Лікі 29 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сёмага месяца, на першы дзень месяца, сьвяты збор хай будзе ў вас; ніякае рамеснае работы не рабіце; дзень трубнага гуку хай будзе ў вас.
 
І сёмага месяца, у першы дзень месяца, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; хай будзе гэта ў вас дзень трубнага гуку;

І абрачыце ўсепаленьне на прыемны пах СПАДАРУ: адно цялё-бычка, аднаго барана, сем аднагодніх баранчыкаў дасканальных,
 
і прыносьце цэласпаленьне дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду: адно цяля, аднаго барана, сем ягнят-адналетак, без пахібы,

І іх аброк хлебны: ценькае мукі, рашчыненае на аліве, тры дзясятыя часьці на цялё-бычка, дзьве дзясятыя часьці на барана,
 
і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на цяля, дзьве дзясятыя долі эфы на барана,

І адну дзясятую часьць на кажнага ізь сямёх баранчыкаў,
 
і адну дзясятую долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,

І адно казянё на аброк за грэх, на ласкіўчыненьне вам,
 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, дзеля ачышчэньня вас,

Апрача маладзіковага ўсепаленьня а хлебнага аброку яго, і штачаснага ўсепаленьня а хлебнага аброку яго, і ўзьліваньняў іх, подле ўставы, на прыемны пах, на агняны аброк СПАДАРУ.
 
звыш цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня яго ў дзень маладзіка, і звыш пастаяннага цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня іх, паводле ўстанаўленьня, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

І на дзясяты дзень гэтага сёмага месяца сьвяты збор хай будзе ў вас; і марыце душы свае, і ніякае работы не рабіце.
 
І на дзясяты дзень гэтага сёмага месяца хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце тады душы вашыя і ніякай працы не рабеце;

І абракайце ўсепаленьне СПАДАРУ на прыемны пах: адно цялё-бычка, аднаго барана, сем аднагодніх баранчыкаў; дасканальныя няхай будуць яны ў вас;
 
і прыносьце цэласпаленьне Госпаду дзеля прыемнай духмянасьці: адно цяля, аднаго барана сем ягнят-адналетак; без пахібы хай будуць яны ў вас;

І іх аброк хлебны: ценькае мукі, рашчыненае на аліве, тры дзясятыя часьці на цялё-бычка, дзьве дзясятыя часьці на барана аднаго,
 
і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на цяля, дзьве дзясятыя долі эфы на барана,

І па дзясятай часьці на кажнага ізь сямёх баранчыкаў,
 
і па дзясятай долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,

Адно казянё на аброк за грэх, апрача аброку за грэх на ласкіўчыненьне, і ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня іх.
 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш ахвяры за грэх, якая прыносіцца ў дзень ачышчэньня, і звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня іх.

І на пятнанцаты дзень сёмага месяца сьвяты збор хай будзе ў вас; ніякае рамеснае работы не рабіце і сьвяткуйце сьвята СПАДАРУ сем дзён.
 
І на пятнаццаты дзень сёмага месяца хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце і сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён;

І абракайце ўсепаленьне, агняны аброк, прыемны пах СПАДАРУ: трынанцаць цялят-бычкоў, два бараны, чатырнанцаць аднагодніх баранчыкаў; дасканальныя хай яны будуць;
 
і прыносьце цэласпаленьне, ахвяру, прыемную духмянасьць Госпаду: трынаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак; без пахібы хай будуць яны;

І іх аброк хлебны: ценькае мукі, рашчыненае на аліве, тры дзясятыя часьці на адно з трынанцацёх цялят-бычкоў, дзьве дзясятыя часьці на аднаго з двух бараноў,
 
і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае з трынаццаці цялят, дзьве дзясятыя долі эфы на кожнага з двух бараноў,

І па дзясятай часьці на аднаго з чатырнанцацёх баранчыкаў,
 
і па дзясятай долі эфы на кожнае з чатырнаццаці ягнят,

І адно казянё на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, хлебнага аброку яго і ўзьліваньня яго.
 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня яго.

І на другі дзень: двананцаць цялят-бычкоў, два бараны, аднагодніх баранчыкаў чатырнанцаць, дасканальных,
 
І на другі дзень дванаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

І іх аброк хлебны а ўзьліваньне іх да цялят-бычкоў, да бараноў, да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,
 
і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

І адно казянё на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня іх.
 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня іх.

І на трэйці дзень: цялят-бычкоў адзінанцаць, бараны два, аднагодніх баранчыкаў чатырнанцаць, дасканальных,
 
І на трэці дзень адзінаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят адналеткаў, без пахібы,

І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цялят-бычкоў, да бараноў а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,
 
і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

І казянё адно на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня яго.
 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

І на чацьверты дзень: цялят-бычкоў дзесяць, бараны два, аднагодніх баранчыкаў чатырнанцаць, дасканальных,
 
І на чацьвёрты дзень дзесяць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цялят-бычкоў а да бараноў а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,
 
і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

І казянё адно на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня яго.
 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

І на пяты дзень: цялят бычкоў дзевяць, бараны два, чатырнанцаць аднагодніх баранчыкаў, дасканальных,
 
і на пяты дзень дзевяць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цялят-бычкоў, да бараноў а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,
 
і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

І казянё адно на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку, і ўзьліваньня яго.
 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

І на шосты дзень: цялят-бычкоў восьмі, бараны два, аднагодніх баранчыкаў дасканальных чатырнанцаць,
 
І на шосты дзень восем цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цялят бычкоў а да бараноў а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,
 
і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

І казяня адно на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня яго.
 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

І на сёмы дзень: цялят сем, два бараны, баранчыкаў аднагодніх чатырнанцаць, дасканальных,
 
і на сёмы дзень сем цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цялят-бычкоў, да бараноў а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы іх,
 
і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

І адно казянё на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня кажначаснага, і хлебнага аброку яго, і ўзьліваньня яго.
 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

На восьмы дзень урочыстасьць хай будзе ў вас; ніякае рамеснае работы не рабіце.
 
На восьмы дзень хай будзе ў вас адданьне сьвята; ніякай працы не рабеце;

І абракайце ўсепаленьне, агняны аброк, прыемны пах СПАДАРУ: цялё-бычка адно, аднаго барана, баранчыкаў аднагодніх сем, дасканальных,
 
і прыносьце цэласпаленьне, ахвяру, прыемную духмянасьць Госпаду: адно цяля, аднаго барана, сем ягнят-адналетак, без пахібы,

І іх аброк хлебны, і іх узьліваньне да цяляці-бычка, да барана а да баранчыкаў, подле ліку іх, подле ўставы,
 
і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цяляці, барана і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

І казянё адно на аброк за грэх, апрача ўсепаленьня штачаснага, і аброку хлебнага яго, і ўзьліваньня яго.
 
і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

Гэта рабіце СПАДАРУ ў прызначаныя поры свае, апрача абятніцаў сваіх а самахотных аброкаў сваіх, на ўсепаленьні свае, на хлебныя аброкі свае, на ўзьліваньні свае а на супакойныя аброкі свае».
 
Прыносьце гэта Госпаду ў сьвяты вашыя, звыш таго, што вы прыносіце, паводле абяцаньня і па рупнасьці, цэласпаленьняў вашых і хлебных прынашэньняў вашых і паліваньняў вашых і мірных ахвяраў вашых.