Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Адкрыццё 9 Адкрыццё 9 разьдзел

1 І затрубіў пяты анёл. І ўбачыў я зорку, як яна звалілася з неба на зямлю, і дадзены ёй ключ ад студні бяздоньня.
2 І адкрыла яна студню бяздоньня, і падняўся з бездані дым, як з вялізнае печы, і сонца і паветра патанулі ў цемры ад дыму з той прорвы.
3 І з дыму тога выйшла шаранча на зямлю, і дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі.
4 І сказана ёй ня шкодзіць траве зямлі, ані ніякай зеляніне, ані ніякім дрэвам, толькі людзям, якія ня маюць пячаткі Божай на чолах сваіх.
5 І нельга было ёй забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. І мучэньне іх, як боль ад скарпіёна, калі ўколе чалавека.
6 І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці, але ня знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ сьмерць ад іх.
7 І шаранча была падобная да коней, падрыхтаваных да бою, і па галавах яна мела быццам залатыя кароны, і воблік яе быў на падабенства твараў чалавечых,
8 і валасы мела падобныя да валасоў жанчынаў, і зубы яе падобныя да зубоў ільвоў,
9 і панцыры яе былі нібы з жалеза, і грукат крылаў яе быццам грукат многіх калясьніцаў, запрэжаных коньмі, якія гоняць у бой.
10 І мела хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і джалы ў сваіх хвастах, і мела ўладу яна шкодзіць людзям праз пяць месяцаў.
11 Маюць яны над сабой анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абадон, а па-грэцку Апаліён.
12 Так прайшло першае гора, а вось два іншыя горы наступаюць.
13 І шосты анёл затрубіў. І пачуў я голас, выходзячы з чатырох рагоў залатога аўтара, які быў перад Богам,
14 які сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: "Асвабадзі чатырох анёлаў, зьвязаных над вялікай ракой Эўфрат".
15 Тады былі вызвалены з путаў чатыры анёлы, якія былі прыгатаваныя на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю частку людзей.
16 І лік коннага войска быў мірыяды мірыядаў; і пачуў я гэту лічбу.
17 І так бачыў я ў зьяве коней і коньнікаў на іх, маючых панцыры агністыя, і гіяцынтавыя, і серкавыя. І галовы іх былі як галовы львоў, а з храпаў іхніх шугаў агонь, дым і серка.
18 Ад гэтых трох бедстваў: агня, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, прапала трэцяя частка ўсіх людзей.
19 Бо сіла коней у іхніх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобныя да зьмеяў, маюць галовы і імі шкодзяць.
20 І рэшта людзей, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, не навярнуліся з учынкаў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і залатым балванам, і серабраным, і сьпіжовым, і каменным, і драўляным, якія ня могуць ані бачыць, ані чуць, ані хадзіць,
21 і не пакаяліся ў забойствах сваіх, не адмовіліся ад чараваньняў сваіх, ані ад распусты сваёй, ані ад зладзейства свайго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Яна, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.