Лікі 9 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І гукаў СПАДАР Масею на пустыні па выхадзе іх ізь зямлі Ягіпецкае, першага месяца, кажучы:
 
І сказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай на другі год пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай, у першы месяц, кажучы:

«І ўчыняць сынове Ізраелявы Пасху ў прызначанай пары яе.
 
хай сыны Ізраілевыя ўчыняць Пасху ў вызначаны час:

Чатырнанцатага дня гэтага месяца адвячоркам зрабіце яе ў прызначанай ёй пары; подле ўсіх уставаў а ўсіх судоў зрабіце яе».
 
на чатырнаццаты дзень гэтага месяца ўвечары ўчынеце яе ў вызначаны на яе час, паводле ўсіх пастановаў і паводле ўсіх абрадаў яе ўчынеце яе.

І казаў Масей сыном Ізраелявым, каб рабілі Пасху.
 
І сказаў Майсей сынам Ізраілевым, каб учынілі Пасху.

І рабілі яны Пасху першага месяца, чатырнанцатага дня месяца адвячоркам, на пустыні Сынайскай; подле ўсёга тога, як расказаў СПАДАР Масею, так учынілі сынове Ізраелявы.
 
І ўчынілі яны Пасху ў першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары ў пустыні Сінайскай: ва ўсім, як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя.

І былі людзі, што былі нячыстыя ад душы мертвага чалавека, і не маглі рабіць Пасхі таго дня; і дабліжыліся яны да Масея а да Аарона таго дня,
 
Былі людзі, якія былі нячыстыя ад дакрананьня да мёртвых целаў чалавечых, і не маглі ўчыніць Пасхі ў той дзень; і прыйшлі яны да Майсея і Аарона ў той дзень,

І сказалі тыя людзі яму: «Мы нячыстыя ад душы мертвага чалавека; чаму паменшыць нас, каб мы не абраклі аброк СПАДАРУ ў прызначанай пары сярод сыноў Ізраелявых?»
 
і сказалі яму тыя людзі: мы нячыстыя ад дакрананьня да мёртвых целаў чалавечых; навошта нас пазбаўляць таго, каб мы прынесьлі прынашэньне Госпаду ў вызначаны час сярод сыноў Ізраілевых?

І сказаў ім Масей: «Пастойце, і я паслухаю, што раскажа праз вас СПАДАР».
 
І сказаў ім Майсей: пастойце, я паслухаю, што загадае пра вас Гасподзь.

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І наказаў Гасподзь Майсею сказаць;

«Гукай сыном Ізраелявым, кажучы: калі хто будзе нячысты ад дакраненьня да душы мертвага, альбо далёкая дарога вам, або родам вашым, дык і ён зробе Пасху СПАДАРУ.
 
скажы сынам Ізраілевым: калі хто з вас альбо з наступнікаў вашых будзе нячысты ад дакрананьня да мёртвага цела, альбо будзе ў далёкай дарозе, дык і ён павінен учыніць Пасху Гасподнюю;

Другога месяца чатырнанцатага дня адвячоркам няхай робяць яе, і з праснакамі а гаркімі травамі няхай ядуць яе.
 
а на чатырнаццаты дзень другога месяца ўвечары няхай яны ўчыняць яе і з праснакамі і з горкімі травамі няхай ядуць яе;

І хай не пакідаюць ад яе да раньня, і косьці яе ня ломяць; подле ўсіх уставаў Пасхі хай зробяць яе.
 
і няхай не пакідаюць ад яе да раніцы і касьцей яе ня трушчаць; няхай учыняць яе паводле ўсіх пастановаў пра Пасху;

А людзіна, каторая чыстая і ў дарозе ня была, і перастане рабіць Пасху, дык выгубіцца душа тая зь люду свайго, бо яна не абракла аброку СПАДАРУ ў прызначаную пару; панясець на сабе грэх людзіна тая.
 
а хто чысты і не ў дарозе і ня ўчыніць Пасхі, — зьнішчыцца душа тая з народу свайго, бо ён не прынясе прынашэньня Госпаду ў свой час, панясе на сабе грэх чалавек той;

І калі будзе жыць у вас чужаземец, і ён будзе рабіць Пасху СПАДАРУ: подле права Пасхі й подле ўставы яе гэтак ён мае рабіць яе. Адно права хай будзе ў вас і чужаземцу й тубылцу зямлі».
 
калі будзе жыць у вас прыхадзень, дык і ён павінен учыняць Пасху Гасподнюю: паводле пастановы пра Пасху і паводле абраду яе ён павінен учыніць яе; адзін статут хай будзе ў вас і прыхадню і тубыльцу.

Таго дня, як выстаўлена была вітальня, булак пакрыў вітальню будану сьветчаньня, і зь вечара была над вітальняю быццам зьява агню аж да раньня.
 
У той дзень, калі ўстаноўлена была скінія, воблака ахінула скінію адкрыцьця, і зь вечара над скініяй як бы агонь быў відзён да самае раніцы.

Гэтак было й заўсёды: булак пакрываў яе і выгляд агню ночы.
 
Так было і заўсёды: воблака ахінала яе ўдзень і падабенства агню ўначы.

І як падымаўся булак ад будану, то просьле тога сынове Ізраелявы краталіся ў дарогу; і на месцу, ідзе прабываў булак, там разьлягаліся табарам сынове Ізраелявы.
 
І калі воблака падымалася ад скініі, тады сыны Ізраілевыя выпраўляліся ў дарогу, і на месцы, дзе спынялася воблака, там спыняліся табарам сыны Ізраілевыя.

За расказаньням СПАДАРА краталіся сынове Ізраелявы ў дарогу, і за расказаньням СПАДАРА разьлягаліся ўсі дні. Як булак прабываў над вітальняю, яны былі разьлёгшыся табарам.
 
Па загадзе Гасподнім выпраўляліся сыны Ізраілевыя ў дарогу і па загадзе Гасподнім спыняліся: увесь той час, калі воблака стаяла над скініяй, стаялі і яны;

І калі булак трываў над вітальняю шмат дзён, то й сынове Ізраелявы дзяржалі паручэньне СПАДАРУ й не падарожжавалі.
 
і калі воблака доўгі час было над скініяй, дык і сыны Ізраілевыя сьледавалі гэтаму ўказаньню Госпада і не выпраўляліся;

І бывала, як булак быў над вітальняю лічаныя дні: за расказаньням СПАДАРОВЫМ разьлягаліся, і за расказаньням СПАДАРОВЫМ краталіся.
 
а часам воблака нядоўга было над скініяй: яны па ўказаньні Гасподнім спыняліся і па ўказаньні Гасподнім выпраўляліся ў дарогу;

І бывала, калі булак быў зь вечара да раньня, і падняўся булак нараніцы, якга крануліся; або ўдзень, або ночы, і як падыймаўся булак, і яны тады краталіся.
 
часам воблака стаяла толькі ад вечара да раніцы, і раніцай падымалася воблака, тады і яны выпраўляліся; альбо дзень і ноч стаяла воблака, і калі падымалася, і яны тады выпраўляліся;

Або, калі два дні, або месяц, або колькі дзён заставаўся булак над вітальняю, каб прабываць над ёю, то сынове Ізраелявы заставаліся разьлёгшыся табарам і ня краталіся; а як падыймаўся, тады крануліся.
 
альбо калі два дні альбо месяц, альбо некалькі дзён стаяла воблака над скініяй, дык і сыны Ізраілевыя стаялі і не выпраўляліся ў дарогу; а калі яно падымалася, тады выпраўляліся;

За расказаньням СПАДАРОВЫМ разьлягаліся, і за расказаньням СПАДАРОВЫМ краталіся: дзяржалі паручэньне СПАДАРОВА за расказаньням СПАДАРА Масеям.
 
па ўказаньні Гасподнім спыняліся і па ўказаньні Гасподнім выпраўляліся ў дарогу: сьледавалі ўказанью Гасподняму і паводле загаду Гасподняга Майсею.