Марка 5 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
І прыбылі на другі бок мора да краіны Ґадарынскае.
І яны прыбылі на другі бок мора, у краіну герасінаў10.
І, як вышаў Ён із струга, якга пераняў Яго вышлы з грабоў чалавек ізь нячыстым духам.
І калі Ён выйшаў з лодкі, адразу Яго сустрэў, выйшаўшы з магільняў, чалавек, апантаны нячыстым духам,
Ён жыў меж грабоў, і ніхто ланцугом ня мог зьвязаць яго;
што меў прыстанішча ў магільнях, і нават ланцугамі ніхто ўжо не мог звязаць яго,
Бо шмат разоў ён быў скаваны зялезамі а ланцугамі, але разрываў ланцугі і ламіў зялезы; і ніхто ня меў сілы ўслышыць яго.
бо шмат разоў яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, ды ён разрываў ланцугі і раструшчваў кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць;
Заўсёды, ночы і ўдзень, памеж грабоў і ў гарах ён крычэў а рэзаўся каменьням.
і заўсёды, уночы і ўдзень, ён у магільнях і ў гарах крычаў і біўся аб каменне.
Абачыўшы ж Ісуса здалеку, прыбег і пакланіўся Яму.
І, убачыўшы Ісуса здалёку, ён пабег і ўпаў ніцма перад Ім,
І, закрычэўшы вялікім голасам, сказаў: «Што Табе й імне, Ісусе, Сыну Бога Навышняга? Заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!»
і, закрычаўшы гучным голасам, кажа: Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Усявышняга Бога? Богам Цябе заклінаю, не муч мяне!
(Бо Ён сказаў яму: «Выйдзі, душа нячыстая, з гэтага чалавека»).
Бо Ён казаў яму: Выйдзі, нячысты дух, з гэтага чалавека!
І пытаўся ў яго: «Што за імя твае?» І сказаў Яму: «Легіён імя мае, бо нас шмат».
І спытаўся ў яго: Як тваё імя? — І той кажа Яму: Легіён мне імя, бо шмат нас.
І вельмі прасілі Яго, каб не высылаў іх вон із краіны гэтае.
І вельмі прасіў Яго, каб не высылаў іх з тае зямлі.
Пасьцілася ж там ля гары вялікая чарада сьвіньняў.
А быў там пад гарою вялікі гурт свіней на пашы;
І малілі Яго ўсі нячысьцікі, кажучы: «Пашлі нас у сьвіньне, каб нам увыйсьці ў іх».
і папрасілі Яго [ўсе дэманы], кажучы: Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх.
І Ісус зараз дазволіў ім. І нячыстыя духі, вышаўшы, увыйшлі ў сьвіньне; і рынулася чарада із стромы ў мора, а іх было каля дзьвюх тысячаў; і заліліся ў мору.
І Ён дазволіў ім. І выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіней, і гурт рынуўся са стромы ў мора — тысяч з дзве — і патапіліся яны ў моры.
А тыя, што пасьцілі сьвіньне, уцяклі й наказалі ў месьце а ў палёх. І вышлі паглядзець, што было, што сталася.
А іх пастухі ўцяклі і расказалі ў горадзе і ў вёсках; і людзі прыйшлі паглядзець, што здарылася.
І прыходзяць да Ісуса, і бачаць таго, што быў апанаваны нячысьцікам, і ў каторым быў легіён, сядзіць і адзеўшыся, і мае добры розум; і спалохаліся.
І прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны дэманамі сядзіць [і] апрануты і ў здаровым розуме, — той, у якім быў легіён, — і спалохаліся.
Вочнікі паведамілі ім праз тое, як гэта сталася з апанаваным нячысьцікамі, і празь сьвіньне.
І відавочцы расказалі ім, як было з апантаным дэманамі, і пра свіней.
І пачалі маліць Яго адыйсьці ад граніцаў іхных.
І яны пачалі прасіць Яго, каб Ён адышоў з іх ваколіц.
І як Ён увыйшоў у струг, прасіў Яго тый, што быў апанаваны нячысьцікам, каб быць ізь Ім.
І калі Ён уваходзіў у лодку, той, што быў апантаны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
Але Ісус не дазволіў яму, але сказаў яму: «Ідзі двору да сваіх і агаласі ім, якія вялікія рэчы Спадар учыніў табе і зьмілава ўся над табою».
Ды Ён не дазволіў яму, а кажа яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх, і раскажы ім, як шмат зрабіў для цябе Госпад і як злітаваўся над табою.
І пайшоў, і пачаў абяшчаць у Дзесяцімесьцю, якія вялікія рэчы Ісус учыніў яму. І ўсі дзіваваліся.
І той пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяцігораддзі, як шмат зрабіў для яго Ісус, і ўсе здзіўляліся.
І як Ісус ізноў пераплыў у струзе на другі бок, вялікі груд зьберся да Яго; а Ён быў ля мора.
І калі Ісус пераправіўся [ў лодцы] зноў на другі бок, да Яго сабраўся вялікі натоўп, а быў Ён ля мора.
І вось, прыходзе адзін із старшых бажніцы, імям Яір, і, абачыўшы Яго, падае да ног Ягоных,
І прыходзіць адзін з начальнікаў сінагогі імем Іяір, і, убачыўшы Яго, падае да Яго ног
І моле Яго, кажучы: «Дачушка мая канае; прыйдзі а ўзлажы на яе рукі, каб яна ачуняла й засталася жывая».
і вельмі просіць Яго, кажучы: Мая дачушка пры смерці; прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб яна была ўратавана і выжыла.
І Ісус пайшоў ізь Ім. І вялікі груд пайшоў за Ім, і ціснуліся да Яго.
І Ён пайшоў з ім, і ўслед за Ім ішоў вялікі натоўп і напіраў на Яго.
І адна жонка, што мела крываток двананцаць год,
І была там жанчына, якая пакутавала на крывацёк дванаццаць гадоў,
І шмат нацерпілася ад шмат якіх лекараў, высілілася з усяго, што мела, і не палепшала, але пагоршала.
якая шмат нацярпелася ад многіх дактароў і спусціла на іх усё, што яна мела, і нічым не ўспамаглася, а яшчэ больш заняпала,
Пачуўшы празь Ісуса, падышла адзаду ў грудзе й даткнулася да адзецьця Ягонага;
пачуўшы пра Ісуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Яго вопраткі;
Бо казала: «Калі хоць да адзецьця Ягонага даткнуся, то ачуняю».
бо яна казала: Калі дакрануся хоць бы да Яго вопраткі, буду ўратавана.
І якга высахла ў яе жарало крыві ейнае, і яна пазнала ў целе, што ўздароўлена ад хваробы.
І адразу высах выток яе крыві, і яна целам адчула, што вылечана ад хваробы.
І якга Ісус, пазнаўшы ў сабе, што вышла зь Яго моц, абярнуўшыся да груду, сказаў: «Хто даткнуўся да адзецьця Майго?».
І адразу Ісус, адчуўшы ў Самім Сабе, што з Яго выйшла сіла, павярнуўся ў натоўпе і спытаўся: Хто дакрануўся да Маёй вопраткі?
І сказалі Яму вучанікі Ягоныя: «Ты бачыш, што груд цісьне Цябе, і кажаш: "Хто даткнуўся да Мяне?"
І Яго вучні казалі Яму: Ты бачыш, што натоўп цісне на Цябе, і пытаешся: «Хто дакрануўся да Мяне?»
Але Ён глядзеў навокал, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
А Ён аглядваўся, каб убачыць тую, што гэта зрабіла.
Жонка ў ляку а дрыгоце, ведаючы, што зь ёю сталася, падышла, і пала перад Ім, і сказала ўсю праўду.
Жанчына ж, з бояззю і трымценнем, ведаючы, што адбылося з ёю, падышла і ўпала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
Ён жа сказаў ёй: «Дачка! вера твая ўздаравіла цябе; ідзі ў супакою й будзь здаровая ад хваробы свае».
Ён жа сказаў ёй: Дачка, твая вера ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад сваёй хваробы.
Як Ён яшчэ казаў гэта, прыходзяць ад начэльніка бажніцы й кажуць: «Дачка твая памерла; нашто парушаеш вучыцеля?»
Калі яшчэ Ён казаў, прыходзяць ад начальніка сінагогі і кажуць: Твая дачка памерла; што ты яшчэ турбуеш Настаўніка?
Але, як толькі Ісус пачуў гэтае слова, кажа начэльніку бажніцы: «Ня бойся, толькі вер».
Ісус жа, прачуўшы сказанае слова, кажа начальніку сінагогі: Не бойся, только веруй.
І не дазволіў нікому йсьці із Сабою, апрача Пётры, Якава а Яана, брата Якававага.
І не дазволіў нікому пайсці за Сабою, акрамя Пятра, Іякава і Іаана, Іякавага брата.
Прыходзяць да дому начэльніка бажніцы, і бача сумятню плачучых і вельмі галосячых.
І яны прыходзяць у дом начальніка сінагогі, і Ён бачыць перапалох: людзей, што плачуць і моцна галосяць,
І ўвыйшоўшы, кажа ім: «Чаго галасуеце а плачаце? дзяцё не памерла, але сьпіць».
і Ён, увайшоўшы, кажа ім: Што мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць.
І сьміяліся зь Яго. Але Ён, выправіўшы ўсіх, бярэць із Сабою айца дзіцяці а маці а бытых ізь Ім, і ўходзе туды, ідзе дзяцё ляжала.
І яны насміхаліся з Яго. Ён жа, выправадзіўшы ўсіх, забірае бацьку дзяўчынкі і маці і тых, што былі з Ім, і ўваходзіць туды, дзе была11 дзяўчынка.
І, узяўшы дзяцё за руку, кажа ёй: «Таліфа кумі», значыцца: «Дзевачка, табе кажу, устань».
І, узяўшы дзяўчынку за руку, Ён кажа ёй: Таліфа кум, што ў перакладзе значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, уставай!»
І дзевачка якга ўстала, і хадзіла, бо было ёй двананцаць год. І зумяваліся зуменьням вялікім.
І адразу дзяўчынка ўстала і хадзіла: бо было ёй дванаццаць гадоў. І яны [адразу] ўразіліся ўражаннем вялікім.
І Ён стродка расказаў ім, каб ніхто праз гэта ня ведаў, і казаў даць ёй есьці.
І Ён сурова загадаў ім, каб ніхто не ўведаў пра гэта, і сказаў, каб ёй далі есці.