Да Рымлянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Дык што за перавага ў Жыда, альбо што за карысьць із абразаньня?
 
У чым жа перавага Юдэяў? Або якая карысьць з абразаньня?

Шмат усяляк. Наўперад, што ім былі давераны Пісьмы Божыя.
 
Надта вялікую! Перш таму, што ім паверана Слова Божае (паручана).

Бо што ж? Калі некатрыя былі няверныя, нявернасьць іхная памярцьвіць вернасьць Божую?
 
А калі некаторыя не паверылі? Ці ж іх недаверства знявечыць вернасьць Божую?

Няхай ня станецца! Але няхай будзе Бог праўдзівы, а кажны чалавек манлівы, як напісана: «Каб Ты быў аправены ў словах Сваіх і перамог, як будзеш у судзе Сваім».
 
Ніякім чынам! Бо Бог яўляецца верным (праўдамоўным), а кожны чалавек — ілгун, як пра гэта напісана: "Каб быў прызнаны справядлівым у словах сваіх ды аказаўся пераможцам, калі будуць цябе судзіць".

А калі наша несправядлівасьць адкрывае справядлівасьць Божую, дык што мы скажам? што Бог несправядлівы, калі выказуе гнеў? (кажу палюдзку).
 
Калі наша несправядлівасьць уваразьняе (узвышае) Божую справядлівасьць, то што можам сказаць? Ці Бог несправядлівы, калі выяўляе гнеў? (калі гневацца?) — кажучы па людзку.

Няхай ня станецца! Бо як Богу судзіць сьвет?
 
Ніякім чынам! Бо як жа тады Бог будзе судзіць сьвет?

Бо калі праўда Божая маёй маною была ў збытку на славу Яму, чаму ж яшчэ я таксама бываю суджаны, як грэшнік?
 
Але калі праз маё лгарства (хлусьню) праўда Божая тым больш выяўляцца на Ягону хвалу (славу), дык якім чынам я маю быць суджаны як грэшнік?

І ці ня чыньма ліха, каб сталася дабро, як нас крыўдна вінуюць, і як некатрыя несправядліва цьвердзяць, што мы казалі? Справядлівы суд на такіх.
 
Дык некаторыя нас ачарняюць і кажуць, што мы так вучым: "Чыніма зло, каб выйшла дабро?" Такіх вось чакая справядлівая кара.

Дык што ж? Ці мы лепшыя? Ані не. Бо мы ўперад давялі, што як Жыды, так і Грэкі, усі пад грэхам,
 
Дык што? Ці мы маем перавагу? Ніякім чынам! Ужо раней мы даказалі, што Юдэі як Грэкі пад уладай граха,

Як было напісана: «Няма справядлівага ні воднага,
 
як напісана: "Ніхто ня ёсьць справядлівы,

Няма разумеючага, ніхто ня шукае Бога;
 
ніхто не разумее, ніхто не шукае Бога,

Усі адвярнуліся разам, сталі бескарысныя; няма чынячага дабрыню, няма ні воднага.
 
усе сыйшлі з дарогі (зьбіліся), заадно сталіся ліхімі. Няма, хто б чыніў дабро, няма аніводнага.

Горла іхнае — адчынены гроб; языкамі сваімі ашукуюць; атрута гадава пад вуснамі іхнымі.
 
Горла іх — гроб адкрыты, языкамі сваімі — хлусяць (крывадушаць), у вуснах іхніх — яд зьмяіны.

Рот іхны поўны праклёну а гарчэлі.
 
Вусны іхнія — поўныя праклёнаў і горычы;

Ногі іхныя борздыя на разьліцьцё крыві;
 
ногі іхнія скорыя да праліцьця (праліву) крыві,

Разьвярненьне а згуба на дарогах іхных;
 
зьнішчэньне ды гора на іхніх дарогах,

І дарогі супакою яны не пазналі.
 
яны ня знаюць дарогі супакою,

Няма страху Божага перад ачыма іхнымі».
 
няма ў іх боязі Божай прад вачыма.

Вось жа, мы ведаем, што што-колечы Закон кажа, кажа да тых, што пад Законам, каб кажны рот заткнёны быў і ўвесь сьвет апынуўся пад судам Божым,
 
А ведаем, што ўсё, што вясьціць Закон, вясьціць тым, што пад Законам (пад уладай Закону), каб зашчаміць усім вусны, ды каб увесь сьвет падчыніўся Богу.

Бо ўчынкамі Закону не аправіцца ніякае цела перад Ім, бо Законам пазнаецца грэх.
 
Так як з законнасьці ўчынкаў ніводзін чалавек ня зможа перад Ім (Богам) апраўдацца, бо праз Закон пазнаецца грэх.

Але цяпер без Закону справядлівасьць Божая зьявілася, пасьветчаная Законам а прарокамі,
 
Вось цяпер выявілася справядлівасць Божая незалежна ад Закону, пасведчана Законам і прарокамі.

Справядлівасьць Божая перазь веру ў Ісуса Хрыста, у вусіх і на ўсіх вернікаў; бо нямаш розьніцы,
 
Гэта Божыя праз веру ў Езуса Хрыста ўсім (для ўсіх), што (у Яго) вераць. Бо няма розніцы,

Бо ўсі ізграшылі і спабыты славы Божае,
 
таму, што ўсе саграшылі і пазбаўлены хвалы Божай,

адзержуюць аправеньне дарма, з ласкі Ягонае, адкупленьням у Хрысту Ісусу,
 
апраўданьне ж атрымоўваюць дарма, праз Ягоную ласку, праз адкупленьне, якое ў Езусе Хрысьце;

Каторага Бог выдаў на адкупленьне перазь веру ў кроў Ягоную, дзеля паказаньня справядлівасьці Свае ў дараваньню грахоў, уперад учыненых, у часе цярплівосьці Божае,
 
Яго вось устанавіў Бог перамольнай (адплатай) ахвярай (жэртвай) праз веру моцай Ягонай крыві, для выказаньня справядлівасьці Сваёй адносна раней дапушчаных грахоў — калі не караў іх мінулых (папярэдніх) грахоў,

Да паказаньня справядлівасьці Свае ў цяперашнім часе, каб Ён справядлівым быў і праўдзячым таго, хто зь веры Ісусавае.
 
у час цярплівасьці Божай, каб аказаць справядлівасць у гэты час, ды аказацца справядлівым і апраўдаць таго, хто верыць у Езуса.

Дык ідзе хвальня? яна вылучана. Якім законам? учынкамі? Не, але законам веры.
 
Дзе ж тады прычына да хвальбы? Адкідаецца! Якім Законам? Ці законам учынкаў? Не — але законам веры.

Бо мы ўважаем, што людзіна правіцца вераю, бяз учынкаў Закону.
 
Мы перакананы, што чалавек атрымоўвае апраўданьне праз веру, незалежна ад спаўненьня загадаў Закона.

Ці Бог Жыдоў толькі? ці не народаў таксама? Але, таксама народаў;
 
Ці ж (няўжо) Бог ёсьць Богам толькі Юдэяў? А не паганаў таксама?

Бо запраўды Бог адзін, Каторы праўдзе абразаньне подле веры і неабразаньне вераю.
 
Адзін бо ёсьць Бог, Каторы абрэзанага апраўдае з веры (бо вераць), а неабрэзанага — праз веру.

Дык мы касуем Закон вераю? Няхай ня станецца так! але Закон мацуем.
 
Дык ці праз веру (вераю) касуем Закон? Ніякім чынам! Наадварот! Мы толькі Закон устанаўляем пацьвярджаем.