Адкрыцьцё 9 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І пяты ангіл затрубіў, і я абачыў гвязду, палую зь неба на зямлю, і даны быў ёй ключ бяздоньня.
 
І затрубіў пяты анёл. І ўбачыў я зорку, як яна звалілася з неба на зямлю, і дадзены ёй ключ ад студні бяздоньня.

І яна адчыніла яму бяздоньня, і вышаў дым ізь ямы, як дым ізь вялікае печы; і сонца і паветра сьцямнелі ад дыму ямы.
 
І адкрыла яна студню бяздоньня, і падняўся з бездані дым, як з вялізнае печы, і сонца і паветра патанулі ў цемры ад дыму з той прорвы.

І з дыму вышла шаранча на зямлю, і дана ёй улада, якую маюць земныя скорпіёны.
 
І з дыму тога выйшла шаранча на зямлю, і дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі.

І сказана было ёй, каб ня шкодзіла земнай траве ані якому зяленіву, ані дзервам, адно людзём, каторыя ня маюць пячаці на чолах сваіх.
 
І сказана ёй ня шкодзіць траве зямлі, ані ніякай зеляніне, ані ніякім дрэвам, толькі людзям, якія ня маюць пячаткі Божай на чолах сваіх.

І дана ёй не забіваць іх, адно мучыць пяць месяцаў; і мучэньне ад іх, як мучэньне ад скорпіёна, як укусе людзіну.
 
І нельга было ёй забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. І мучэньне іх, як боль ад скарпіёна, калі ўколе чалавека.

І тых дзён людзі будуць шукаць сьмерці, але ніяк ня знойдуць яе; і захочуць памерці, але сьмерць уцячэць ад іх.
 
І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці, але ня знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ сьмерць ад іх.

І выгляд шаранчы, як коні, прыгатаваных на вайну; і на галавах у яе быццам вянкі, падобныя да залатых, віды ж ейныя — як віды людзкія;
 
І шаранча была падобная да коней, падрыхтаваных да бою, і па галавах яна мела быццам залатыя кароны, і воблік яе быў на падабенства твараў чалавечых,

І валасы ў іх — як валасы ў жанок, а зубы ў іх былі, як у лявоў.
 
і валасы мела падобныя да валасоў жанчынаў, і зубы яе падобныя да зубоў ільвоў,

На іх былі панцыры, як панцыры зялезныя, а шум ад крыльля іхнага, як грукат ад цялежак, калі шмат коні бяжыць на вайну.
 
і панцыры яе былі нібы з жалеза, і грукат крылаў яе быццам грукат многіх калясьніцаў, запрэжаных коньмі, якія гоняць у бой.

І ў іх былі хвасты, як у скорпіёнаў, і жыгалы; улада ж іхная ў хвастох іхных — раніць людзёў пяць месяцаў.
 
І мела хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і джалы ў сваіх хвастах, і мела ўладу яна шкодзіць людзям праз пяць месяцаў.

Каралём над сабою мелі яны ангіла бяздоньня; імя ягонае пагэбрэйску Аваддон, а пагрэцку Аполён.
 
Маюць яны над сабой анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абадон, а па-грэцку Апаліён.

Першая бяда мінула; вось, ідуць за гэтай яшчэ дзьве бяды.
 
Так прайшло першае гора, а вось два іншыя горы наступаюць.

І шосты ангіл затрубіў, і я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога аброчніка, што перад Богам,
 
І шосты анёл затрубіў. І пачуў я голас, выходзячы з чатырох рагоў залатога аўтара, які быў перад Богам,

Каторы казаў шостаму ангілу, што меў трубу: «Вывальні чатырох ангілаў, зьвязаных ля вялікае ракі Еўфрату».
 
які сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: "Асвабадзі чатырох анёлаў, зьвязаных над вялікай ракой Эўфрат".

І вывальнены былі чатыры ангілы, прыгатаваныя на гадзіну а дзень а месяц а год, каб забіць трайціну людзёў.
 
Тады былі вызвалены з путаў чатыры анёлы, якія былі прыгатаваныя на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю частку людзей.

Лік коннага войска быў двойчы дзесяць тысячаў дзесяцёх тысячаў; і я чуў лік яго.
 
І лік коннага войска быў мірыяды мірыядаў; і пачуў я гэту лічбу.

Гэтак відзеў я ў відзені коні і на іх коньнікаў, што мелі на сабе панцыры агняныя а гіяцынтавыя а серкавыя; галавы ў коні, як у лявоў, і з роту ў іх выходзіў агонь а дым а серка.
 
І так бачыў я ў зьяве коней і коньнікаў на іх, маючых панцыры агністыя, і гіяцынтавыя, і серкавыя. І галовы іх былі як галовы львоў, а з храпаў іхніх шугаў агонь, дым і серка.

Гэтымі трыма болькамі, агнём а дымам а серкаю, што выходзілі з роту ў іх, была забіта трайціна людзёў;
 
Ад гэтых трох бедстваў: агня, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, прапала трэцяя частка ўсіх людзей.

Бо сіла коняў у роце ў іх і ў хвастох у іх; а хвасты іхныя падобныя да гадаў, і мелі галавы, і імі яны шкодзілі.
 
Бо сіла коней у іхніх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобныя да зьмеяў, маюць галовы і імі шкодзяць.

Засталыя ж людзі, што ня былі забіты гэтымі болькамі, не пакаяліся з учынкаў рук сваіх, каб ня кланяцца нячысьцікам, і залатым, і срэбным, і бранзовым, і каменным, і дзярвяным балваном, каторыя ня могуць бачыць ані чуць, ані хадзіць.
 
І рэшта людзей, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, не навярнуліся з учынкаў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і залатым балванам, і серабраным, і сьпіжовым, і каменным, і драўляным, якія ня могуць ані бачыць, ані чуць, ані хадзіць,

І не пакаяліся яны з убіўстваў сваіх ані з чараў сваіх, ані зь бязулства свайго, ані із зладзейства свайго.
 
і не пакаяліся ў забойствах сваіх, не адмовіліся ад чараваньняў сваіх, ані ад распусты сваёй, ані ад зладзейства свайго.