Марка 5 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І прыбылі на другі бок мора да краіны Ґадарынскае.
 
Пераплылі на другі бераг мора ў край Гэразэнаў.

І, як вышаў Ён із струга, якга пераняў Яго вышлы з грабоў чалавек ізь нячыстым духам.
 
А калі выходзіў Езус з лодкі, раптам з грабоў напроціў Яго выбег чалавек апанаваны нячыстым духам.

Ён жыў меж грабоў, і ніхто ланцугом ня мог зьвязаць яго;
 
Ён пражываў у грабох і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.

Бо шмат разоў ён быў скаваны зялезамі а ланцугамі, але разрываў ланцугі і ламіў зялезы; і ніхто ня меў сілы ўслышыць яго.
 
Бо зьвязаны і аковамі і ланцугамі рваў часта ланцугі і разьбіваў аковы. Ды ніхто ня мог яго адалець.

Заўсёды, ночы і ўдзень, памеж грабоў і ў гарах ён крычэў а рэзаўся каменьням.
 
Ён заўсёды днём і ноччу ў грабах і горах крычаў ды біў сябе каменямі.

Абачыўшы ж Ісуса здалеку, прыбег і пакланіўся Яму.
 
Здалёк убачыўшы Езуса прыбег і пакланіўся Яму,

І, закрычэўшы вялікім голасам, сказаў: «Што Табе й імне, Ісусе, Сыну Бога Навышняга? Заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!»
 
крычучы моцным голасам: "Што Табе да мяне Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Запрысягаю на Бога, каб мяне ня мучыў".

(Бо Ён сказаў яму: «Выйдзі, душа нячыстая, з гэтага чалавека»).
 
Бо Езус загадаў яму: "Выйдзі, духу нячысты, з чалавека".

І пытаўся ў яго: «Што за імя твае?» І сказаў Яму: «Легіён імя мае, бо нас шмат».
 
Пытаў яго: "Якое тваё імя?" Ён сказаў: "Маё імя легіён, бо нас многа.

І вельмі прасілі Яго, каб не высылаў іх вон із краіны гэтае.
 
Ды прасіў яго вельмі, каб не выганяў яго з гэтага краю.

Пасьцілася ж там ля гары вялікая чарада сьвіньняў.
 
А там на гарах пасьвілася дужа вялікае стада вяпрукоў.

І малілі Яго ўсі нячысьцікі, кажучы: «Пашлі нас у сьвіньне, каб нам увыйсьці ў іх».
 
Прасілі Яго ўсе нячыстыя духі: "Пусьці нас у вяпрукоў, каб маглі мы ў іх увайсьці".

І Ісус зараз дазволіў ім. І нячыстыя духі, вышаўшы, увыйшлі ў сьвіньне; і рынулася чарада із стромы ў мора, а іх было каля дзьвюх тысячаў; і заліліся ў мору.
 
І пазволіў ім Езус. Дык выйшаўшы духі нячыстыя ўвайшлі ў вяпрукоў. А блізу двухтысячнае стада з вялікім разгонам з касагору ўвалілася ў мора і патанула.

А тыя, што пасьцілі сьвіньне, уцяклі й наказалі ў месьце а ў палёх. І вышлі паглядзець, што было, што сталася.
 
Тыя ж, што яго пасьвілі, паўцікалі і разьнесьлі гэта па горадзе і вёсках. Дык прыйшлі паглядзець, што здарылася.

І прыходзяць да Ісуса, і бачаць таго, што быў апанаваны нячысьцікам, і ў каторым быў легіён, сядзіць і адзеўшыся, і мае добры розум; і спалохаліся.
 
Затым прыйшлі да Езуса, ды бачачы таго, што быў апанаваны ліхім, як ён сядзеў адзетым ды ўжо здаровым; тога, што быў апанаваны легіёнам — спалохаліся.

Вочнікі паведамілі ім праз тое, як гэта сталася з апанаваным нячысьцікамі, і празь сьвіньне.
 
А тыя, што відзелі расказалі ім, што сталася з ім, маючым дэмана і аб вяпрукох.

І пачалі маліць Яго адыйсьці ад граніцаў іхных.
 
Дык прасілі яны Езуса, каб адыйшоўся ад іх граніцаў.

І як Ён увыйшоў у струг, прасіў Яго тый, што быў апанаваны нячысьцікам, каб быць ізь Ім.
 
А калі Езус уваходзіў у лодку — пачаў яго прасіць апанаваны ліхім, каб мог ён застацца пры Ім.

Але Ісус не дазволіў яму, але сказаў яму: «Ідзі двору да сваіх і агаласі ім, якія вялікія рэчы Спадар учыніў табе і зьмілава ўся над табою».
 
Але Езус не прыняў яго і загадаў яму: "Ідзі да свайго дому і да сваіх людзей, і раскажы ім, што ўчыніў Госпад з табою і як пашкадаваў цябе.

І пайшоў, і пачаў абяшчаць у Дзесяцімесьцю, якія вялікія рэчы Ісус учыніў яму. І ўсі дзіваваліся.
 
І ён пайшоў і пачаў разьвяшчаць у Дэкаполю, як вялікія (справы) рэчы ўчыніў яму Езус. А ўсе дзівіліся.

І як Ісус ізноў пераплыў у струзе на другі бок, вялікі груд зьберся да Яго; а Ён быў ля мора.
 
А калі пераправіўся Езус зноў у лодцы на другі бераг, сыйшлася да Яго вялікая грамада, а Ён быў каля мора.

І вось, прыходзе адзін із старшых бажніцы, імям Яір, і, абачыўшы Яго, падае да ног Ягоных,
 
Прыбыў з імі адзін начальнік сынагогі імем Яір, убачыўшы Езуса ўпаў яму ля ног

І моле Яго, кажучы: «Дачушка мая канае; прыйдзі а ўзлажы на яе рукі, каб яна ачуняла й засталася жывая».
 
і надта прасіў Яго кажучы: "Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі на яе сваю руку, каб паздаравела і жыла".

І Ісус пайшоў ізь Ім. І вялікі груд пайшоў за Ім, і ціснуліся да Яго.
 
І Езус пайшоў за ім, а вялізарная грамада ішла за Ім, і націскала на Яго.

І адна жонка, што мела крываток двананцаць год,
 
А адна жанчына, хворая на цячэньне крыві ад дванаццаці гадоў.

І шмат нацерпілася ад шмат якіх лекараў, высілілася з усяго, што мела, і не палепшала, але пагоршала.
 
Яна шмат нацярпелася ад усякіх лекараў і ўсю сваю маёмасьць выдала, але нічога ёй не памаглі, але яшчэ горш чулася.

Пачуўшы празь Ісуса, падышла адзаду ў грудзе й даткнулася да адзецьця Ягонага;
 
Калі яна пачула пра Езуса, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася ягонага адзеньня.

Бо казала: «Калі хоць да адзецьця Ягонага даткнуся, то ачуняю».
 
Бо яна казала: "Калі толькі дакрануся Яго адзеньня, паздаравею".

І якга высахла ў яе жарало крыві ейнае, і яна пазнала ў целе, што ўздароўлена ад хваробы.
 
І зараз засохла крывавая рана і адчула на целе, што паздаравела ад цярпеньня.

І якга Ісус, пазнаўшы ў сабе, што вышла зь Яго моц, абярнуўшыся да груду, сказаў: «Хто даткнуўся да адзецьця Майго?».
 
Езус адрузу адчуў, што моц, што ў Ім была, выйшла на вонкі. Дык зьвярнуўшыся да грамады, спытаўся: "Хто дакрануўся адзеньня майго?"

І сказалі Яму вучанікі Ягоныя: «Ты бачыш, што груд цісьне Цябе, і кажаш: "Хто даткнуўся да Мяне?"
 
Вучні Ягоны казалі Яму: "Відзіш, як грамада цісьнецца , а пытаеш: Хто дакрануўся да мяне?"

Але Ён глядзеў навокал, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
 
Ды Езус зірнуў кругом, каб пабачыць тую, каторая дакранулася.

Жонка ў ляку а дрыгоце, ведаючы, што зь ёю сталася, падышла, і пала перад Ім, і сказала ўсю праўду.
 
Жанчына ж баючыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і прызналася, сказала ўсю праўду.

Ён жа сказаў ёй: «Дачка! вера твая ўздаравіла цябе; ідзі ў супакою й будзь здаровая ад хваробы свае».
 
А Езус сказаў ёй: "Дочка! Твая вера аздаравіла цябе. Ідзі ў супакою, будзь аздароўленай ад сваёй хваробы".

Як Ён яшчэ казаў гэта, прыходзяць ад начэльніка бажніцы й кажуць: «Дачка твая памерла; нашто парушаеш вучыцеля?»
 
Калі яшчэ Езус гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: "Дачка твая памярла, пашто яшчэ затрудняць Вучыцеля?"

Але, як толькі Ісус пачуў гэтае слова, кажа начэльніку бажніцы: «Ня бойся, толькі вер».
 
Езус жа пачуўшы слова сказана, адазваўся да начальніка сынагогі: "Не бойся, толькі мей веру".

І не дазволіў нікому йсьці із Сабою, апрача Пётры, Якава а Яана, брата Якававага.
 
І не пазволіў нікому ісьці за Ім, адно Пятру, Якубу і брату ягонаму: Яну.

Прыходзяць да дому начэльніка бажніцы, і бача сумятню плачучых і вельмі галосячых.
 
Затым прыходзяць у дом начальніка сынагогі. Там убачыў многіх плачучых і галосячых.

І ўвыйшоўшы, кажа ім: «Чаго галасуеце а плачаце? дзяцё не памерла, але сьпіць».
 
І ўвайшоўшы сказаў ім: "Чаму сумуеце і пплачаце? Дзяўчынка не памерла, а сьпіць".

І сьміяліся зь Яго. Але Ён, выправіўшы ўсіх, бярэць із Сабою айца дзіцяці а маці а бытых ізь Ім, і ўходзе туды, ідзе дзяцё ляжала.
 
Сьмяяліся зь Яго. Езус жа адправіўшы ўсіх — бярэ бацьку і маці дзяўчынкі ды тых, што з Ім былі і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.

І, узяўшы дзяцё за руку, кажа ёй: «Таліфа кумі», значыцца: «Дзевачка, табе кажу, устань».
 
І ўзяўшы за руку дзяўчынкі сказаў ёй: "Тalitha kumi (таліта кумі), значыць: Дзяўчынка, табе кажу — устань!"

І дзевачка якга ўстала, і хадзіла, бо было ёй двананцаць год. І зумяваліся зуменьням вялікім.
 
Мамэнтальна ўстала дзяўчынка, — і хадзіла: мела яна дванаццаць гадоў. Усе дзівіліся вялікім дзівам.

І Ён стродка расказаў ім, каб ніхто праз гэта ня ведаў, і казаў даць ёй есьці.
 
Загадаў ім моцна, каб ніхто аб гэтым ня ведаў, ды сказаў, каб далі ёй есьці.