Да Ціта 2 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

А ты кажы тое, што годзіцца да здаровае навукі:
 
Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі.

Каб старыя былі цьвярозыя, зважныя, разумныя, здаровыя ў веры, у міласьці, у вытрываласьці;
 
Старыя павінны быць людзьмі цьвярозымі, сьціплымі, разумнымі, здаровай веры, поўныя любові і цярплівасьці.

Каб старыя жанкі таксама былі набожнага паступку, не абмоўцы або не падняволеныя шмат якому віну, вучыцелкі дабра;
 
Падобна і старыя жанчыны павінны адзявацца як дастойна сьвятых, высьцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру,

Каб маглі вучыць маладзіцы любіць мужоў сваіх і дзеці свае,
 
каб разумнаму навучалі маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей,

Быць разумнымі, чыстымі, хатнімі работніцамі, добрымі, пакорнымі сваім собскім мужом, каб Слова Божае ня было блявузґана.
 
былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зьневажалася імі Слова Божае.

Таксама захочуй маладзёнаў быць разумнымі.
 
Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі.

У вусім паказуй самога сябе зразаю добрых учынкаў, у навуццы чысьціню, зважнасьць, непапсавальнасьць,
 
У-ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы — непарушнасьць, паважнасьць,

Слова здаровае, бязупічнае, каб праціўнік быў засаромлены, ня маючы нічога сказаць праз нас благога.
 
у здаровым слове — беззаганнасьць, каб той, хто працівіцца, асароміўся, ня могучы нічога благога пра нас сказаць.

Нявольнікі маюць быць падданымі гаспадаром сваім у вусім, добра гадзіць, не перачыць,
 
Хай слугі слухаюць сваіх гаспадароў, у-ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць,

Не сабечыць, але ў вусім выказаваць добрую вернасьць, каб яны ў вусім прыбіралі навуку Спаса нашага Бога.
 
не ашукваць, але ў-ва ўсім добрую волю аказваць, каб у-ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, аздаблялі.

Бо зьявілася ласка Божая, што спасае ўсіх людзёў,
 
Зьявілася бо ласка Бога, збаўляючы ўсіх людзей,

Што вуча нас, каб мы, адрокшыся нязбожнасьці і сьвецкіх жадлівасьцяў, жылі разумна а справядліва а набожна ў цяперашнім веку,
 
якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасьці і пажаданьняў сьвету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым сьвеце,

Чакаючы дабраславёнае надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Спаса Ісуса Хрыста,
 
чакаючы шчасьлівай надзеі і прыйсьця хвалы магутнага Бога і Збаўцы нашага Езуса Хрыста,

Каторы даў Сябе за нас, каб выкупіць нас ад усяго бяспраўя і ачысьціць Сабе люд собскі, рупатлівы да добрых учынкаў.
 
які ахвяраваў самога сябе за нас, каб збавіць нас ад усякай спракуды і ачысьціць сабе народ, выбраны на ўласнасьць, рупны пра добрыя ўчынкі.

Гэта кажы і захочуй і гань з усёй уладаю. Няхай ніхто ня мае цябе ўлегцы.
 
Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. Няхай ніхто табою не пагарджае.