Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 1999

Адкрыццё 17 Адкрыццё 17 разьдзел

1 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чашаў, прамовіў да мяне, кажучы: "Хадзі, пакажу табе зьнішчэньне вялікай распусьніцы, што сядзіць над водамі многімі,
2 з якой распусьнічалі многія каралі зямлі, і жыхары зямлі ўпіваліся віном распуснасьці яе".
3 І перанёс мяне ў духу на пустыню. І ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на чырвоным зьверы, поўным імёнаў блюзьнерскіх, маючым сем галоваў і дзесяць рагоў.
4 Жанчына ж была ўбраная ў чырвань і парфіру, і багата ўпрыгожаная золатам, дарагімі каменьнямі і пэрламі, і ў руцэ сваёй трымала залатую чашу, поўную брыдоты і нячыстасьці сваёй распусты,
5 і на сваім чале мела напісанае тайнае імя: "Вялікі Бабілён, маці распусты і агіды зямлі".
6 І бачыў я гэту жанчыну п'яную крывёй сьвятых і крывёй мучанікаў Езусавых. І, убачыўшы яе, вельмі зьдзівіўся.
7 І анёл сказаў мне: "Чаго дзівішся? Я табе выяўлю таямніцу жанчыны і зьвера, каторы яе носіць, які мае сем галоў і дзесяць рагоў.
8 Зьвер, якога ты бачыў, быў, і няма ўжо яго, і зноў выйдзе з бяздоньня і пойдзе на загубу. На від зьвера, каторы быў і якога ўжо няма, і які зноў паявіцца, задзівяца ўсе жыхары зямлі, імёны якіх ад заснаваньня сьвету не запісаны ў кнізе жыцьця.
9 Вось тут (трэба) розум, які мае мудрасьць. Сем галоваў — гэта сем узгоркаў, на якіх сядзіць жанчына, і сем каралёў.
10 Пяць упала, адзін трывае, а іншы яшчэ не зьявіўся, і калі зьявіцца, дасца яму кароткі час прабыць.
11 І зьвер, каторы быў якога ўжо няма, ёсьць са свайго боку восьмы і з сямі паходзіць, і ідзе на загубу.
12 І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць каралёў, якія яшчэ не атрымалі ўлады, але атрымаюць каралеўскую ўладу на коратка пасьля зьвера.
13 У іх адзін намер, і моц, і ўладу сваю аддадуць зьверу.
14 Яны будуць ваяваць супраць Ягняці, і Ягня пераможа іх, бо Ён — Госпад валодаючых і Валадар каралёў; і разам з Ім атрымаюць перамогу і тыя, што пакліканыя, і выбраныя, і верныя.
15 І сказаў ён мне: "Вада, што ты бачыў, на якой сядзіць распусніца — гэта народы і грамады, і плямёны, і мовы.
16 Дзесяць жа рагоў, што ты бачыў у зьвера, гэта тыя, што будуць мець у нянавісьці распусьніцу, і зьнішчаць яе, і абяруць, і цела яе зьядуць, і спаляць яе агнём.
17 Бог бо ўлажыў ім у сэрцы іхнія, каб выканалі яны прысуд Ягоны і каб аддалі каралеўства сваё зьверу, аж пакуль ня споўніцца Слова Божае.
18 І жанчына, якую ты бачыў, — гэта вялікі горад, які меў панаваньне над каралямі зямлі".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Адкрыццё Яна, 17 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.