Лікі 12 разьдзел
Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
І гукалі Мірыям а Аарон супроці Масея за жонку Етыоплянку, каторую ён узяў; бо жонку Етыоплянку ён узяў;
І дакаралі Марыям і Аарон Майсея за жонку Эфіопку, якую ён узяў, — бо ён узяў за сябе Эфіопку, —
І сказалі: «Ці адным Масеям гукаў СПАДАР? Ці ня гукаў Ён таксама намі?» І пачуў СПАДАР.
і сказалі: ці ж аднаму Майсею гаварыў Гасподзь? ці не гаварыў Ён і нам? І пачуў гэта Гасподзь.
А муж Масей найпакарнейшы зь усіх людзёў, што на відзе зямлі.
А Майсей быў чалавек найрахманейшы з усіх людзей на зямлі.
І казаў СПАДАР зьнячэўку Масею а Аарону а Мірыяме: «Выйдзіце вы трое перад будан збору». І вышлі ўсі трое.
І сказаў Гасподзь зьнянацку Майсею і Аарону і Марыям: выйдзіце вы трое да скініі сходу. І выйшлі ўсе трое.
І зышоў СПАДАР у болачным стаўпе, і стаў ля ўходу будану, і гукнуў Аарона а Мірыям, і вышлі яны абое.
І сышоў Гасподзь у воблачным слупе, і стаў каля ўваходу ў скінію, і паклікаў Аарона і Марыям, і выйшлі яны абое.
І сказаў: «Слухайце ж словы Мае: калі бывае ў вас прарока, то Я, СПАДАР, аб’яўляюся яму ў зьяве, у сьне буду гутарыці зь ім;
І сказаў: слухайце словы Мае: калі бывае ў вас прарок Гасподні, дык Я адкрываюся яму ва ўяве, у сьне гутару зь ім;
Ня так слуга мой Масей; у вусім доме Маім верны ён.
але ня так, як з рабом Маім Майсеем, — ён верны ва ўсім дому Майму:
Вуснамі да вуснаў Я буду гутарыць ізь ім, і зьяваю, а не загадкамі, і падобнасьць СПАДАРОВУ ён бача; і чаму вы не баяліся гукаць супроці слугі Майго, супроці Масея?»
вусны ў вусны гавару Я зь ім, і яўна, а не ва ўявах, і вобраз Госпада бачыць ён; як жа не пабаяліся вы дакараць раба Майго Майсея?
І запалаў гнеў СПАДАРОЎ на іх, і Ён адышоў.
І ўспалымніўся гнеў Гасподні на іх, і Ён адышоў.
І булак адвярнуўся ад будану, і вось, Мірыям пракажана, як сьнег. Аарон азірнуўся на Мірыям, і вось, яна пракажаная.
І воблака адышло ад скініі, і вось, Марыям пакрылася праказаю, як сьнегам. Аарон зірнуў на Марыям, і вось яна ў праказе.
І сказаў Аарон Масею: «Спадару мой, не лажы на нас грэху, што мы дурна ўчынілі і што ізграшылі;
І сказаў Аарон Майсею: гаспадару мой! не палічы нам за грэх, што мы зрабілі неразумна і зграшылі;
Няхай ня будзе, як мертвае, каторае выходзе зь дзетніцы маці свае, і стлела палавіца цела».
не дапусьці, каб яна была, як дзіця, што нарадзілася мёртвае, у якога, калі яно выходзіць з чэрава маці сваёй, стлела ўжо палавіна цела.
І маліў Масей СПАДАРА, кажучы: «Божа! уздароў яе, калі ласка».
І залямантаваў Майсей да Госпада, кажучы: Божа, ацалі яе!
І сказаў СПАДАР Масею: «Калі б ацец ейны плюнуў ёй у від, то ці ня мела б яна сароміцца сем дзён? Дык хай будзе яна замкнёна на сем дзён вонках табару, а потым ізноў уведзена будзе».
І сказаў Гасподзь Майсею: калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, дык ці ня мусіла б яна саромецца сем дзён? дык вось, няхай будзе яна ў затачэньні сем дзён па-за табарам, а пасьля зноў вернецца.
І была Мірыям замкнёна вонках табару сем дзён, і люд не падарожжаваў, пакуль ня была ізноў уведзена Мірыям.
І прабыла Марыям у затачэньні па-за табарам сем дзён, і народ не выпраўляўся ў дарогу, пакуль не вярнулася Марыям.
І просьле гэтага люд крануўся з Гасэрофу й разьлёгся табарам на пустыні Паран.