Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Марка 5 Паводле Марка 5 разьдзел

1 Пераплылі на другі бераг мора ў край Гэразэнаў.
2 А калі выходзіў Езус з лодкі, раптам з грабоў напроціў Яго выбег чалавек апанаваны нячыстым духам.
3 Ён пражываў у грабох і ніхто ня мог яго зьвязаць ланцугамі.
4 Бо зьвязаны і аковамі і ланцугамі рваў часта ланцугі і разьбіваў аковы. Ды ніхто ня мог яго адалець.
5 Ён заўсёды днём і ноччу ў грабах і горах крычаў ды біў сябе каменямі.
6 Здалёк убачыўшы Езуса прыбег і пакланіўся Яму,
7 крычучы моцным голасам: "Што Табе да мяне Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Запрысягаю на Бога, каб мяне ня мучыў".
8 Бо Езус загадаў яму: "Выйдзі, духу нячысты, з чалавека".
9 Пытаў яго: "Якое тваё імя?" Ён сказаў: "Маё імя легіён, бо нас многа.
10 Ды прасіў яго вельмі, каб не выганяў яго з гэтага краю.
11 А там на гарах пасьвілася дужа вялікае стада вяпрукоў.
12 Прасілі Яго ўсе нячыстыя духі: "Пусьці нас у вяпрукоў, каб маглі мы ў іх увайсьці".
13 І пазволіў ім Езус. Дык выйшаўшы духі нячыстыя ўвайшлі ў вяпрукоў. А блізу двухтысячнае стада з вялікім разгонам з касагору ўвалілася ў мора і патанула.
14 Тыя ж, што яго пасьвілі, паўцікалі і разьнесьлі гэта па горадзе і вёсках. Дык прыйшлі паглядзець, што здарылася.
15 Затым прыйшлі да Езуса, ды бачачы таго, што быў апанаваны ліхім, як ён сядзеў адзетым ды ўжо здаровым; тога, што быў апанаваны легіёнам — спалохаліся.
16 А тыя, што відзелі расказалі ім, што сталася з ім, маючым дэмана і аб вяпрукох.
17 Дык прасілі яны Езуса, каб адыйшоўся ад іх граніцаў.
18 А калі Езус уваходзіў у лодку — пачаў яго прасіць апанаваны ліхім, каб мог ён застацца пры Ім.
19 Але Езус не прыняў яго і загадаў яму: "Ідзі да свайго дому і да сваіх людзей, і раскажы ім, што ўчыніў Госпад з табою і як пашкадаваў цябе.
20 І ён пайшоў і пачаў разьвяшчаць у Дэкаполю, як вялікія (справы) рэчы ўчыніў яму Езус. А ўсе дзівіліся.
21 А калі пераправіўся Езус зноў у лодцы на другі бераг, сыйшлася да Яго вялікая грамада, а Ён быў каля мора.
22 Прыбыў з імі адзін начальнік сынагогі імем Яір, убачыўшы Езуса ўпаў яму ля ног
23 і надта прасіў Яго кажучы: "Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі на яе сваю руку, каб паздаравела і жыла".
24 І Езус пайшоў за ім, а вялізарная грамада ішла за Ім, і націскала на Яго.
25 А адна жанчына, хворая на цячэньне крыві ад дванаццаці гадоў.
26 Яна шмат нацярпелася ад усякіх лекараў і ўсю сваю маёмасьць выдала, але нічога ёй не памаглі, але яшчэ горш чулася.
27 Калі яна пачула пра Езуса, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася ягонага адзеньня.
28 Бо яна казала: "Калі толькі дакрануся Яго адзеньня, паздаравею".
29 І зараз засохла крывавая рана і адчула на целе, што паздаравела ад цярпеньня.
30 Езус адрузу адчуў, што моц, што ў Ім была, выйшла на вонкі. Дык зьвярнуўшыся да грамады, спытаўся: "Хто дакрануўся адзеньня майго?"
31 Вучні Ягоны казалі Яму: "Відзіш, як грамада цісьнецца , а пытаеш: Хто дакрануўся да мяне?"
32 Ды Езус зірнуў кругом, каб пабачыць тую, каторая дакранулася.
33 Жанчына ж баючыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла і ўпала перад Ім, і прызналася, сказала ўсю праўду.
34 А Езус сказаў ёй: "Дочка! Твая вера аздаравіла цябе. Ідзі ў супакою, будзь аздароўленай ад сваёй хваробы".
35 Калі яшчэ Езус гаварыў, прыходзяць ад начальніка сынагогі людзі і кажуць: "Дачка твая памярла, пашто яшчэ затрудняць Вучыцеля?"
36 Езус жа пачуўшы слова сказана, адазваўся да начальніка сынагогі: "Не бойся, толькі мей веру".
37 І не пазволіў нікому ісьці за Ім, адно Пятру, Якубу і брату ягонаму: Яну.
38 Затым прыходзяць у дом начальніка сынагогі. Там убачыў многіх плачучых і галосячых.
39 І ўвайшоўшы сказаў ім: "Чаму сумуеце і пплачаце? Дзяўчынка не памерла, а сьпіць".
40 Сьмяяліся зь Яго. Езус жа адправіўшы ўсіх — бярэ бацьку і маці дзяўчынкі ды тых, што з Ім былі і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
41 І ўзяўшы за руку дзяўчынкі сказаў ёй: "Тalitha kumi (таліта кумі), значыць: Дзяўчынка, табе кажу — устань!"
42 Мамэнтальна ўстала дзяўчынка, — і хадзіла: мела яна дванаццаць гадоў. Усе дзівіліся вялікім дзівам.
43 Загадаў ім моцна, каб ніхто аб гэтым ня ведаў, ды сказаў, каб далі ёй есьці.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Марка, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.