Лікі 23 разьдзел
Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І сказаў Валаам Валаку: «Збудуй імне тут сем аброчнікаў, і прыгатуй імне тут сем цялят-бычкоў і сем бараноў».
І сказаў Валаам Валаку: пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне сем цялят і сем бараноў.
І зрабіў так подле тога, як казаў Валаам, і ўзьнесьлі Валак а Валаам па цяляці а па баране на аброчніку.
Валак зрабіў так, як казаў Валаам, і ўзьнесьлі Валак і Валаам па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.
І сказаў Валаам Валаку: «Пастой ля ўсепаленьня свайго, а я пайду; можа СПАДАР выйдзе імне напярэймы, і слова, што Ён аб’яве імне, то я скажу табе». І пайшоў на высокае месца.
І сказаў Валаам Валаку: пастой каля цэласпаленьня твайго, а я пайду; можа, Гасподзь выйдзе мне насустрач, і што Ён адкрые мне, я абвяшчу табе.
І сустрэўся Бог із Валаамам, і сказаў Яму: «Сем аброчнікаў прыгатаваў я, і ўзьнёс па цяляці-бычку а па баране на аброчніку».
І сустрэўся Бог з Валаамам, і сказаў яму Валаам: сем ахвярнікаў паставіў я і ўзьнёс па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.
І ўлажыў СПАДАР слова ў вусны Валаамавы, і сказаў: «Зьвярніся да Валака і гэтак гукай».
І ўклаў Гасподзь слова ў вусны Валаамавыя і сказаў: вярніся да Валака і так кажы.
І зьвярнуўся да яго, і вось, ён стаіць ля ўсепаленьня свайго, ён а ўсі начэльнікі моаўскія.
І вярнуўся да яго, і вось, ён стаіць каля цэласпаленьня свайго, ён і ўсе князі Маавіцкія.
І ўзьняў прыпавесьць сваю, і сказаў: «З Арам прывёў мяне Валак, кароль Моава, з гор усходніх: "Пайдзі, пракліні імне Якава, прыйдзі, пракажы кляцьбу на Ізраеля".
І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: зь Месапатаміі прывёў мяне Валак, цар Маава, ад гор усходніх: прыйдзі, пракляні мне Якава, прыйдзі, выкажы зло на Ізраіля!
Як пракліну я? БОГ не пракляў яго.
Як пракляну я? Бог не праклінае яго. Як выкажу зло? Гасподзь не выказвае зла.
Зь верху скал бачу я яго, і з узгоркаў гляджу на яго: вось, люд жывець асобна і меж народаў ня лічыцца.
Зь вяршыні скал бачу яго і з пагоркаў гляджу на яго: вось, народ жыве асобна і сярод народаў ня лічыцца.
Хто паліча пясок Якаваў і лік чацьвертае часьці Ізраеля? Хай памрэць душа мая сьмерцю справядлівых, і хай будзе апошні канец мой падобны да яго».
Хто палічыць пясок Якава і велічыню чацьвёртай часткі Ізраіля? Хай памрэ душа мая сьмерцю праведнікаў, і хай будзе скон мой, як і іхні!
І сказаў Валак Валааму: «Што ты імне робіш? Я ўзяў цябе праклясьці варагоў маіх, а ты, вось, дабраславенствам дабраславіш?»
І сказаў Валак Валааму: што ты са мною робіш? я ўзяў цябе, каб праклясьці ворагаў маіх, а ты, вось, дабраслаўляеш?
І адказаў ён, і сказаў: «Ці ня тое, што ўложа СПАДАР у вусны мае, ці ня тое маю рупіцца казаць?»
І адказваў ён і сказаў: ці не павінен я дакладна сказаць тое, што ўкладвае Гасподзь у вусны мае?
І сказаў яму Валак: «Пайдзі ж з імною на другое месца, з каторага ты абачыш яго, але толькі часьць яго абачыш, а ўсяго не абачыш; і пракліні імне яго стуль».
І сказаў яму Валак: ідзі са мною на другое месца, зь якога ты ўбачыш яго, але толькі частку яго ўбачыш, а ўсяго яго ня ўбачыш, і пракляні мне яго адтуль.
І ўзяў яго на поле Софім, на верх гары Пісґі, і збудаваў сем аброчнікаў, і ўзьнёс па цяляці-бычку а па баране на кажным аброчніку.
І ўзяў яго на месца вартаўнікоў, на вяршыню гары Фасгі, і паставіў сем ахвярнікаў, і ўзьнёс па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.
І сказаў Валаку: «Пастой тут ля ўсепаленьня свайго, а я сустрэну там СПАДАРА.
І сказаў Валаку: пастой тут каля цэласпаленьня твайго, а я пайду туды насустрач.
І стрэўся СПАДАР із Валаамам, і ўлажыў слова ў вусны ягоныя, і сказаў: «Зьвярніся да Валака й гэтак кажы».
І сустрэўся Гасподзь з Валаамам, і ўклаў слова ў вусны ягоныя, і сказаў: вярніся да Валака і так кажы.
І прышоў да яго, і вось, ён стаіць ля ўсепаленьня, і начэльнікі моаўскія зь ім. І сказаў яму Валак: «Што казаў СПАДАР?»
І прыйшоў да яго, і вось, ён стаіць каля цэласпаленьня свайго, і зь ім князі Маавіцкія. І сказаў яму Валак: што сказаў Гасподзь?
Ён узьняў прыпавесьць сваю і сказаў: «Устань, Валача, і паслухай, сьхіні вуха да мяне, Сэпоронку.
Ён прамовіў прытчу сваю і сказаў: устань, Валак, і паслухай, уважай мне, сыне Сэпфораў.
Не чалавек Бог, каб яму маніць, і ня сын людзкі, каб яму каяцца. Ці Ён скажа, і ня ўчыне? І будзе казаць, і ня дойсьніць?
Бог не чалавек, каб няпраўду казаць, і ня сын чалавечы, каб Яму шкадаваць. Ці скажа Ён і ня зробіць? будзе казаць і ня выканае?
Вось, дабраславіць прыняў я, бо Ён дабраславе, і я не магу перастанавіць.
Вось, дабраслаўляць пачаў я, бо Ён дабраславіў, і я не магу зьмяніць гэтага.
Бо Ён не назірае бяспраўя ў Якаву, і ня бача крутадушша ў Ізраелю; СПАДАР, Бог яго, зь ім, і трубны каралеўскі гук у яго.
Ня відаць бяды ў Якаве, і ня прыкметна няшчасьця ў Ізраіле; Гасподзь, Бог ягоны, зь ім, і трубны царскі гук у яго;
Бог вывеў яго зь Ягіпту, барзьдзіня аднарога ў яго.
Бог вывеў іх зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго;
Няма чараў у Якаву і няма варажбы ў Ізраелю. У пару скажуць празь Якава а праз Ізраеля: "Во што твора Бог!"
няма чарадзейства ў Якаве і няма варажнечы ў Ізраілі. Сваім часам скажуць пра Якава і пра Ізраіля: вось, што творыць Бог!
Вось, люд, як лявіца ўстаець, і як леў падыймаецца; ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабытку і ненап’ецца крыві забітых».
Вось народ, як ільвіца ўстае, і як леў падымаецца; ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не нап’ецца крыві забітых.
І сказаў Валак Валааму: «Ані клясьці ня кліні, ані дабраславіць не дабраслаў яго».
І сказаў Валак Валааму: ні клясьці не кляні яго, ні дабраслаўляць не дабраслаўляй яго.
І адказаў Валаам, і сказаў Валаку: «Ці не казаў я табе, кажучы: "Усе, што СПАДАР кажа, я маю рабіць?"»
І адказваў Валаам і сказаў Валаку: ці не казаў я табе, што я буду рабіць усё тое, што скажа мне Гасподзь?
І сказаў Валак Валааму: «Пайдзі ж, я вазьму цябе на іншае месца; можа будзе зьлюб у ваччу Бога, і праклінеш яго імне стуль».
І сказаў Валак Валааму: ідзі, я вазьму цябе на другое месца; можа, заўгодна будзе Богу, і адтуль праклянеш мне яго.
І ўзяў Валак Валаама на верх Пеґора, што глядзіць на від пустыні.
І ўзяў Валак Валаама на верх Фегора, абернутага да пустыні.
І сказаў Валаам Валаку: «Збудуй імне тут сем аброчнікаў і прыгатуй імне тут сем цялят-бычкоў і сем бараноў».
І сказаў Валаам Валаку: пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне тут сем цялят і сем бараноў.
І зрабіў Валак, як сказаў Валаам, і ўзьнёс па цяляці-бычку а баране на аброчніку.
І зрабіў Валак, як сказаў Валаам, і ўзьнёс па цяляці і барану на кожным ахвярніку.