Лікі 15 разьдзел

Лікі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: як вы ўвыйдзеце ў зямлю вашага асяленьня, каторую Я даю вам,
 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю пражываньня вашага, якую Я даю вам,

І прыгатуеце аброк агняны СПАДАРУ, усепаленьне, альбо аброк, каб аддзяліць на абятніцу, альбо самахвотны, альбо ў вашы прызначаныя поры, каб зрабіць прыемны пах СПАДАРУ з буйнога альбо драбнога статку;
 
і будзеце складаць ахвяры ГОСПАДУ, цэласпаленьні або ахвяры крывавыя, або як спаўненьне шлюбаваньняў, або дабраахвотныя, або пры ўрачыстасьцях вашых, каб прынесьці мілы пах ГОСПАДУ з валоў ці з авечак,

Дык абрачэць тый, што абракае аброк свой СПАДАРУ, на хлебны аброк ценькае мукі дзясятую часьць, рашчыненае на чэцьверці гіна алівы.
 
тады той, хто прыносіць дар ахвярны ГОСПАДУ, [прынясе] ў ахвяру хлебную адну дзясятую [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай адной чацьвёртай гіну алею.

І віна на ўзьліваньне чэцьверць гіна прыгатуеш на ўсепаленьне альбо на аброк аднаго баранчыка.
 
І віна як ахвяру вадкую дасьць разам з ахвярай цэласпаленьня або з ахвярай крывавай чацьвёртую частку гіну на кожнае ягня.

А калі на барана, прыгатуеш на аброк хлебны ценькае мукі дзьве дзясятыя часьці, рашчыненае на аліве трайціны гіна.
 
А разам з ахвярай з барана складзеш як ахвяру хлебную дзьве трэці [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай адной трэцяй гіну алею,

І віна на ўзьліваньне трайціну гіна абракай на прыемны пах СПАДАРУ.
 
і віна як ахвяру вадкую адну траціну гіну прынясеш на мілы пах ГОСПАДУ.

Калі прыгатуеш цялё на ўсепаленьне альбо на аброк, каб аддзялідь на абятніцу, альбо на супакойны аброк СПАДАРУ;
 
Калі складаеш у ахвяру цяля на цэласпаленьне або ў ахвяру крывавую як спаўненьне шлюбаваньня, або ў ахвяру мірную для ГОСПАДА,

Тады абракай разам ізь цялём аброк хлебны, ценькае мукі тры дзясятыя, рашчыненае на аліве палавіцы гіна.
 
дасі разам з цялём у ахвяру хлебную тры дзясятыя часткі [эфы] пшанічнай мукі, запраўленай паловай гіну алею,

І віна абракай на ўзьліваньне паў гіна на аброк, прыемны пах СПАДАРУ.
 
а ў ахвяру вадкую дасі палову гіну віна. Гэта ахвяра агнявая на мілы пах ГОСПАДУ.

Гэтак зрабі валу аднаму або барану аднаму а баранчыку з авец альбо козаў.
 
Так трэба рабіць пры кожнай ахвяры з цяляці, або барана, або ягняці як з авечак, так і з козаў.

Подле ліку, што зробіце, так і рабіце пры кажным, подле ліку іх.
 
Паводле ліку ахвяраў, якія вы складаеце, так рабіце пры кожнай, паводле лічбы іх.

Кажны тубылец зробіць гэтак іх, каб абракаць аброк на прыемны пах СПАДАРУ.
 
Кожны тутэйшы так павінен рабіць гэта, складаючы ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ.

А калі будзе жыць меж вас чужаземец, або тый, што пасярод вас у роды вашы, і прыгатуе аброк на прыемны пах СПАДАРУ, то так ён мае рабіць, як вы робіце.
 
А калі нейкі прыхадзень, які ў вас, або які [шмат] пакаленьняў сярод вас, складзе ахвяру агнявую на мілы пах ГОСПАДУ, павінен складаць яе, як і вы.

Грамада, устава адна вам і чужаземцу, аселаму ў вас, устава вечная ў роды вашы: як вы, так і чужаземец будзе перад відам СПАДАРА.
 
Пастанова царкоўная адна і для вас, і для прыхадняў у-ва ўсе пакаленьні вашыя; як вы, так і прыхадзень будзе перад абліччам ГОСПАДА.

Права адно й устава адна хай будуць вам і чужаземцу, што жывець у вас».
 
Адзін закон і адзін суд будзе як для вас, так і для прыхадняў, якія жывуць у вас”».

І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:

«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім: як вы ўвыйдзеце ў зямлю, у каторую Я вяду вас туды,
 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім: “Калі вы прыйдзеце ў зямлю, у якую Я заводжу вас,

І як будзеце есьці хлеб тае зямлі, то ўзьнясіце ўзьнесеньне СПАДАРУ.
 
і калі будзеце есьці хлеб той зямлі, выдзяліце дар для ГОСПАДА.

Пачатак цестаў вашых, закрашаную букатку ўзнасіце на ўзьнесеньне; як узьнесеньне з току, так узьнясіце яе.
 
Пяршыны цеста вашага печыва прынясіце як дар, як дар з току прынясіце яго.

З пачаткаў цестаў вашых дасьце СПАДАРУ ўзьнесеньне ў роды вашы.
 
Будзеце складаць пяршыны цеста вашага як дар для ГОСПАДА ў-ва ўсе пакаленьні вашыя.

А калі б вы абмыліліся, і ня споўнілі ўсіх гэтых расказаньняў, каторыя казаў СПАДАР Масеям,
 
Калі праз няведаньне вы ня споўніце ўсіх гэтых прыказаньняў, якія прамовіў ГОСПАД да Майсея,

Усяго, што расказаў вам СПАДАР Масеям, ад тога дня, каторага СПАДАР расказаў вам, і далей у роды вашы;
 
таго ўсяго, што загадаў вам ГОСПАД праз Майсея, ад дня, у які ГОСПАД загадаў гэта, і праз усе пакаленьні вашыя,

Дык, калі зь недагляду збор зрабіў абмылу, то няхай уся грамада прыгатуе адно цялё-бычка на ўсепаленьне, на прыемны пах СПАДАРУ, з хлебным аброкам а ўзьліваньням яго, подле ўставы, і адно казянё на аброк за грэх.
 
і станецца, што перад вачыма грамады будзе зроблена гэта занядбаньне, павінна ўся грамада скласьці цяля ў ахвяру цэласпаленьня на мілы пах ГОСПАДУ, адпаведную ахвяру хлебную і ахвяру вадкую, і казла ў ахвяру за грэх.

І дастане ласкіўчыненьне сьвятар усяму збору сыноў Ізраелявых, і будзе даравана ім; бо гэта была абмыла, і яны прынесьлі дар свой на аброк агняны СПАДАРУ, і аброк за грэх свой перад СПАДАРОМ, за сваю абмылу.
 
І перамоліць сьвятар за ўсю грамаду сыноў Ізраіля, і будзе ім адпушчана, бо было гэта зроблена па няведаньні, і яны прынесьлі свой дар ахвярны, ахвяру агнявую для ГОСПАДА, і ахвяру за грэх перад абліччам ГОСПАДА за занядбаньне сваё.

І будзе даравана ўсяму збору сыноў Ізраелявых і чужаземцу, што жывець пасярод іх, бо ўвесь люд учышў гэта нясьведама.
 
І будзе адпушчана ўсёй грамадзе сыноў Ізраіля і прыхадням, якія жывуць сярод іх, бо гэта занядбаньне ўсяго народу.

І калі душа якая ізгрэша абмыльна, то няхай абрачэць казу аднагоднюю на аброк за грэх.
 
Калі адна душа саграшыць занядбаньнем, няхай прынясе аднагадовую казу ў ахвяру за грэх.

І адзяржыць ласкіўчыненьне сьвятар душы, што зрабіла нясьведама грэх перад СПАДАРОМ, і будзе мець ласкіўчыненьне ёй, і даравана будзе ёй.
 
І сьвятар перапросіць за душу, якая праз занядбаньне саграшыла перад абліччам ГОСПАДА, і будзе за яе перапрошана, і будзе адпушчана ёй.

Тубылцу із сыноў Ізраелявых і чужаземцу, што жывець пасярод вас, адно права будзе вам, хто зробе што нясьведама.
 
Адзін закон будзе для ўсіх, як для тутэйшых спасярод сыноў Ізраіля, так і для прыхадняў, якія жывуць сярод вас, адносна таго, што рабіць пры занядбаньні.

А каторая душа з тубылцаў або з чужаземцаў згане СПАДАРА, учыніўшы гэта сьведама, дык выгубіцца душа тая з пасярод люду свайго;
 
А калі душа з тутэйшых або з прыхадняў зробіць з узьнятай рукой зьнявагу ГОСПАДУ, будзе вынішчана душа тая спаміж народу свайго,

Бо словам СПАДАРОВЫМ ён пагрэбаваў і расказаньне Ягонае ўзрушыў: чыста выгубіцца душа тая; бяспраўе ейнае на ёй».
 
бо яна пагардзіла словам ГОСПАДА і парушыла прыказаньне Ягонае. Такая душа будзе вынішчаная, і беззаконьне ейнае [будзе] на ёй”».

І былі сынове Ізраелявы на пустыні, і знайшлі чалавека, што зьбіраў дровы ў дзень сыботні.
 
І былі сыны Ізраіля ў пустыні, і знайшлі яны чалавека, які зьбіраў дровы ў дзень суботы.

І тыя, што засьпелі яго зьбіраючага дровы, дабліжылі яго да Масея а Аарона а да ўсёга збору.
 
І прывялі яго тыя, кія знайшлі яго, да Майсея і Аарона, і да ўсёй грамады.

І пасадзілі яго пад старожу, бо ня было яшчэ зьясьнена, што маюць ізь ім зрабіць.
 
Яны пакінулі яго пад вартай, бо ня ведалі, што з ім зрабіць.

І сказаў СПАДАР Масею, кажучы: «Хай сьмерцю памрэць гэты, хай укамянуе яго ўвесь збор вонках табару».
 
І сказаў ГОСПАД Майсею: «Гэты чалавек сьмерцю памрэ. Няхай уся грамада ўкамянуе яго па-за табарам».

І вывеў яго ўвесь збор вонкі з табару, і ўкаменавалі яго, і ён памер, як расказаў СПАДАР Масею.
 
І вывела яго ўся грамада па-за табар, і ўкаменавалі яго, як загадаў ГОСПАД Майсею, і ён памёр.

І сказаў СПАДАР Масею, кажучы:
 
І сказаў ГОСПАД Майсею, кажучы:

«Гукай сыном Ізраелявым і скажы ім, каб яны рабілі сабе кутасы на краёх адзецьцяў сваіх у роды свае, і ў канцы кутасоў хай ушываюць сінюю нітку.
 
«Прамоў да сыноў Ізраіля і скажы ім, каб яны зрабілі сабе фрэнзьлі на краях шатаў сваіх і нашчадкаў сваіх і ўклалі ў іх ніткі з блакіту.

І будуць яны вам да кутасоў, і абачыце іх, і прыпомніце сабе ўсі расказаньні СПАДАРОВЫ, і будзеце паўніць іх, і ня будзеце сачыць за сэрцамі вашымі а за ачыма вашымі, што вы бязулствуеце за імі,
 
І будзе, калі ўбачыце фрэнзлі вашыя, узгадаеце ўсе прыказаньні ГОСПАДА, каб выканаць іх і каб не ісьці вам за [пажаданьнямі] сэрца вашага і вачэй вашых, якія валакуць вас у распуснасьць,

Каб вы помнелі й паўнілі ўсі расказаньні Мае й былі сьвятыя Богу свайму».
 
каб вы памяталі і каб выконвалі ўсе прыказаньні Мае, і будзеце сьвятымі перад Богам вашым.

Я СПАДАР, Бог ваш, каторы вывеў вас ізь зямлі Ягіпецкае, каб быць вашым Богам: Я СПАДАР, Бог ваш.
 
Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Эгіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — ГОСПАД, Бог ваш!»