многа (шчодра).

І прышла адна бедная ўдава, і ўкінула два пенязі, што складаюць шэляг.
 
А калі прыйшла адна ўбогая ўдава і кінула дзьве дробныя манэты, значыць грошык.

Пагука ўшы вучанікаў Сваіх, сказаў ім: «Запраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула балей, чымся ўсі, што кідалі ў скарбонку;
 
Затым Езус пазваўшы Сваіх вучняў, сказаў ім: "Сапраўды кажу вам, што гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе ўкідаючыя ў скарбонку.

Бо ўсі кідалі з дастатку свайго, але яна зь нястачы свае ўкінула ўсе, што мела, усе, што мела на жыцьцё свае».
 
Бо ўсе кідалі лішніцу, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела ўкінула, усё сваё ўтрыманьне".