Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага — арыгінал

Марка 7 Паводле Марка 7 разьдзел

1 Аднойчы сабраліся вакруг Езуса фарызэі ды некаторыя кніжнікі (знаўцы Пісаньня), што прыбылі з Ерузаліму.
2 А калі яны замецілі, што некаторыя з вучняў Яго елі хлеб бруднымі, значыць ня мытымі рукамі — ганілі іх.
3 Бо фарызэі і ўсе Юдэі не ядуць бяз частага мыцьця рук, захоўваючы традыцыі дзядоў.
4 Таксама не ядуць прыйшоўшы з рынку, пакуль не памыюцца. Па-за гэтым традыцыі іхнія загадваюць берагчы многа іншых рачэй: мыць чашы і збаны, пасуду мядзяную, ложкі.
5 Пасьля пыталіся Яго фарызэі і кніжнікі (вучоныя па Пісаньню): "Чаму вучні Твае не паступаюць (трымаюцца) традыцыяў продкаў, але ядуць хлеб нямытымі рукамі?"
6 А Езус у адказ сказаў ім: "Добра пра вас, крывадушнікаў праракаваў Ізаія, як напісана: Народ гэты славіць Мяне вуснамі, але сэрца іхняе далёка ад Мяне".
7 Надарма аднак славяць Мяне вучачы пастановаў прыдуманых людзьмі". (Із. 29:13)
8 Ня дбаючы пра прыказаньні Божыі беражыцё звычаі (традыцыі) людзкія: абмываньне збаноў і чашаў, шмат таксама іншых гэтым падобных звычаяў трымаецеся.
9 Прадаўжаў: "Ці добра, што вы адмяняеце, касуеце (уневажняеце) Закон Божае, каб захаваць вашыя звычаі (традыцыі).
10 Майсей вось сказаў, загадаў: "Паважай бацьку сваго і матку сваю — ды, хто зьневажае (кляне) бацьку або матку — хай будзе сьмерцю пакараны". (Вых. 20:12; 21:17)
11 А вы вучыце: "Калі б чалавек сказаў бацьку або маці: Корбан, значыць дар Божы, чым мусіў бы я цябе ўспамагчы,
12 ды пры тым вы не пазваляеце яму памагчы бацьку або маці,
13 перакручваючы Слова Божае праз звычаі (традыцыі) вашыя, якія перадалі, ды многа тым падобных звычаяў спачаняеце".
14 І прыклікаўшы зноў натоўп казаў ім: "Слухайце Мяне ўсе, а ўцяміце.
15 Па-за чалавекам няма нічога, што ў яго ўваходзячы магло б яго спаганіць, але тое, што ад чалавека паходзіць — гэта яго паганіць (пракудзіць).
16 Калі хто мае вушы — хай слухае.
17 А калі Езус удаліўся ад людзей і ўвайшоў у дом, пыталіся вучні ягоныя пра сэнс гэтае прыповесьці.
18 Сказаў ім: "Няўжо і вы ня можаце зразумець? Пайміце, што ўсё, што спаза чалавека ўваходзіць у яго, ня можа яго спляміць,
19 бо тое не пападае ў сэрца, але ў жывот і выкідаецца, ачышчаючы ўсякую ежу.
20 Паясьняў далей: "А што з чалавека выходзіць, тое яго паганіць, пляміць.
21 Вось з нутра, з сэрца людзей паходзяць: благія думкі, распуснасьць, зладзействы, забойствы,
22 чужалоствы, хцівасьць, круцельствы, подступ, бястыднасьць, завіднасьць, блявузгі, пыхлівасьць, глупота.
23 Усё гэта благоцьце (ліхота) з нутра паходзіць ды паганіць чалавека".
24 Выйшаўшы адсюль Езус направіўся ў ваколіцы Тыру і Сыдону. Увайшоў у адзін дом і хацеў, каб ніхто аб гэтым ня ведаў, але схавацца ня мог.
25 Бо адна жанчына, у якой дачка была апанаваная нячыстым духам, як толькі пачула аб Ім, увайшла ў дом і пала Яму да ног.
26 Жанчына гэта была Грэчанка, родам з Сырофеніцыі. Яна прасіла Езуса выгнаць дэмана з ейнай дачкі.
27 Ён сказаў ёй: "Дазволь перш насыціцца сынам, бо нельга забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць яго сабакам".
28 Але яна ў адказ сказала: "Так, Госпадзе, але ж і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей".
29 Сказаў ёй: "Дзеля такой мовы (адказу) ідзі, дэман пакінуў тваю дачку".
30 А калі яна прыйшла дамоў, знайшла дачушку, лежачую на ложку, пакінуту дэманам (дэман выйшаў).
31 Зноў пакінуўшы ваколіцы Тыру праз Сыдон прыйшоў Езус да Галілейскага мора праз ваколіцы Дэкаполя.
32 Прывялі да Яго глухога і нямога просячы Яго ўскласьці на яго руку.
33 Адвёўшы яго на бок, далей ад народу, уклаў Езус пальцы свае ў ягоны вушы, ды сваёй сьліняй дакрануўся да ягонага языка.
34 І ўзглянуўшы ў неба, сказаў яму: "Эфорэта: значыць адчыніся!"
35 І зараз жа адкрыліся вушы ягоныя ды разьвязалася вязь ягонага языка, і ён добра гаварыў
36 І Езус загадаў ім, каб нікому не расказвалі. Але чым болей забараняў, тым больш яны разгалашалі.
37 Ды тым больш людзі дзівіліся, кажучы: "Усё добра робіць: і глухім дае, што чуюць, і нямым — што гавораць".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Эвангельле паводле Марка, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.