1 летапісаў 16 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І прынесьлі скрыню Божую, і пастанавілі яе сярод будану, каторы Давід разапнуў дзеля яе, і абраклі ўсепаленьні а супакойныя аброкі перад відам Божым.
 

І скончыў Давід паліць усепаленьні а супакойныя аброкі, і дабраславіў люд імям СПАДАРА,
 

І раздаў кажнаму Ізраеляніну, ад мужчыны аж да жонкі, кажнаму па букатцы хлеба, і па кавалку мяса, і па коўні віна.
 

І пастанавіў на службу перад скрыняю СПАДАРОВАЮ службітоў зь Левітаў, каб прыпаміналі яны, дзякавалі а выхвалялі СПАДАРА, Бога Ізраелявага:
 

Асафа за галоўнага, наступным па ім Захару, Ееля а Шэмірамофа а Егіеля а Матыфу а Елява а Венаю а Овед-Едома а Ееля зь лірамі а гусьлямі, а Асафа да гры на цымбалах,
 

А Венаю а Ягазеля сьвятароў — штачасна трубіць перад скрыняю змовы Божае.
 

Гэтага дня Давід упяршыню даў псальму ў руку Асафа а братоў ягоных, дзякаваць Богу:
 

Дзякуйце СПАДАРУ, гукайце імя Ягонае, абяшчайце меж людаў учынкі Ягоныя;
 

Пейце Яму, пейце псальмы Яму, размаўляйце праз усі чудосы Ягоныя;
 

Хваліцеся сьвятым імям Ягоным; хай вяселіцца сэрца шукаючых СПАДАРА;
 

Вызукайце СПАДАРА а сілы Ягоныя, шукайце віду Ягонага кажначасна;
 

Успамінайце дзіва, што Ён учыніў, знакі Ягоныя й суды вуснаў Ягоных,
 

Насеньне Ізраелява, слугі Ягоныя, сынове Якава, абраныя Ягоныя!
 

Ён СПАДАР, Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.
 

Памятуйце заўсёды змову Ягоную, слова расказанае тысячам пакаленьняў,
 

Каторую Ён учыніў із Абрагамам, і прысягу Ягоную Ісаку,
 

І ўстанавіў Якаву права, Ізраелю змоваю вечнаю,
 

Кажучы: «Табе дам зямлю Канаанскую, павароз спадку вашага».
 

Як вашы людзі былі нячысьленыя, як штось малое, і чужаземцы ў ёй,
 

І пераходзілі яны ад народу да народу, і ад каралеўства да іншага люду;
 

Ён не дазволіў людзіне крыўдзіць іх і ганіў каралёў за іх:
 

«Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце ліха!»
 

Пейце СПАДАРУ, уся зямля, агалашайце дзень у дзень спасеньне Ягонае.
 

Павядайце меж паган чэсьць Ягоную, меж усіх людаў чудосы Ягоныя;
 

Бо вялікі СПАДАР а вельмі славуты, і страшнейшы Ён над усі багі,
 

Бо ўсі багі людаў — балваны, але СПАДАР нябёсы ўчыніў.
 

Слава а вялічча перад відам Ягоным, магутнасьць а радасьць на месцу Ягоным.
 

Прызнайце СПАДАРУ, радзімы людаў, прызнайце СПАДАРУ чэсьць а моц.
 

Прызнайце СПАДАРУ чэсьць імені Ягонага. Прынясіце дар, ды йдзіце перад від Ягоны, сьціце СПАДАРА ў харашыні сьвятасьці.
 

Дрыжы перад Ім, уся зямля: нават сьвет Ён умацаваў, непахісьнецца.
 

Хай радуюцца нябёсы, хай вяселіцца зямля, і хай скажуць меж народаў: «СПАДАР гаспадарствуе!»
 

Раві, мора а паўніня яго, хай цешыцца поле а ўсе, што на ім.
 

Тады запяюць дзервы лесавыя перад СПАДАРОМ, бо Ён прыходзе судзіць зямлю.
 

Выхваляйце СПАДАРА, бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае.
 

І кажыце: «Спасі нас, Божа спасеньня нашага! і зьбяры нас, і выбаў нас ад паган, каб мы маглі славіць сьвятое імя Твае і хваліцца ў хвале Тваёй!
 

Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, ад веку і аж на векі!» І ўвесь люд сказаў: «Амін!», і хваліў СПАДАРА.
 

Давід пакінуў там, перад скрыняю змовы СПАДАРОВАЕ, Асафа а братоў ягоных, каб яны служылі перад скрыняю кажначасна, подле патрэбы кажнага дня,
 

І Овед-Едома а братоў ягоных, шасьцьдзясят асьмёх; Овед-Едома Ідуфунёнка а Госу — за брамнікаў,
 

А Садока сьвятара а братоў ягоных сьвятароў — перад вітальняю СПАДАРОВАЮ, на ўзвышшу, што ў Ґівеоне,
 

Да абраканьня ўсепаленьняў СПАДАРУ на аброчніку ўсепаленьня кажначасна, нараніцы і ўвечары, подле ўсёга, што напісана ў Законе СПАДАРОВЫМ, каторы Ён расказаў Ізраелю;
 

І зь імі Гэмана а Ідуфуна і іншых абраных, каторыя прызначаны наймя, каб славіць СПАДАРА, бо на векі міласэрдзе Ягонае.
 

Пры іх Гэман а Ідуфун з трубамі а цымбаламі, каб граць, і із снадзямі да песьняў Божых; сыноў жа Ідуфуна — ля варот.
 

І адышоў кажны чалавек да дому свайго; зьвярнуўся й Давід, каб дабраславіць дом свой.