Да Рымлянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Дык невыбачальны ты, о чалавеча, каторы судзіш; бо тым жа судам, якім судзіш іншага, засуджаеш самога сябе, бо, судзячы, чыніш тое самае.
 
Затым не бязвінны (беззаганны) ты, чалавеча, калі ты ня быў, які любіш асуджаць другіх. Бо асуджаючы іншага, асуджаеш сябе, бо робіш тое самае, за што асуджаеш.

А мы ведаем, што суд Божы ё подле праўды на чынячых такія рэчы.
 
Ведаем прытым, што Бог справядліва асудзіць тых, каторыя дапускаюцца такіх правінаў.

Ці ўважаеш ты, о чалавеча, каторы судзіш чынячых такія ўчынкі і робіш іх, што ўцячэш ад суду Божага?
 
Ці думаеш, чалавеча, каторы асуджаеш тых, якія дапускаюцца такіх правінаў як ты думаеш усьцерагчыся прысуду Божага?

Ці ўлегцы маеш багацьце дабрыні Ягонае а выбачнасьць а цярплівосьць, ня ведаючы, што дабрыня Божая вядзець цябе да каяты?
 
Як сьмееш зьневажаць шчодрасьць дабраты, цярплівасьці і вялікадушнасьці Бога, не разумеючы, што міласьцівасьць Божая прынукае цябе да пакуты (пакаяньня).

Але подле калянасьці свае а някаятнага сэрца зьбіраеш сам сабе гнеў на дзень гневу а аб’яўленьня справядлівага суду Божага,
 
Дзеля закамянеласьці тваёй і непакутаваньня сэрца, рыхтуеш сабе гнеў (Божы) на дзень аб'явы справядлівага суду Божага.

Каторы адплаце кажнаму подле ўчынкаў ягоных:
 
Ён аддасьць кожнаму па яго ўчынках.

Тым, што вытрываласьцяй у добрых учынках шукаюць славы а сьці а нязьнішчальнасьці — жыцьцё вечнае;
 
Тым, што праз стойкасьць у добрых учынках шукаюць славы, уважэньня і несмяротнасьці — жыцьцё вечнае;

А звадлівым а непаслухменым праўдзе, але паслухменым несправядлівасьці, гнеў а абурэньне.
 
а тым, што ўпорыстыя, за праўдай ісьці ня хочуць, а аддаюцца няправасьці — гнеў і запальчывасьць.

Атуга а гарота кажнай душы чалавека, што робе ліха, перш Жыду й Грэку;
 
Гора і прагнёт (зваліцца) на кожнага чалавека, каторы дапускаецца зла, перш на Юдэя, а потым на Грэка.

Але слава а чэсьць а супакой кажнаму, што робе дабро, перш Жыду й Грэку!
 
Хвала і пашана і супакой на чалавека, чынячага дабро — найперш Юдэя, а потым Грэка.

Бо нямаш у Бога прыяньня асобам.
 
Бо Бог не зважае на асобу.

Бо хто ізграшыў вонках Закону, вонках Закону й загіне; а хто ізграшыў пад Законам, будзе суджаны подле Закону, —
 
Бо тыя, што ня маючы Закону саграшылі, без закону — пагінуць, а тыя, што маючы закон — саграшылі, — законам будуць асуджаны,

Бо ня тыя, што слухаюць Закон, справядлівыя перад Богам, але дзяржачыя Закон будуць аправены;
 
ня тыя, што слухаюць чытаньня Закону — справядлівыя ў Бога, але тыя, што выпаўняюць Закон — будуць апраўданы.

Бо, калі пагане, Закону ня маючыя, дзеюць подле прыроды законнае, яны, ня маючы Закону, самы сабе закон;
 
Калі пагане ня маючы ніякага Закону па прыродзе робяць тое, што загадвае Закон — самі сабе Законам.

Каторыя паказуюць, што справа закону напісана ў іх у сэрцах, праз што сьветча сумленьне іхнае а думкі іхныя, то вінуючыя, то праўдзячыя адна адну, —
 
Даказваюць яны, што зьмест Закона выпісаны на іхніх сэрцах, пра гэта сьведчыць іх сумленьне і думкі, каторыя то абвінавачваюць, то апраўдваюць адна другую.

У дзень, калі, подле дабравесьці мае, Бог будзе судзіць таемныя рэчы людзкія перазь Ісуса Хрыста.
 
У той дзень, калі Бог будзе судзіць праз Езуса Хрыста таёмныя (дзеяньні) ўчынкі людзей як вясьціць мая Эвангелія.

Вось, ты завешся Жыдам, і здаешся на Закон, і хвалішся Богам,
 
Калі аднак называемыя Гэбрэям і пакладаліся на Закон і ганарыліся Богам,

І знаеш волю, і, адрозьнюючы, скумаеш, што найлепшае, навучаны із Закону,
 
ды павучаны Законам знаем Яго волю і разьбіраешся што лепшае,

І пэўны, што ты павадыр нявісных і сьвятло тым, што ў цямноте,
 
і перакананы, што ты правадыром сьляпых ды, што ты сьвятлом для тых, што ў цемры,

Наўчыцель неразумных, вучыцель бязьлетак, маючы зразу веды а праўды ў Законе.
 
што ты выхавацель неўмекаў, настаўнікам моладзі (юнацтва), маючы па Закону поўнае пазнаньне і праўду.

Як жа ты, вучачы іншых, ня вучыш сябе самога? Агалашаючы ня красьці, крадзеш?
 
Дык як жа ты вучыш другіх, а сябе самога ня вучыш? Вучыш, што нельга красьці, а крадзеш.

Кажучы ня чужаложыць, чужаложыш? брыдзячыся балванамі, грабіш сьвятыні?
 
Вучыш, што нельга чужаложыць, а чужаложыш? Брыдзішся ідаламі, а абкрадваеш сьвятыні?

Ты, каторы хвалішся Законам, выступам із Закону зьневажаеш Бога?
 
Ганарышся Законам, а нарушаючы Закон, Бога зьневажаеш.

Бо, «з прычыны вас на імя Божае блявузґаюць у народаў», як напісана.
 
Дык жа напісана: "Дзеля вас пагане зьневажаюць імя Божае".

Абразаньне карыснае, калі поўніш Закон; а калі ты выступнік із Закону, абразаньне твае стала неабразаньням.
 
Абразаньне тады карыснае (памочнае), калі спаўняем Закон. Калі аднак парушаеш Закон, будучы абрэзаным, становішся, як неабрэзаны.

Значыцца, калі неабрэзаны дзяржыць пастановы Закону, дык ці ня будзе неабразаньне ягонае залічана за абразаньне?
 
А калі неабрэзаны спаўняеш пастановы Закону, дык ці ж яго неабрэзаньне не палічыцца яму за абразаньне?

І неабрэзаны подле прыроды, дзяржачы закон, ці не засудзе цябе, узрушыцеля Закону, што маеш літару а абразаньне?
 
Дык вось той, хто ад нараджэньня не абрэзаны, але спаўняе Закон — будзе судзіць цябе, які нарушаеш Закон, маючы пастановы (Закону) і абразаньне.

Бо ня тый Жыд, што звонку, ані тое абразаньне, што навоннае, на целе;
 
Праўдзівы Юдэй (Жыд) не па выглядзе (уважаны за жыда) ды не такое абразанне, якое відацца на целе.

Але тый Жыд, хто патай, і абразаньне сэрца, у духу, ня літараю, катораму пахвала не ад людзёў, але ад Бога.
 
Але той, хто ў душы Юдэй (Жыд) — Юдэям, а праўдзівым абрэзаньнем — духовае абразаньне — сэрца, а ня літара (форма). Вось такі Юдэй мае пахвалу ў людзей і ў Бога.