Лікі 6 разьдзел
Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2002
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І зноў сказаў Госпад Майсею:
«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: мужчына альбо жонка, калі яны адлучацца робячы абятніцу назарэйства, каб узьдзержыцца перад СПАДАРОМ,
«Аб'яві сынам Ізраэля і скажы ім: Калі нейкі мужчына або жанчына складуць шлюбаваньне назіру, каб пасьвяціцца Госпаду,
Ад віна а хмельнага напітку хай узьдзержыцца, і ані воцту віннога, ані воцту хмельнага хай ня п’ець, і ўсялякі сок ізь вінных ягадаў ня мае піць, і вінных ягадаў сьвежых, сырых ані сушаных хай ня есьць.
мусяць яны ўстрымацца ад віна і сікеры, ад ўсяго п'янкога, воцату зь віна ды ўсякага іншага піцьця, што выціскаецца зь вінаграду. Хай не ядуць таксама сьвежага вінаграду і сушанага.
Усі дні назарэйства свайго з усёга, што вырабляецца з куста віна, ад зярняці да лупіны, хай ня есьць.
Ва ўсе дні, у якія з шлюбаваньня пасьвяціліся Госпаду, ня будзе (такі чалавек) есьці нічога зь вінаграду, ад недасьпелага вінаграду аж да выцісканага.
Усі дні абятніцы назарэйства свайго брытва ня мае прайсьці па галаве ягонай. Пакуль ня споўняцца дні, на каторыя ён узьдзержыцца СПАДАРУ, сьвяты ён; мае запусьціць валасы на галаве сваёй.
Увесь час пасьвячэньня нажніцы не дакрануцца галавы. Аж да спыненьня часу, на які ён пасьвяціўся Госпаду, будзе ён сьвяты ды мае даць свабоду валасам расьці на галаве.
Усі дні, на каторыя ён узьдзержыцца СПАДАРУ, ня мае ён падыходзіць да мертвага цела.
Увесь час пасьвячэньня Госпаду не павінен ён падыходзіць да нябожчыка.
Айцом сваім, маці сваёй, братам сваім, сястрою сваёй хай ня плюгавіцца імі, як яны памруць, бо адлучэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.
Хай пры паховінах нават бацькі, маткі, брата або сястры не занячысьціцца, бо пасьвячэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.
Усі дні назарэйства свайго сьвяты ён СПАДАРУ.
Ва ўсе дні пасьвячэньня свайго сьвятым будзе ён для Госпада.
Калі ж памрэць пры ім хто-колечы разам, неўспадзеўкі, і ён сплюгаве тым галаву назарэйства свайго, то ён мае астрыгчы галаву сваю ў дзень ачышчэньня свайго, на сёмы дзень ён мае пагаліць яе.
А калі хто раптам пры ім памрэ, і ён занячысьціць галаву пасьвячэньня свайго, то астрыжэ галаву ў сёмы дзень, у дзень ачышчэньня свайго.
І на восьмы дзень мае прынесьці два туркі альбо двое галубянят да сьвятара да ўходу будану збору.
У восьмы ж дзень прынясе двух туркоў або двух маладых галубоў сьвятару да ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
І прыгатуе сьвятар адно на аброк за грэх, і адно на ўсепаленьне, і адзяржыць ласкіўчыненьне яму ад тога, што ён ізграшыў тэй душою, і пасьвяце галаву ягоную таго дня.
Аднаго складзе сьвятар у ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэлапаленьня і ачысьціць яго, бо саграшыў ён дзеля нябожчыка, і ў той дзень пасьвяціць галаву яго.
І мае ён нанава пачаць адлучэньне СПАДАРУ, дні назарэйства свайго, і прынясець аднагодняга баранчыка на аброк віны; а першыя дні адпалі, бо назарэйства ягонае сплюгаўлена.
Ды зноў пасьвяціць ён Госпаду дні пасьвячэньня свайго, складаючы ў ахвяру ягнё аднагадовае як аднагараджэньне. Дні папярэднія ня будуць залічаны яму, бо спаганіў сваё пасьвячэньне.
І во права назарэяў: дня, як споўняцца дні назарэйства ягонага, маюць прывесьці яго да ўходу будану збору;
Такі вось закон пасьвячэньня. Калі дні, якія шлюбаваў, скончацца, прывядуць яго да ўваходу ў Палатку Сустрэчы,
І ён абрачэць на аброк СПАДАРУ адно аднагодняе ягнё, баранчыка дасканальнага аднаго на ўсепаленьне, і адно аднагодняе ягнё, авечачку дасканальную, на аброк за грэх, і аднаго барана дасканальнага на аброк супакойны,
а ён прынясе ў ахвяру Госпаду адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэлапаленьня, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, і адно ягня без заганы ў ахвяру прымірэньня,
І сутнік праснакоў зь ценькае мукі, пірагоў, рашчыненых на аліве, і прэсных сачнёў, памазаных аліваю, і хлебныя аброкі іх і ўзьліваньне;
і кошык хлябоў прэсных з мукі пшанічнай, запраўленых алеем, і аладак прэсных, запраўленых алеем, поруч з належнай да іх ахвярай зь яды і ахвярай вадкай.
І абрачэць сьвятар перад СПАДАРОМ, і прыгатуе аброк ягоны за грэх і ўсепаленьне;
Сьвятар занясе ўсё гэта перад Госпада і складзе ахвяру за грэх і ахвяру цэлапаленьня.
І барана прыгатуе на аброк супакойны СПАДАРУ із сутнікам праснакоў, і прыгатуе сьвятар хлебны аброк яго а ўзьліваньне яго.
Ягнёнка ж складзе Госпаду ў ахвяру прымірэньня разам з кошыкам праснакоў. Потым складзе сьвятар ахвяру зь яды і ахвяру вадкую.
І астрыжэць назарэй ля ўходу будану збору галаву назарэйства свайго, і возьме валасы галавы назарэйства свайго, і паложа на цяпло, што пад супакойным аброкам.
Тады абстрыжэ назір ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы валасы свайго пасьвячэньня і кіне іх у агонь, у каторым гарыць ахвяра прымірэньня.
І возьме сьвятар звараную лапатку барана, і адзін прэсны пірог із сутніка, і адзін прэсны сачэнь, і паложа на далоні назарэю, просьле тога як астрыжэць ён галаву назарэйства свайго.
Потым возьме сьвятар звараную лапатку барана, хлеб прэсны з каша і прэсную аладку і складзе іх на рукі назіра пасьля таго, як пастрыжэ ён галаву свайго пасьвячэньня.
І будзе сьвятар нахінаць гэта туды-сюды на аброк нахінаньня перад СПАДАРОМ; гэта сьвятасьць сьвятару, звыш грудзіны нахінаньня й звыш лапаткі ўзьнесеньня. Просьле гэтага назарэй можа піць віно.
І сьвятар дары ахвярныя патрасе перад Госпадам; гэта бо дар сьвяты, які належыць сьвятару, апрача грудзіны патрасаньня і пляча, адкладзенага на ахвяру. Пасьля гэтага назір можа піць віно.
Гэта права назарэя, каторы чыне абятніцу дару СПАДАРУ за адлучэньне свае, апрача тога, што дастане рука ягоная; подле абятніцы, каторую аброк, гэтак ён мае рабіць, подле права адлучэньня свайго».
Такі вось закон адносна назіра, каторы шлюбаваў ахвяру сваю Госпаду за пасьвячэньне сваё апрача таго, што дазволіць яму дастатак ягоны. Паводле шлюбаваньня свайго, якое ён дасьць, павінен ён рабіць, паводле закону пасьвячэньня свайго».
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І казаў яшчэ Госпад Майсею:
«Скажы Аарону а сыном ягоным, кажучы: гэтак дабраслаўце сыноў Ізраелявых, кажучы ім:
«Скажы Аарону і сынам ягоным: Гэтак вось маеце вы дабраславіць сынам Ізраэля і казаць ім:
"Хай падабраславе цябе СПАДАР і няхай сьцеражэць цябе!
Хай дабраславіць цябе Госпад і сьцеражэ цябе!
Хай зьзяе СПАДАР відам Сваім на цябе і ласку ўчыне табе.
Хай спагадна гляне Госпад на цябе і пашкадуе цябе!
Няхай падыйме СПАДАР від Свой на цябе і дасьць табе спакой".
Хай зьверне Госпад аблічча Сваё на цябе і хай дасьць табе супакой!
І няхай узложаць імя Мае на сыноў Ізраелявых, і Я дабраслаўлю іх».
Хай так прызываюць імя Маё на сыноў Ізраэля, і Я буду ім дабраславіць».