1 І паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як быццам крышталь, выцякаючую з трону Бога і Ягняці.
2 На сярэдзіне вуліцы горада і паабапал ракі было дрэва жыцьця, родзячае дванаццаць пладоў, штомесяц даючы плод свой, і лісьце дрэва — для лячэньня народаў.
3 І ня будзе ўжо нічога праклятага. І трон Бога і Ягняці ў ім будзе, і слугі Ягоныя Яму служыць будуць,
4 і будуць аглядаць аблічча Ягонае, і імя Яго будуць насіць на чолах сваіх.
5 І ночы ўжо ня будзе, і ня трэба будзе ўжо сьвятла лямпы, ані сьвятла сонца, бо Госпад Бог асьвеціць іх, і будуць яны валадарыць на вякі вечныя.
6 І сказаў мне: "Словы гэтыя верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог духаў прарочых, паслаў свайго анёла, каб паведаміць слугам сваім, што павінна стацца незадоўга.
7 Вось, прыходжу скора. Шчасьлівы, хто захоўвае словы прарочыя гэтае кнігі".
8 І я, Ян, чуў гэта і бачыў. І калі гэта пачуў і ўгледзеў, упаў да ног анёла, каторы мне гэтыя справы выявіў, каб пакланіцца яму.
9 І ён сказаў мне: "Глядзі, не рабі гэтага! Бо я толькі суслужнік твой і братоў тваіх прарокаў разам з тымі, якія захоўваюць словы гэтай кнігі. Богу пакланіся".
10 І сказаў мне: "Не запячатвай прарочых словаў гэтае кнігі, бо час ужо блізкі.
11 Хто ліхі, няхай больш ліхадзейнічае, хто ў нячыстасьці, няхай больш апаганьваецца, і справядлівы няхай яшчэ справядлівее, і сьвяты няхай яшчэ больш усьвячаецца.
12 Вось, прыходжу хутка, і ўзнагарода Мая разам са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
13 Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.
14 Шчасьлівыя, што мыюць вопраткі свае, каб мець уладу над дрэвам жыцьця і ўвайсьці ў горад праз брамы.
15 За мурам застануцца сабакі, чараўнікі, распусьнікі, забойцы, ідалахвальцы і ўсе тыя, што любяць хлусіць і хлусяць.
16 Я, Езус, паслаў Майго анёла, каб даў вам гэтае сьведчаньне ў цэрквах. Я — корань і род Давідаў, ясьнеючая ранішняя зорка".
17 І Дух, і нявеста клічуць: "Прыйдзі!" І хто чуе, няхай паўторыць: "Прыйдзі!" І хто сьмягне, няхай прыйдзе; хто жадае, хай бярэ ваду жыцьця дарма.
18 Вось сьведчу кожнаму, хто слухае прарочыя словы гэтае кнігі: Калі хто да іх дадасьць нешта, таго Бог пакарае адной з тых плягаў, што запісаны ў гэтай кнізе,
19 і калі хто адыме ад словаў прарочых гэтай кнігі, таму Бог адыме долю ягоную з дрэва жыцьця і з гораду сьвятога, і з таго, што ў гэтай кнізе напісана.
20 Той, хто гэта сьведчыць, кажа: "Так, прыйду неўзабаве!" "Амэн. Прыйдзі, Госпадзе Езусе!"
21 Ласка Госпада Езуса з усімі вамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Адкрыццё Яна, 22 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
