Лікі 6 разьдзел
Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: мужчына альбо жонка, калі яны адлучацца робячы абятніцу назарэйства, каб узьдзержыцца перад СПАДАРОМ,
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі нейкі мужчына або жанчына складуць шлюбаваньне назіру, каб пасьвяціцца ГОСПАДУ,
Ад віна а хмельнага напітку хай узьдзержыцца, і ані воцту віннога, ані воцту хмельнага хай ня п’ець, і ўсялякі сок ізь вінных ягадаў ня мае піць, і вінных ягадаў сьвежых, сырых ані сушаных хай ня есьць.
мусяць яны ўстрымацца ад віна і сікеры, воцату з віна і воцату з сікеры ня будуць піць, і ўсякага піцьця з вінаграду ня будуць піць. Сьвежага вінаграду і сушанага ня будуць есьці.
Усі дні назарэйства свайго з усёга, што вырабляецца з куста віна, ад зярняці да лупіны, хай ня есьць.
У-ва ўсе дні пасьвячэньня свайго ня будзе [такі чалавек] есьці нічога з вінаграду, ад недасьпелага вінаграду аж да выцісканага.
Усі дні абятніцы назарэйства свайго брытва ня мае прайсьці па галаве ягонай. Пакуль ня споўняцца дні, на каторыя ён узьдзержыцца СПАДАРУ, сьвяты ён; мае запусьціць валасы на галаве сваёй.
Усе дні пасьвячэньня ягонага нажніцы не дакрануцца галавы ягонай. Аж споўняцца дні, на якія ён пасьвяціўся ГОСПАДУ, будзе ён сьвяты і мае даць свабоду валасам расьці на галаве ягонай.
Усі дні, на каторыя ён узьдзержыцца СПАДАРУ, ня мае ён падыходзіць да мертвага цела.
Усе дні пасьвячэньня ягонага ГОСПАДУ не наблізіцца ён да нябожчыка.
Айцом сваім, маці сваёй, братам сваім, сястрою сваёй хай ня плюгавіцца імі, як яны памруць, бо адлучэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.
Няхай пры пахаваньні бацькі, маці, брата або сястры не занячысьціцца, бо пасьвячэньне Богу ягонаму на галаве ягонай.
Усі дні назарэйства свайго сьвяты ён СПАДАРУ.
У-ва ўсе дні пасьвячэньня свайго сьвятым будзе ён для ГОСПАДА.
Калі ж памрэць пры ім хто-колечы разам, неўспадзеўкі, і ён сплюгаве тым галаву назарэйства свайго, то ён мае астрыгчы галаву сваю ў дзень ачышчэньня свайго, на сёмы дзень ён мае пагаліць яе.
А калі хто раптам пры ім памрэ, і ён занячысьціць галаву пасьвячэньня свайго, ён абстрыжэ галаву ў сёмы дзень, у дзень ачышчэньня свайго паголіць яе.
І на восьмы дзень мае прынесьці два туркі альбо двое галубянят да сьвятара да ўходу будану збору.
А ў восьмы дзень прынясе дзьвюх туркавак або двух маладых галубоў сьвятару да ўваходу ў Намёт Спатканьня.
І прыгатуе сьвятар адно на аброк за грэх, і адно на ўсепаленьне, і адзяржыць ласкіўчыненьне яму ад тога, што ён ізграшыў тэй душою, і пасьвяце галаву ягоную таго дня.
Аднаго складзе сьвятар у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня і перапросіць за яго, бо ён саграшыў дзеля нябожчыка, і ў той дзень будзе пасьвячоная галава яго.
І мае ён нанава пачаць адлучэньне СПАДАРУ, дні назарэйства свайго, і прынясець аднагодняга баранчыка на аброк віны; а першыя дні адпалі, бо назарэйства ягонае сплюгаўлена.
І зноў пасьвяціць ён ГОСПАДУ дні пасьвячэньня свайго, і прывядзе ў ахвяру ягня аднагадовае як аднагараджэньне, а дні папярэднія ня будуць залічаны, бо ён занячысьціў пасьвячэньне сваё.
І во права назарэяў: дня, як споўняцца дні назарэйства ягонага, маюць прывесьці яго да ўходу будану збору;
І вось закон пасьвячэньня. У дзень, калі скончацца дні, якія шлюбаваў, прывядуць яго да ўваходу ў Намёт Спатканьня,
І ён абрачэць на аброк СПАДАРУ адно аднагодняе ягнё, баранчыка дасканальнага аднаго на ўсепаленьне, і адно аднагодняе ягнё, авечачку дасканальную, на аброк за грэх, і аднаго барана дасканальнага на аброк супакойны,
і ён прынясе ў ахвяру ГОСПАДУ адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэласпаленьня, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, і аднаго барана без заганы ў ахвяру мірную,
І сутнік праснакоў зь ценькае мукі, пірагоў, рашчыненых на аліве, і прэсных сачнёў, памазаных аліваю, і хлебныя аброкі іх і ўзьліваньне;
і кошык праснакоў з мукі пшанічнай, запраўленых алеем, і аладак прэсных, памазаных алеем, і [належную] ахвяру хлебную і ахвяру вадкую.
І абрачэць сьвятар перад СПАДАРОМ, і прыгатуе аброк ягоны за грэх і ўсепаленьне;
Сьвятар занясе ўсё гэта перад аблічча ГОСПАДА і складзе ахвяру за грэх і ахвяру цэласпаленьня.
І барана прыгатуе на аброк супакойны СПАДАРУ із сутнікам праснакоў, і прыгатуе сьвятар хлебны аброк яго а ўзьліваньне яго.
Барана ён складзе ГОСПАДУ ў ахвяру мірную разам з кошыкам праснакоў, і складзе сьвятар ахвяру хлебную і ахвяру вадкую.
І астрыжэць назарэй ля ўходу будану збору галаву назарэйства свайго, і возьме валасы галавы назарэйства свайго, і паложа на цяпло, што пад супакойным аброкам.
І абстрыжэ назір каля ўваходу ў Намёт Спатканьня галаву пасьвячэньня свайго, і кіне валасы ў агонь, у якім [гарыць] ахвяра мірная.
І возьме сьвятар звараную лапатку барана, і адзін прэсны пірог із сутніка, і адзін прэсны сачэнь, і паложа на далоні назарэю, просьле тога як астрыжэць ён галаву назарэйства свайго.
І возьме сьвятар звараную лапатку барана, праснак з каша і прэсную аладку, і складзе іх на далоні назіра пасьля таго, як пастрыжэ ён [галаву] пасьвячэньня свайго.
І будзе сьвятар нахінаць гэта туды-сюды на аброк нахінаньня перад СПАДАРОМ; гэта сьвятасьць сьвятару, звыш грудзіны нахінаньня й звыш лапаткі ўзьнесеньня. Просьле гэтага назарэй можа піць віно.
І сьвятар будзе патрэсваць іх патрэсваньнем перад абліччам ГОСПАДА, бо гэта [дар] сьвяты, які [належыць] сьвятару, апрача грудзіны патрасанай і пляча ахвяраванага. І пасьля гэтага назір можа піць віно.
Гэта права назарэя, каторы чыне абятніцу дару СПАДАРУ за адлучэньне свае, апрача тога, што дастане рука ягоная; подле абятніцы, каторую аброк, гэтак ён мае рабіць, подле права адлучэньня свайго».
Гэта закон адносна назіра, які шлюбаваў ахвяру сваю ГОСПАДУ за пасьвячэньне сваё апрача таго, што дазволіць яму рука ягоная. Паводле шлюбаваньня свайго, якое [прамовілі]вусны ягоныя, ён зробіць, паводле закону пасьвячэньня свайго».
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
«Скажы Аарону а сыном ягоным, кажучы: гэтак дабраслаўце сыноў Ізраелявых, кажучы ім:
«Прамоў да Аарона і сыноў ягоных, кажучы: “Гэтак вы будзеце дабраслаўляць сыноў Ізраіля і казаць ім:
"Хай падабраславе цябе СПАДАР і няхай сьцеражэць цябе!
"Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД і захавае цябе!
Хай зьзяе СПАДАР відам Сваім на цябе і ласку ўчыне табе.
Няхай спагадна гляне ГОСПАД на цябе і зьлітуецца над табою!
Няхай падыйме СПАДАР від Свой на цябе і дасьць табе спакой".
Няхай зьверне ГОСПАД аблічча Сваё на цябе і дасьць табе супакой!"
І няхай узложаць імя Мае на сыноў Ізраелявых, і Я дабраслаўлю іх».
Няхай так заклікаюць імя Маё на сыноў Ізраіля, і Я буду дабраслаўляць іх”».