2 царстваў 12 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І паслаў СПАДАР Нафана да Давіда, і тый прышоў да яго й сказаў яму: «У вадным месьце былі два чалавекі, адзін багаты, а другі бедны.
 
І паслаў Госпад Натана да Давіда. Ён, калі прыбыў да яго, сказаў яму: «У адным горадзе жылі два чалавекі, адзін быў багаты, а другі — бедны;

У багатага было вельмі шмат драбнога й буйнога статку;
 
багаты меў вельмі многа авечак і валоў.

А ў беднага нічога, апрача аднае малое авечкі, каторую ён купіў і выгадаваў, і яна вырасла зь ім а зь дзецьмі ягонымі разам; з лусты ягонае яна ела, і з чары ягонае піла, і на ўлоньню ў яго спала, і была яму, як дачка.
 
А бедны не меў зусім нічога, апрача аднае малой авечкі, якую купіў і карміў яе і якая расла пры ім разам з яго дзецьмі, ела хлеб яго і піла з яго кубка, спала каля яго; і яна была яму быццам дачка.

І зайшоўся да багатага чалавека падарожны, і тый пажалеў узяць із свайго драбнога або буйнога статку, каб прыгатаваць госьцю, што прышоў да яго, а ўзяў авечку беднага і прыгатаваў яе чалавеку, каторы прышоў да яго».
 
А калі прыйшоў нейкі госць да багатага, той, шкадуючы браць з авечак сваіх і з валоў сваіх, каб прыгатаваць ежу таму падарожніку, які прыбыў да яго, узяў авечку беднага чалавека і прыгатаваў страву чалавеку, які прыйшоў да яго».

І ўзгарэўся гнеў Давідаў на таго чалавека, і сказаў Нафану: «Жыў СПАДАР! годны сьмерці чалавек, каторы зрабіў гэта.
 
Тады Давід, надта запалаўшы гневам на таго чалавека, сказаў Натану: «Жыве Госпад, бо варты смерці чалавек, які так зрабіў;

І за авечку ён мае заплаціць чатыры разы болей, за тое, што ён зрабіў гэта, і за тое, што ня меў спагады».
 
за авечку хай аддасць у чатыры разы: за тое, што так зрабіў і што не пашкадаваў яго».

І сказаў Нафан Давіду: «Ты — тый чалавек. Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я памазаў цябе за караля над Ізраелям, і Я выбавіў цябе ад рукі Саўлы,
 
А Натан сказаў Давіду: «Ты той чалавек! Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я намасціў цябе на цара над Ізраэлем, і Я выратаваў цябе з рукі Саўла;

І даў табе дом спадара твайго й жонкі спадара твайго на ўлоньне твае, і даў табе дом Ізраеляў а Юдзін, і, калі гэтага мала, дадаў бы табе яшчэ а яшчэ падобнае.
 
і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на грудзях тваіх, і аддаў табе дом Ізраэля і Юды, а калі гэтага табе мала, Я дадам табе яшчэ болей.

Чаму ж ты пагрэбаваў словам СПАДАРОВЫМ, зрабіўшы ліха перад ачыма Ягонымі? Уру Гэціча ты паразіў мячом; жонку ягоную ўзяў сабе за жонку, а яго ты забіў мячом сыноў Амонавых.
 
Дык чаму ты пагардзіў словам Госпада, так што дапусціўся злачынства перад Ім? Урыю Хетэя ты забіў мечам, і жонку яго ўзяў сабе за жонку, і забіў яго мечам сыноў Амона.

Дык не адступе меч ад дому твайго на векі, за тое, што ты пагрэбаваў Імною і ўзяў жонку Уры Гэціча, каб яна была табе за жонку".
 
Таму меч не адступіць ад дому твайго навек за тое, што ты пагардзіў Мною і ўзяў жонку Урыі Хетэя, каб была тваёй жонкай”.

Гэтак кажа СПАДАР: "Вось, Я ўзьнясу на цябе ліха з дому твайго, і вазьму жонкі твае перад ачыма тваімі, і аддам прыяцелю твайму, і будзе ён ляжаць із жонкамі тваімі перад гэтым сонцам;
 
Таму вось што кажа Госпад: “Вось, Я навяду на цябе бяду, якая выйдзе з дому твайго, і вазьму жонак тваіх на вачах тваіх, і перадам іх блізкаму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі на віду сонца гэтага.

Бо ты зрабіў патай, а Я зраблю гэта перад усім Ізраелям і перад сонцам"».
 
Бо ты зрабіў гэта патаемна, а Я зраблю гэта на віду ўсяго Ізраэля і на віду сонца”».

І сказаў Давід Нафану: «Ізграшыў я перад СПАДАРОМ». І сказаў Нафан: «І СПАДАР дараваў грэх твой: ты не памрэш.
 
І сказаў Давід Натану: «Зграшыў я перад Госпадам!» І сказаў Натан Давіду: «Госпад жа зняў з цябе грэх; ты не будзеш пакараны смерцю.

Затым, адылí, што ты гэтым прывёў варагоў СПАДАРОВЫХ да чыстага блявузґаньня, то таксама сьмерцю памрэць сын, што народзіцца ў цябе».
 
Але, паколькі ты даў праз гэта магчымасць плявузгаць ворагам Госпада, сын, які народзіцца ў цябе, памрэ».

І пайшоў Нафан да дому свайго. І выцяў СПАДАР дзецянё, каторае нарадзіла жонка Урына Давіду, і яно небясьпечна захварэла.
 
І Натан вярнуўся ў дом свой. І Госпад паразіў дзіця, якое нарадзіла жонка Урыі Давіду, і яно цяжка захварэла;

І маліў Давід Бога за гэтага хлопчыка, і шчыра поставаў Давід, і ўвыйшоў, і начаваў, і ляжаў на зямлі.
 
і прасіў Давід Госпада за дзіця, і пасціў, і ўваходзіў у дом, і начаваў, лежачы на зямлі.

І сталі старцы дому гэнага да яго, каб падняць яго ізь зямлі; але ён не хацеў, і не паспытаўся зь імі хлеба.
 
А прыйшлі старэйшыны дому яго да яго, прымушаючы яго, каб ён устаў з зямлі; ён не хацеў і не еў хлеб з імі.

І было на сёмы дзень: дзецянё памерла, і слугі Давідавы баяліся сказаць Давіду, што памерла дзецянё; бо, казалі яны: «Вось, калі дзецянё яшчэ жыло, і мы ўмаўлялі яго, і ён ня слухаў голасу нашага; як жа скажам яму: "Памерла дзецянё?" Ён зробе што-колечы благое».
 
А ў сёмы дзень сталася, што памерла дзіця. І паслугачы Давіда баяліся паведаміць яму, што дзіця памерла; бо гаварылі яны: «Вось, калі яшчэ дзіця жыло, гаварылі мы яму, і ён не слухаў голасу нашага. Цяпер як можам сказаць: “Дзіця памерла”? Можа зрабіць ён што благое!»

І абачыў Давід, што слугі шэпчуцца, і ўцяміў Давід, што дзецянё памерла, і сказаў Давід слугам сваім: «Памерла дзецянё?» І сказалі: «Памерла».
 
Калі, аднак, Давід убачыў паслугачоў сваіх, якія шапталіся, ён зразумеў, што дзіця памерла, і спытаўся ў паслугачоў сваіх: «Ці дзіця памерла?» Тыя яму адказалі: «Памерла».

І ўстаў Давід ізь зямлі, і ўмыўся, і памазаўся, і зьмяніў адзецьці свае, і пайшоў да дому СПАДАРОВАГА, і пакланіўся. І прышоў да дому свайго, і прасіў, і падалі яму хлеба, і ён еў.
 
Тады падняўся Давід з зямлі, і памыўся, і намасціўся, і, калі змяніў адзенне, увайшоў у дом Госпада і пакланіўся, і пасля вярнуўся у дом свой, і запатрабаваў, каб далі яму хлеб, і еў.

І сказалі яму слугі ягоныя: «Што знача, што ты так робіш: як дзецянё яшчэ жыло, ты поставаў а плакаў, а як дзецянё памерла, ты ўстаў і еў хлеб?»
 
І сказалі яму паслугачы яго: «Што ты робіш? Пакуль яшчэ дзіця жыло, дзеля дзіцяці пасціў ты і плакаў; а калі дзіця памерла, ты ўстаў і еў хлеб».

І сказаў: «Пакуль дзецянё жыло, я поставаў а плакаў, бо казаў: "Хто ведае, ці ня зьмілуецца над імною СПАДАР, і дзецянё застанецца жыва?"
 
Цар адказаў: «Пакуль дзіця яшчэ жыло, я дзеля дзіцяці пасціў і плакаў. Бо я казаў сабе: “Хто ведае, можа, Госпад злітуецца нада мной, і дзіця будзе жыць?”

А цяпер яно памерла; нашто ж імне поставаць? Ціж я магу зьвярнуць яго? Я пайду да яго, а яно ня зьвернецца да мяне».
 
А цяпер, калі дзіця памерла, навошта маю пасціць? Ці ж я змагу яго вярнуць? Хутчэй я пайду да яго, яно ж да мяне не вернецца».

І пацешыў Давід Батшэву, жонку сваю, і ўвыйшоў да яе, і ляжаў ізь ёй; і яна радзіла сына, і назвала імя ягонае: Салямон. І СПАДАР улюбіў яго;
 
І спачуваў Давід сваёй жонцы Бэтсэбе, і, увайшоўшы да яе, спаў з ёю, і яна нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Саламон. І Госпад палюбіў яго,

І паслаў прарокам Нафаном, і ён назваў імя ягонае: Едыда — дзеля СПАДАРА.
 
і паслаў да яго, і праз прарока Натана даў яму імя Едыдыя па загадзе Госпада.

Ёаў ваяваў супроці Раўвы Амонскае, і блізу ўзяў места каралеўскае.
 
Такім чынам, Ёаб працягваў ваяваць супраць Рабы сыноў Амона і здабыў царскі горад.

І паслаў Еаў паслоў да Давіда, і сказаў: «Я ваяваў з Раўваю і перамог места вады.
 
І паслаў Ёаб вестуноў да Давіда, паведамляючы: «Я ваяваў супраць Рабы і здабыў горад Вады;

Цяпер зьбяры люд, і абляж места, і вазьмі яго; бо калі я вазьму яго, то маім імям будзе названа яно».
 
дык ты цяпер збяры рэшту народа, і акружы горад, і вазьмі яго, каб не быў ён маім імем названы з-за таго, што я здабыў яго».

І зьбер Давід увесь люд, і пайшоў да Раўвы, і ваяваў зь ёю, і ўзяў яе.
 
І Давід сабраў увесь народ, і пайшоў на Рабу, і, калі ваяваў супраць яе, здабыў яе.

І ўзяў Давід карону караля іхнага з галавы ягонае; — а вага яе была талань золата, і камень дарагі, і яна была на галаве ў Давіда, і із здабытку места вынес вельмі шмат.
 
І зняў ён дыядэму Мэлькома з галавы яго, вагой у талент золата, маючую вельмі каштоўны камень, які аздобіў галаву Давіда. І вынес ён з горада вельмі вялікую здабычу,

А люд, што быў у ім, ён вывеў, і палажыў іх пад пілы, пад зялезныя малатарні, пад зялезныя сякіры, і кінуў іх у цагельныя печы. Гэтак ён зрабіў з усімі местамі Амонскімі. І зьвярнуўся просьле гэтага Давід а ўвесь люд да Ерузаліму.
 
таксама народ яго ён вывеў і прысудзіў да каменяломняў, і да жалезных кірак, і да сякер, таксама загнаў іх у печы цагельныя; так учыніў ён з усімі гарадамі сыноў Амона. І вярнуўся Давід з усім войскам у Ерузалім.