Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Марка 10 Паводле Марка 10 разьдзел

1 Адтуль выйшаўшы Езус прыбыў у ваколіцы Юдэі і Заярданьня. І там зноў сабралася вакол Яго многа людзей, а Ён як звычайна пачаў навучаць іх.
2 Падышоўшы фарызэі пыталіся Яго зводзячы: "Ці належыцца мужу развадзіцца з жонкаю?"
3 Езус у адказ сказаў ім: "А што загадаў Майсей?"
4 А яны адказалі: "Майсей пазволіў напісаць развод і разьвесьціся".
5 У адказ сказаў ім Езус: "Дзеля закамянеласьці сэрца вашага даў ён вам такі загад,
6 але ад пачатку стварэньня: "Мужчыну і жанчыну ўчыніў іх Бог".
7 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці ды злучыцца з жонкаю сваёю
8 ды будуць двое ў адным целе (Род. 1:27; 2:24).
9 Што тады Бог злучыў хай чалавек не разлучае (не разьдзяляе).
10 Зноў дома пра тое самае пыталіся ў Яго вучні Ягоныя.
11 Сказаў ім: "Хто разьвядзецца з жонкаю сваёй, і возьме іншую, адносна яе дапушчаецца чужаложства.
12 А калі б жонка пакінула мужа свайго ды пайшла б за іншага — чужаложыць.
13 Было, што прыносілі дзеткі да Яго, каб да іх дакрануўся. Але вучні ругалі (сварыліся), тых, што прыносілі.
14 Бачачы гэта Езус, абурыўся на іх і сказаў ім: "Пазвольце дзеткам прыходзіць да Мяне, ды не бараніце ім, бо такіх Каралеўства Божае".
15 Сапраўды кажу вам: "Калі хто ня прыме Каралеўства Божага як дзіця — ня ўвойдзе ў яго".
16 І туліў іх да Сябе і ўскладаў на іх рукі свае і багаславіў іх.
17 Калі Езус выходзіў у дарогу, адзін юнак прыбег і паўшы перад ім на калені — пытаўся ў Яго: "Вучыцелю добры, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"
18 Езус сказаў яму: "Чаму Мяне называеш добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог".
19 Ведаеш прыказаньні: "Не чужалож, не забівай, не крадзі, не гавары фальшывага на пасьведчаньня, не рабі крыўды, паважай бацьку свайго і маці (Вых. 20:12−16).
20 А ён у адказ сказаў: "Вучыцелю, я гэта ўсё спаўняў ад маленства свайго".
21 А Езус узглянуўшы на яго, умілаваў яго ды сказаў яму: "Аднаго табе не хапае, ідзі , прадай, што маеш і раздай убогім, і будзеш мець скарб (багацьце) у небе, а тады вярніся і ідзі за Мною.
22 А ён засмучаны такой прапановай — адыйшоўся сумны, бо меў вялікія маёмасьці.
23 А Езус разглядаючыся вакруг сказаў сваім вучням: "Як трудна тым, што маюць багацьці, увайсьці ў Каралеўства Божае".
24 Вучні дзівіліся дзеля слоў Ягоных. Але Езус зноў паўтарыў ім: Сынкі, як трудна ўвайсьці ў Каралеўства Божае.
25 Лягчэй вярблюду праціснуцца вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Каралеўства Божае".
26 А яны тым болей дзівіліся, гаворачы між сабою: "Ды хто можа быць збаўлены?"
27 А Езус паглядзеўшы на іх, сказаў: "У людзей гэта немагчыма, але ў Бога ўсё магчыма".
28 Дык Пётр пачаў гаварыць Яму: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой".
29 Езус у адказ сказаў: "Сапраўды кажу вам няма ані кога, хто б дзеля Мяне і дзеля Эвангеліі пакінуў дом, або братоў, або сясьцёр, або матку, або бацьку, або сыноў, або поля,
30 каб ён не атрымаў у сто раз больш цяпер, у гэты час дамоў і братоў і сясьцёр і матак, дзяцей ды палёў сумесна з прасьледаваньнямі, ды жыцьцё вечнае ў будучым веку.
31 І многія першыя будуць апошнімі, а апошнія — першымі.
32 У дарозе ў Ерузалім Езус ішоў перад імі, а яны за Ім ідучы і дзівіліся і баяліся. Ён пазваў зноў Дванаццаць ды пачаў выясьняць (тлумачыць), што мае стацца (што будзе).
33 "Вось жа ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзен архісьвятарам і кніжнікам (вучоным па сьв. Пісаньні). І асудзяць Яго на сьмерць і выдадуць паганам.
34 І будуць з Яго наругацца, і пляваць на Яго, будуць бічаваць Яго ды заб'юць Яго, але па трох днях Ён уваскрэсьне".
35 Аднойчы падыйшлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Забэдэевы, кажучы: "Вучыцелю, хочам, каб споўніў, аб што будзем прасіць Цябе".
36 А Езус у іх спытаўся: "Што хочаце, каб Я вам зрабіў?"
37 Яны сказалі: "Дай нам, каб у хвале Тваёй сядзець аднаму па правым у Цябе баку, а другому па левым".
38 Езус адказаў ім: "Ня ведаеце аб што просіце. Ці ж можаце піць чашу (келіх), якую Я п'ю, або хрысьціцца хростам, якім Я хрышчуся?"
39 Яны адказалі Яму: "Можам". Езус сказаў ім: "З чашы, з якой Я п'ю, будзеце, праўда піць, ды хростам, якім Я хрышчаны, будзеце ахрышчаны.
40 Але сядзець з правага боку Майго або з левага, ня Мне даваць вам, але каторым прыгатавана".
41 Чуючы ж гэта дзесяць (Апосталаў) пачалі абурацца на Якуба і Яна.
42 Езус аднак паклікаўшы іх, сказаў ім: "Ведаеце, што тыя, каторыя ўважаюцца за валадароў народаў, пануюць над імі, ды князі іхнія маюць уладу над імі.
43 Ня так будзе паміж вамі. Хто хацеў бы быць сярод вас большым (важнейшым) будзе вашым слугою.
44 А хто хацеў бы ў вас быць першым — будзе слугою ўсіх.
45 Бо і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб служылі Яму, але каб служыць і даць душу сваю (у водкуп) на адкупленьне многіх".
46 Калі па быцьці ў Ерыха, выходзілі з Ерыха раз з вучнямі Сваімі і вялікай грамадой, сьляпы Бартымей, сын Тымотэя сядзеў пры дарозе, жабраваў.
47 Пачуўшы, што гэта Езус з Назарэту, пачаў крычаць і прасіць: "Езусе, сыне Давідаў, зжалься надо мной!"
48 Дык сварыліся многія на яго, каб маўчаў. Але ён тым мацней крычаў: "Сыне Давідаў, пашкадуй мяне!"
49 Езус астанавіўся і казаў яго паклікаць. Дык паклікалі сьляпога і сказалі яму: "Будзь добрай надзеі, устань, кліча цябе".
50 Ён пакінуўшы плашч свой, падняўся і пабег да Езуса.
51 Езус спытаўся ў яго: "Што хочаш каб Я табе ўчыніў?" Сьляпы адказаў Яму: "Вучыцелю (Раббоні), каб мне відзець".
52 Тады Езус сказаў яму: "Ідзі, вера твая аздаравіла цябе". І зара ж стаў відзець (празрэў) і пайшоў за Ім дарогаю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Марка, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.