Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Марка 15 Паводле Марка 15 разьдзел

1 І зараз нараніцы на нарадзе архісьвятароў з старэйшынамі і кніжнікамі, значыць усяго трыбунала (кангэдрына) зьвязаўшы Езуса павялі і перадалі Пілату.
2 Затым спытаўся ў Яго Пілат: "Ці Ты Кароль Юдэйскі?" А Езус у адказ сказаў яму: "Так як ты кажаш".
3 І вінавацілі Яго архісьвятары ў многіх справах.
4 Дык Пілат зноў паўторна спытаўся ў Езуса: "Чаму не адказваеш? Глядзі, як у многіх справах Цябе вінавацяць?"
5 Але Езус на гэта не адказваў, так што Пілат дзівіўся.
6 На сьвята ён меў звычай звальняць ім аднаго з вязьняў, каго захацелі б.
7 Быў жа нейкі адзін імем Барабас, увязьнены разам з бунтаўнікамі, каторы ў час бунту дапусьціліся забойства.
8 Вось жа сабраўся натоўп людзей і пачаў дамагацца таго, што Пілат звычайна рабіў.
9 Пілат у адказ спытаўся ў іх: "Хочаце, выпушчу вам Караля Юдэйскага?"
10 Бо ведаў, што Яго выдалі архісьвятары з завіднасьці.
11 Але архасьвятары падбурылі народ, каб ім лепш выпусьціў Бараббу.
12 Дык Пілат у адказ сказаў ім паўторна: "Дык што хочаце, каб я паступіў з Каралём Юдэйскім?"
13 Але яны зноў закрычалі: "Укрыжуй Яго!"
14 Дык Пілат сказаў ім: "Што вам благога зрабіў Ён?" Але яны тым болей крычалі: "Укрыжуй Яго!"
15 Затым Пілат патураючы народу выпусьціў Бараббу, а ўбічаванага Езуса выдаў на ўкрыжаваньне.
16 А жаўнеры ўвялі Яго ў прысенак Прытор'юма, сазвалі ўсю кагорту.
17 І адзелі Яго ў пурпур, а сплёўшы карону з церняў (калючніку), усклалі на Яго (на галаву Яму).
18 Ды пачалі Яго вітаць (паздараўляць): "Вітай, Кароль Юдэйскі!"
19 І трысьцінай білі Езуса па галаве, плявалі на Яго і кленчылі, пакланяліся Яму.
20 А калі ўжо панаругаліся з Яго, зьнялі з Яго пурпур, ды зноў адзелі яго ў Сваё адзеньне, ды павялі Яго на ўкрыжаваньне.
21 Праходзячага міма нейкага Сымона Цырэнейца, ідучага на поле, бацькі Аляксандра і Руфа — прымусілі несьці крыж Езусаў.
22 Затым прывялі Яго ў Гальготу, значыць: месца Галавы Трупа.
23 Далі Яму выпіць віно зьмяшане з міррай, але не прыняў.
24 А па ўкрыжаваньні Яго падзялілі адзеньне Ягонае, кідаючы жэрабя, хто мае яго ўзяць.
25 А была гадзіна трэцяя, калі Яго ўкрыжавалі.
26 І была надпісь віны Ягонай: "Кароль Юдэйскі".
27 Укрыжавалі таксама двух злачынцаў (лотраў): Аднаго па правай, а другога па левай Яго старане (аднаго з правага, а другога з левага боку Яго).
28 Так споўнілася Пісаньне: "Быў залічаны да злачынцаў" (Із. 53:12).
29 Праходзячыя блявузгалі на Езуса, ківалі галовамі і наругаліся: "Во, Ты, Што разваляеш (бурыш) сьвятыню Божую ды зноў узнаўляеш у тры дні,
30 ратуй Сябе Самога, сыходзячы з крыжа".
31 Таксама і архісьвятары з знаўцамі Пісаньня шыдзілі з Яго, кажучы адзін аднаму: "Іншых ратаваў (спасаў), а Сам Сябе ўратаваць ня можа.
32 Хрыстус, Кароль Ізраеліцкі хай Сам цяпер сыйдзе з крыжа, каб мы відзелі і паверылі". Такжа і з Ім укрыжаваныя зьневажалі Яго.
33 А калі настала гадзіна шостая ўсю зямлю ахутала цемра ажно да гадзіны дзевятай.
34 А ў дзевяць гадзін Езус закрычаў моцным голасам: "Элёі, элёі, лямам сабактані", значыць: "Божа Мой, Божа Мой, чаму Мяне пакінуў?"
35 Дык некаторыя бліжэй стоячыя, чуючы гэта казалі: "Ён заве Гальяша".
36 А адзін, прыбег, памачыў губку воцатам, усклаў яе на трысьціну і падаў Яму піць, гаворачы: "Пачакайце, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш зьняць Яго".
37 Езус жа закрычаўшы моцным голасам — аддаў Духа.
38 Затым завеса (заслона) у сьвятыні разьдзёрлася на двое з верху аж у ніз.
39 Сотнік, жа што стаяў напроціў, бачачы, што Езус, клічучыся сканаў, сказаў: "Сапраўды, гэты чалавек быў Сынам Божым".
40 А былі там жанчынкі з далёка паглядаючы, між імі: Мар'я Магдалена, і Марыя, Маці Якуба меншага і Юзэфа і Салёмэ.
41 Калі Езус быў у Галілеі, хадзілі з Ім і паслугавалі Яму. Ды многа іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Ерузалім.
42 А калі настаў вечар (зьвечарэла), быў жа гэта дзень Прыгатаваньня, які выпадае перад Шабатам,
43 прыйшоў Язэп (Юзэф) з Арыматэі, дастойны член Рады, каторы сам чакаў прыходу Каралеўства Божага і адважна ўвайшоў да Пілата і прасіў цела Хрыстовае.
44 Але Пілат сумніваўся, ці ўжо памёр, таму паклікаў сотніка і спытаўся ў яго, ці ўжо памёр?
45 А даведаўшыся ад сотніка (аб сьмерці Езуса), аддаў цела Язэпу.
46 Язэп (Юзэф) жа купіў палатно, зьняў цела з крыжа, улажыў у палатно ды палажыў у гроб, каторы быў высечаны ў скале. Затым завярнуў уваход каменем.
47 Марыя ж Магдалена і Марыя, маці Язэпа наглядалі, дзе Езуса пахавалі (палажылі).
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Марка, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.