Марка 16 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Як мінула сыбота, Марыя Магдалена а Марыя Якавава а Салома купілі пахаў, каб ісьці, намасьціць Яго.
І калі прайшоў (мінуў) шабат — Мар'я Магдалена і Марыя, маці Якуба і Салёмэ накуплялі духмянасьцяў, каб пайсьці і намасьціць Езуса.
І вельма рана нараніцы, першага дня тыдня, прышлі да гробу ўсходам сонца.
Надта рана, у першы дзень тыдня прыйшлі да гроба, па ўсходзе сонца.
І гукалі мяжсобку: «Хто адкоце нам камень ад дзьвярэй гробу?»
А гаварылі яны між сабою: "Хто нам адваліць камень ад уваходу ў гроб?"
І, глянуўшы, бачаць, што камень адкочаны; а ён быў вельма вялікі.
Але глянуўшы ўбачылі яны адвалены камень. А ён быў велізарны.
І, увыйшоўшы ў гроб, абачылі маладзёна, на правым баку седзячага, адзеўшыся ў даўгое белае адзецье; і зжахнуліся.
Дык увайшоўшы ў гроб увідзелі юнака, седзячага па правай старане, адзетага ў белае адзеньне і яны астаўпянелі.
Ён жа сказаў ім: «Не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назарэцяніна, што быў укрыжаваны; Ён ускрэс, Яго няма тут. Во месца, ідзе Ён быў пакладзены.
Але ён адазваўся да іх: "Ня бойцеся, шукаеце Езуса Назарэйца, укрыжаванага: Ён уваскрос, няма Яго тут, во месца, дзе быў паложаны.
Але йдзіце, накажыце вучанікам Ягоным а Пётру, што Ён выперадзе вас да Ґалілеі; там абачыце Яго, як Ён сказаў вам».
Але ідзіце і паведаміце вучням Ягоным і Пятру. Ён ідзе перад вамі ў Галілею, там Яго ўбачыце, як вас уперадзіў".
І яны борзда вышлі, і ўцяклі ад гробу, бо яны дрыжэлі й былі зумеўшыся, і нічога нікому не сказалі, бо баяліся.
А яны ходам уцяклі з гробу, бо хапіў іх страх ды трывога і нікому не казалі, бо баяліся.
Ускрэсшы рана першага дня тыдня, Ён сьпярша зьявіўся Марыі Магдалене, з каторае быў выгнаўшы сямёх нячысьцікаў.
Ускросшы нараньні (на сьвітаньні) ў першы дзень тыдня Езус найперш паказаўся (явіўся) Мар'і Магдаліне, з каторай выгнаў сем дэманаў.
Яна пайшла й наказала тым, што былі зь Ім, каторыя былі ў жалобе й плакалі.
А яна пайшла і паведаміла тым, што з Ім хадзілі, сумным і плачучым.
Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, не нялі веры.
Але яны пачуўшы, што жыве і што ёй паказаўся, не ўверылі (паверылі).
Просьле гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе двум ізь іх на дарозе, як яны йшлі да сяла.
Затым паказаўся Езус двум з іх у дарозе ў вёску, але ў іншым відзе (выглядзе).
Яны йшлі й наказалі засталым; і гэтыя не нялі веры.
І яны пайшлі і расказалі іншым, але і ім не паверылі.
І потым зьявіўся адзінанцацём, як узьляжалі за сталом, і ўпікаў ім за няверу іхную а калянасьць сэрца, бо не нялі веры тым, каторыя бачылі Яго ўскрэслага.
Наканец паказаўся тым адзіннаццаці, калі сядзелі пры стале, і сварыўся іхняе недаверства і закаменаласьць сэрца, што не паверылі тым, каторыя бачылі Яго ўскросшага.
І сказаў ім: «Ідучы па ўсім сьвеце, абяшчайце Евангелю ўсяму стварэньню.
Затым сказаў ім: "Ідзіце на ўвесь сьвет вясьціце Эвангелію ўсяму стварэньню".
Хто будзе верыць і ахрысьціцца, спасён будзе; а хто ня будзе верыць, будзе засуджаны.
Хто ўверыць і прыме хрост — будзе збаўлены. Хто жа не ўверыць — будзе асуджаны.
І гэтыя знакі злучацца з тымі, што вераць: імям Маім будуць выганяць нячысьцікаў; будуць гукаць новымі мовамі;
А тых, што ўвераць, будуць праводзіць такія цуды: у Маё імя будуць выганяць дэманаў, новымі мовамі гаварыць будуць,
Будуць браць гады; а калі б што атрутнае пілі, не пашкодзе ім; на хворых будуць ускладаць рукі, і добра ім будзе».
рукамі зьмеяў будуць браць, ды хоць бы што атрутае пілі, не пашкодзіць; на хворых рукі будуць класьці і яны здаравець будуць".
Гэтак Спадар, просьле гутаркі зь імі, быў узяты на неба й сеў па правіцы Божай.
Пасьля размовы з імі, Госпад Езус быў узяты ў неба і сядзіць па правіцы (з правага боку) Божай.
А тыя пайшлі й абяшчалі ўсюдых, і Спадар судзеяў зь імі, і слова іхнае мацніў знакамі, злучанымі зь імі. Амін.
А яны пайшоўшы вясьцілі ўсюды (Слова Божае), а Госпад успамагаў іх і ўсьцьвярджаў навучаньні іхнія цудамі, якія іх праводзілі.