Лікі 8 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Гукай Аарону й скажы яму: як ты будзеш устанаўляць лянпы, на пярэднім баку сьветача хай сьвецяць сем лянпаў».
 
«Аб'яві Аарону і скажы яму: Калі будзеш запальваць лямпы, то на пярэднім баку сьвечніка павінны гарэць сем лямпаў».

І зрабіў Аарон так: на пярэднім баку сьветача ўстанавіў лянпы яго, як расказаў СПАДАР Масею.
 
Аарон зрабіў гэтак і на пярэднім баку сьвечніка запаліў лямпы, як загадаў Госпад Майсею.

І во ўладжаньне сьветача: каваны ён із золата, аж да сьцябла яго, аж да кветак яго каваны ён. Подле зразы, каторую паказаў СПАДАР Масею, так ён зрабіў сьветач.
 
Такі вось быў выраб сьвечніка: куты ён быў з золата, ад падставы аж да кветак быў каваны. Быў ён зроблены паводле ўзору, які паказаў Госпад Майсею.

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І сказаў зноў Госпад Майсею:

«Вазьмі Левітаў з пасярод сыноў Ізраелявых і ачысьці іх.
 
«Вазьмі левітаў спаміж сыноў Ізраэля і ачысьці іх.

І гэтак зрабі ім, каб ачысьціць іх: пакрапі на іх ачышчанаю вадою, і хай яны правядуць брытваю па ўсім целе сваім і вымыюць адзецьці свае, дык ачысьцяцца.
 
Ачысьці іх так: пакрапі іх вадой ахвяры за грэх, і хай паголяць яны ўсе валасы на целе, і хай вымыюць адзеньне сваё, і будуць чыстымі.

І хай возьмуць цялё-бычка і хлебны аброк да яго, ценькае мукі, рашчыненае на аліве, а другое цялё-бычка возьме на аброк за грэх.
 
Потым возьмуць цялё са статку і ахвяру з мукі, запраўленай алеем, а другое цялё са статку ты возьмеш у ахвяру за грэх.

І дабліж Левітаў перад будан збору, і зьбяры ўсю грамаду сыноў Ізраелявых.
 
Прывядзі левітаў перад Палатку Сустрэчы і зьбяры ўсю супольнасьць Ізраэля.

І дабліж Левітаў перад відам СПАДАРА, і няхай узложаць сынове Ізраелявы рукі свае на Левітаў.
 
Калі левіты зьбяруцца перад Госпадам, хай сыны Ізраэля пакладуць на іх рукі свае.

І туды-сюды нахінаць будзе Аарон Левітаў нахінаньням перад СПАДАРОМ ад сыноў Ізраелявых, і будуць яны на службу служэньня СПАДАРОВАГА.
 
Потым Аарон як патрасанае перад Госпадам ахвяруе левітаў ад сыноў Ізраэля, каб былі служыцелямі Ягонымі.

І Левіты хай узложаць рукі свае на галаву цялят-бычкоў, і абрачы аднаго на аброк за грэх, а другога на ўсепаленьне СПАДАРУ, на адзяржаньне ласкіўчыненьня Левітам.
 
А левіты хай ускладуць рукі свае на галовы цялят, і ты аднаго зь іх складзеш у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру Госпаду на цэлапаленьне, каб ачысьціць іх.

І пастанаві Левітаў перад Ааронам а перад сынамі ягонымі, і туды-сюды нахінай іх нахінаньням СПАДАРУ.
 
Потым паставіш левітаў перад Ааронам і яго сынамі і ахвяруеш іх як патрасанае Госпаду.

І адлучы Левітаў з пасярод сыноў Ізраелявых, і будуць Левіты Імне.
 
Выдзелі левітаў спаміж сыноў Ізраэля, каб былі яны Маімі.

І просьле гэтага ўвыйдуць Левіты служыць будану збору, і ачысьціш іх, і будзеш туды-сюды нахінаць іх нахінаньням;
 
А потым хай прыходзяць і служаць у Палатцы Сустрэчы, калі ты іх ачысьціш і ахвяруеш іх як ахвяру пасьвячэньня.

Бо яны супоўна адданы Імне з пасярод сыноў Ізраелявых. Замест рашчыняючага ўсялякія дзетніцы першака з усіх сыноў Ізраелявых, Я ўзяў Сабе іх;
 
Яны бо Мне аддадзены спасярод сыноў Ізраэля. Узяў Я іх замест першародных, якія родзяцца ў Ізраэля.

Бо Імне належа кажны пяршак із сыноў Ізраелявых, з чалавека і із статку. Таго дня, як Я зразіў кажнага першака ў зямлі Ягіпецкай, Я пасьвяціў іх сабе,
 
Мае бо ўсе першародныя з сыноў Ізраэля, як зь людзей, так і з жывёлы. Ад таго дня, у які Я выгубіў усё першароднае ў зямлі Эгіпецкай, Я іх пасьвяціў Сабе.

І ўзяў Левітаў замест кажнага першака із сыноў Ізраелявых,
 
І ўзяў Я левітаў замест усіх першародных спаміж сыноў Ізраэля,

І аддаў Левітаў як дар Аарону а сыном ягоным з пасярод сыноў Ізраелявых, каб служылі службы сыноў Ізраелявых у будане збору і даставалі ласкіўчыненьне сыном Ізраелявым, каб ня была кара на сыноў Ізраелявых, як сынове Ізраелявы бліжацца да сьвятыні».
 
і даю іх Аарону і сынам ягоным спаміж сыноў Ізраэля, каб служылі Мне за ўсяго Ізраэля ў Палатцы Сустрэчы, каб перамаляць Госпада за іх, каб усьцерагчы ад кары народ, калі б асьмеліўся наблізіцца да Скініі».

І зрабіў зь Левітамі Масей а Аарон а ўся грамада сыноў Ізраелявых: подле ўсёга, як расказаў СПАДАР Масею празь Левітаў, так і зрабілі ім сынове Ізраелявы.
 
Дык Майсей і Аарон і ўся супольнасьць сыноў Ізраэля зрабілі зь левітамі гэтак; як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі зь імі сыны Ізраэля.

І ачысьціліся Левіты й памылі адзежу сваю; і туды-сюды нахінаў іх Аарон нахіваньням перад СПАДАРОМ, і дастаў ім ласкіўчыненьне Аарон, каб ачысьціць іх.
 
Вось жа ачысьціліся левіты і памылі адзеньне сваё, а Аарон, патрасаючы, ахвяраваў іх Госпаду і ачысьціў іх, каб былі ачышчаныя.

І просьле гэтага ўвыйшлі Левіты служыць службы свае ў будане збору перад Ааронам а перад сынамі ягонымі. Як расказаў СПАДАР Масею празь Левітаў, так і зрабілі яны зь імі.
 
Пасьля спаўнялі яны свае абавязкі ў Палатцы Сустрэчы ў прысутнасьці Аарона і сыноў ягоных. Як адносна Левітаў загадаў Госпад Майсею, так вось і сталася.

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
Далей казаў Госпад Майсею:

«Гэта празь Левітаў: ад дваццаць пяцёх год і вышэй увыйдуць яны служыць службу да работы будану збору.
 
«Такі вось закон адносна левітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй хай прыходзяць яны і служаць ў Палатцы Сустрэчы;

А ад пяцьдзясят год зьвернецца ад служэньня работы й ня будзе болей адправы правіць.
 
а калі скончаць пяцідзесяты год жыцьця, хай ня служаць,

І будуць паслугаваць братом сваім у будане збору, дзяржаць паручэньне, а адправы хай ня правяць. Гэтак рабі зь Левітамі што да паручэньня іхнага».
 
а будуць толькі дапамагаць братам сваім у Палатцы Сустрэчы, але абавязкаў ужо сваіх спаўняць ня будуць. Так зробіш зь левітамі адносна іх службы».