Лікі 6 разьдзел
Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею:
«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: мужчына альбо жонка, калі яны адлучацца робячы абятніцу назарэйства, каб узьдзержыцца перад СПАДАРОМ,
абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі мужчына альбо жанчына рашыцца даць заруку назарэйства, каб прысьвяціць сябе ў назарэі Госпаду,
Ад віна а хмельнага напітку хай узьдзержыцца, і ані воцту віннога, ані воцту хмельнага хай ня п’ець, і ўсялякі сок ізь вінных ягадаў ня мае піць, і вінных ягадаў сьвежых, сырых ані сушаных хай ня есьць.
дык ён павінен устрымацца ад віна і моцнага напою, і не павінен спажываць ні воцату зь віна, ні воцату з напою, і нічога згатаванага зь вінаграду не павінен піць, і не павінен есьці ні сырых, ні сушаных вінаградных ягад;
Усі дні назарэйства свайго з усёга, што вырабляецца з куста віна, ад зярняці да лупіны, хай ня есьць.
праз усе дні назарэйства свайго не павінен ён есьці нічога, што вырабляецца зь вінаграду, ад зерня да скуркі.
Усі дні абятніцы назарэйства свайго брытва ня мае прайсьці па галаве ягонай. Пакуль ня споўняцца дні, на каторыя ён узьдзержыцца СПАДАРУ, сьвяты ён; мае запусьціць валасы на галаве сваёй.
Праз усе дні зарукі назарэйства ягоная брытва не павінна дакранацца да галавы ягонай; пакуль ня скончацца дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, сьвяты ён: павінен адпускаць валасы на галаве сваёй.
Усі дні, на каторыя ён узьдзержыцца СПАДАРУ, ня мае ён падыходзіць да мертвага цела.
Праз усе дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, не павінен ён падыходзіць да мёртвага цела:
Айцом сваім, маці сваёй, братам сваім, сястрою сваёй хай ня плюгавіцца імі, як яны памруць, бо адлучэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.
дакрананьнем да бацькі свайго і да маці сваёй, і брата свайго і сястры сваёй не павінен ён апаганьвацца, калі яны памруць, бо прысьвячэньне Богу яго на галаве ягонай;
Усі дні назарэйства свайго сьвяты ён СПАДАРУ.
праз усе дні назарэйства свайго сьвяты ён Госпаду.
Калі ж памрэць пры ім хто-колечы разам, неўспадзеўкі, і ён сплюгаве тым галаву назарэйства свайго, то ён мае астрыгчы галаву сваю ў дзень ачышчэньня свайго, на сёмы дзень ён мае пагаліць яе.
А калі памрэ пры ім хто-небудзь раптам, зьнянацку, і ён апаганіць тым самым галаву назарэйства свайго, дык ён павінен астрыгчы галаву сваю ў дзень ачышчэньня яго, на сёмы дзень павінен астрыгчы яе,
І на восьмы дзень мае прынесьці два туркі альбо двое галубянят да сьвятара да ўходу будану збору.
і на восьмы дзень павінен прынесьці дзьве галубкі, альбо двух маладых галубоў, сьвятару, да ўваходу ў скінію сходу;
І прыгатуе сьвятар адно на аброк за грэх, і адно на ўсепаленьне, і адзяржыць ласкіўчыненьне яму ад тога, што ён ізграшыў тэй душою, і пасьвяце галаву ягоную таго дня.
сьвятар адну птушку прынясе ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яго ад апаганеньня мёртвым целам, і асьвеціць галаву ў той дзень;
І мае ён нанава пачаць адлучэньне СПАДАРУ, дні назарэйства свайго, і прынясець аднагодняга баранчыка на аброк віны; а першыя дні адпалі, бо назарэйства ягонае сплюгаўлена.
і павінен ён зноў пачаць прысьвечаныя Госпаду дні назарэйства свайго і прынесьці ягня-адналетка ў ахвяру павіннасьці; а ранейшыя дні прапалі, бо назарэйства ягонае апаганена.
І во права назарэяў: дня, як споўняцца дні назарэйства ягонага, маюць прывесьці яго да ўходу будану збору;
І вось закон пра назарэя, калі скончацца дні назарэйства ягонага: трэба прывесьці яго да ўваходу ў скінію сходу,
І ён абрачэць на аброк СПАДАРУ адно аднагодняе ягнё, баранчыка дасканальнага аднаго на ўсепаленьне, і адно аднагодняе ягнё, авечачку дасканальную, на аброк за грэх, і аднаго барана дасканальнага на аброк супакойны,
і ён прынясе ў ахвяру Госпаду адно адналетняе ягня без пахібы на цэласпаленьне, і адну адналетнюю авечку без пахібы ў ахвяру за грэх, і аднаго барана без пахібы ў ахвяру мірную,
І сутнік праснакоў зь ценькае мукі, пірагоў, рашчыненых на аліве, і прэсных сачнёў, памазаных аліваю, і хлебныя аброкі іх і ўзьліваньне;
і кош праснакоў з пшанічнай мукі, хлябоў, сьпечаных з алеем, і прэсных ляпёшак, памазаных алеем, і пры іх хлебнае прынашэньне і паліваньне;
І абрачэць сьвятар перад СПАДАРОМ, і прыгатуе аброк ягоны за грэх і ўсепаленьне;
і паставіць гэта сьвятар перад Госпадам і прынясе ахвяру ягоную за грэх і цэласпаленьне ягонае;
І барана прыгатуе на аброк супакойны СПАДАРУ із сутнікам праснакоў, і прыгатуе сьвятар хлебны аброк яго а ўзьліваньне яго.
барана прынясе ў ахвяру мірную Госпаду з кашом праснакоў, таксама ўчыніць сьвятар хлебнае прынашэньне ягонае і паліваньне ягонае;
І астрыжэць назарэй ля ўходу будану збору галаву назарэйства свайго, і возьме валасы галавы назарэйства свайго, і паложа на цяпло, што пад супакойным аброкам.
і астрыжэ назарэй каля ўваходу ў скінію сходу галаву назарэйства свайго, і возьме валасы галавы назарэйства свайго, і пакладзе на агонь, які пад мірнаю ахвяраю;
І возьме сьвятар звараную лапатку барана, і адзін прэсны пірог із сутніка, і адзін прэсны сачэнь, і паложа на далоні назарэю, просьле тога як астрыжэць ён галаву назарэйства свайго.
і возьме сьвятар згатаваную лапатку барана і адзін прэсны пірог і адну прэсную ляпёшку, і пакладзе на рукі назарэю пасьля таго, як астрыжэ ён галаву назарэйства свайго;
І будзе сьвятар нахінаць гэта туды-сюды на аброк нахінаньня перад СПАДАРОМ; гэта сьвятасьць сьвятару, звыш грудзіны нахінаньня й звыш лапаткі ўзьнесеньня. Просьле гэтага назарэй можа піць віно.
і паднясе ўсё гэта сьвятар, патрасаючы перад Госпадам: гэта — сьвятыня сьвятару, звыш грудзей патрасаньня і звыш лапаткі паднашэньня. Пасьля гэтага назарэй можа піць віно.
Гэта права назарэя, каторы чыне абятніцу дару СПАДАРУ за адлучэньне свае, апрача тога, што дастане рука ягоная; подле абятніцы, каторую аброк, гэтак ён мае рабіць, подле права адлучэньня свайго».
Вось закон пра назарэя, які даў заруку, і ахвяра ягоная Госпаду за назарэйства сваё, апроч таго, што дазволіць яму дастатак ягоны; паводле зарукі сваёй, якую ён дасьць, так і павінен ён рабіць, звыш узаконенага пра назарэйства ягонае.
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
«Скажы Аарону а сыном ягоным, кажучы: гэтак дабраслаўце сыноў Ізраелявых, кажучы ім:
скажы Аарону і сынам ягоным: так дабраслаўляйце сыноў Ізраілевых, кажучы ім:
"Хай падабраславе цябе СПАДАР і няхай сьцеражэць цябе!
хай дабраславіць цябе Гасподзь і захавае цябе!
Хай зьзяе СПАДАР відам Сваім на цябе і ласку ўчыне табе.
хай паглядзіць на цябе Гасподзь сьветлым тварам Сваім і ўмілажаліцца зь цябе!
Няхай падыйме СПАДАР від Свой на цябе і дасьць табе спакой".
хай паверне Гасподзь твар Свой да цябе і дасьць табе спакой!
І няхай узложаць імя Мае на сыноў Ізраелявых, і Я дабраслаўлю іх».
Так няхай заклікаюць імя Маё на сыноў Ізраілевых, і Я дабраслаўлю іх.