Данііла 8 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Трэйцяга году дзяржавы караля Велшазара відзень зьявілася імне, Данелю, просьле гэнае, што зьявілася імне на пачатку.
 
На трэці год валадарання Балтасара цара меў бачанне я, Даніэль, па тым, што з’явілася мне спачатку.

І відзеў я ў відзені, і сталася, як я відзеў, што я ў Сусе, у палацу, каторы ў краіне Еламскай, і я відзеў у відзені, і я быў ля цур’я Улаю.
 
Убачыў я ў бачанні, і сталася: пакуль я разумеў, што быў я ў Сузах, у крэпасці, якая знаходзіцца ў правінцыі Элам, а назіраў я ў бачанні, што апынуўся я за ракой Улай.

Тады я ўзьняў вочы свае і ўвідзеў: і вось, стаяў перад ракою баран; у яго рогі, ды рогі вялікія, але адзін большы за другі, і большы вырас пасьлей.
 
І падняў я вочы свае і ўбачыў: і вось, адзін баран стаяў над ракой, меў ён два рогі, і рогі высокія, і адзін большы за другі, і вышэйшы вырас апошнім. Убачыў я барана, які круціў рагамі на захад, і на поўнач, і на поўдзень,

Я бачыў, што баран бадзецца на захад, і на поўнач, і на паўдня, ажно ніякі зьвер ня можа вытрываць перад ім, і нікога няма вывальніць ад яго; але ён рабіў подле волі свае і стаў вялікі.
 
і ніводзін са звяроў не мог яму супрацівіцца, ані вызваліцца ад яго; і ён рабіў, што хацеў, і ўславіўся.

І, як я разважаў, вось, казёл ішоў із захаду па відзе ўсяе зямлі і не датыкаўся зямлі; у гэтага казла тырчэў рог меж аччу.
 
І я глядзеў уважліва: вось жа, казёл ад коз ішоў з захаду над паверхняй усёй зямлі, і не дакранаўся да яе; і, прытым, казёл меў выдатны рог між вачамі сваімі.

І йшоў да рагатага барана, каторага я відзеў стаячага перад ракою, і пабег на яго ў шале сілы свае.
 
І падышоў ён аж да таго рагатага барана, якога я бачыў, калі ён стаяў перад ракою, і пабег ён да яго ў разгоне ўсёй сілы сваёй.

І я відзеў, што ён дабліжыўся да барана, і ўзлаваўся на яго, і боў яго, і зьбіў абодва рагі ягоныя; і ня было сілы ў барана ўстоіць супроці яго, але ён паваліў яго на зямлю і патаптаў яго; і ня было нікога вывальніць барана ад яго.
 
І бачыў я яго, калі падбягаў ён блізка да барана, і раз’юшыўся ён супраць яго, і ўдарыў барана, і зламаў абодва рогі яго, і баран не змог устаяць перад ім; і калі ён паваліў яго на зямлю, то стаптаў яго нагамі, ды не было нікога, хто мог бы вызваліць барана ад яго моцы.

Затым казёл вырас вельма вялікі. І як ён падужэў, вялікі рог зламіўся, а вырасьлі выгляды чатырох замест яго на чатыры вятры нябёс.
 
Казёл ад коз стаў вялікім вельмі; і, калі разросся, зламаўся рог яго вялікі, і выраслі на яго месцы чатыры рогі на чатыры вятры нябесныя.

І з аднаго зь іх вырас малы рог, каторы надзвычайна разросся на паўдня, на ўсход і да славутае зямлі.
 
А з аднаго з іх вырас адзін рог малы і разросся дужа на поўдзень, і на ўсход, і ў моц,

І вырас аж да войска нябёснага, і ськінуў на зямлю з тога войска а з гвездаў, і патаптаў іх.
 
і ўзрос у славе аж да магуцця нябеснага, і выкінуў ад магуцця і ад зорак, і стаптаў іх,

Нават із Князям войска раўнаваўся, Каторага штадзенныя аброкі былі аддалены, і месца сьвятыні Ягонае закінена.
 
і ўзвялічыўся аж да Князя Магуццяў, і адняў ад Яго вечную ахвяру, і зняславіў месца Яго свяцілішча.

І войска было дана яму супроці кажначаснага аброку з прычыны выступу, і ён кінуў праўду на зямлю, дзеяў і меў дасьпех.
 
Войска ж дадзена было супраць пастаяннай ахвяры з-за грахоў, і праўда была кінута на зямлю; ён жа зрабіў рог, і пашанцавала яму.

І пачуў я, як адзін сьвяты гукаў, і сказаў адзін сьвяты камусь, каторы гукаў: «Пакуль будзе відзень праз кажначасныя аброкі й выступ спустошаньня, пакуль сьвятыня а войска будуць таптаны нагамі?»
 
І пачуў я, як адзін са святых казаў, і як адзін святы казаў другому, якога я не ведаю і які казаў: «Як доўга патрывае бачанне: і вечная ахвяра, і грэх загубы, якая сталася, і святыня, і магуцце, якое будзе таптацца?»

І сказаў імне: «Да дзьвюх тысячаў трыста вечароў і раніцаў; і аправена будзе сьвятыня».
 
І ён адказаў яму: «Яшчэ дзве тысячы трыста дзён, з вечара аж да раніцы, і свяцілішча ачысціцца».

І сталася, як я, Данель, відзеў відзень і шукаў зразуменьня, тады, вось, стала перад імною бы людзкая хорма.
 
Сталася ж, калі я, Даніэль, бачыў бачанне і стараўся зразумець яго сэнс, вось, стаў перада мною нехта ў выглядзе мужчыны,

І я пачуў людзкі голас з пасярод Улая, што гукаў а сказаў: «Гаўрэлю! дай зразумець гэтаму відзень».
 
і пачуў я голас чалавечы над ракой Улай, які пазваў гэтымі словамі: «Габрыэле, вытлумач яму бачанне!»

Ён падышоў блізка да тога месца, ідзе я стаяў, і як ён прышоў, я спалохаўся і паў на від свой; і сказаў ён імне: «Зразумей, сыну людзкі, што да часу канца гэта відзень".
 
Дык падышоў ён да месца, дзе я стаяў, і, калі прыбыў, перапалохаўся я і ўпаў на твар свой, і ён сказаў мне: «Ведай, чалавеча, што бачанне споўніцца ў апошні час».

І як ён гукаў з імною, я быў у глыбокім сьне зь відам сваім да зямлі; і ён даткнуўся да мяне, і пастанавіў мяне на месцу маім,
 
І калі ён са мною гаварыў, упаў я, збянтэжаны, тварам да зямлі, і дакрануўся ён да мяне, і паставіў мяне на ногі мае,

І сказаў: «Вось, абяшчу табе, што будзе на апошнім канцу абурэньня, бо канец станецца ў прызначаным часе.
 
і сказаў: «Вось, я паведамляю табе, што мае стацца пры канцы гневу, бо гэта будзе ў час канца.

Баран, каторага ты відзеў з рагамі — каралі Мідзкі а Пэрскі.
 
Баран, якога ты ўбачыў з двума рагамі, абазначае цароў мідзян і персаў;

А касматы казёл — кароль Грэцкі; а вялікі рог меж аччу ў яго — першы кароль.
 
казёл жа ад коз — цар грэкаў, і вялікі рог, што быў паміж вачамі яго, — гэта першы цар.

Што ён зламіўся, замест яго паўсталі чатыры — чатыры каралеўствы паўстануць із народу, але ня ізь сілаю ягонаю.
 
А тое, што рог быў зламаны, і чатыры рогі, што выраслі на яго месцы, гэта чатыры царствы, якія ўзнікнуць з яго народа, аднак без яго моцы.

А ў вапошнім часе каралеўства іхнага, як выступнікі ўзыйдуць на верх, паўстане кароль гарэзнага віду, навытыраны ў падходах.
 
І пры канцы іх царавання, калі ўзрастуць яны ў сваёй несправядлівасці, паўстане цар жорсткага аблічча і здатны зразумець намеры;

І ён умацуецца, але ня собскага моцаю, і на дзіва будзе нішчыць, і будзе дасьпяваць а дзеяць, і нішчыць будзе дужых а люд сьвяты.
 
і яго магуцце будзе ўзвялічвацца, але не яго ўласнымі сіламі, і ён будзе знішчаць усё — больш таго, што можна ўявіць, і пашанцуе яму, і будзе ён дзейнічаць, і будзе забіваць дужых і народ святых,

І, дзякуючы розуму ягонаму, будзе дасьпешнаю ашука ў руццэ ягонай, і ўзьвялічыцца ён у сэрцу сваім, і ў часе міру шмат каго загубе, паўстане супроці Князя каралёў, але бяз рукі будзе зломлены.
 
і з прычыны мудрасці хітрасць яго будзе мець поспех у руцэ яго, і ўзвялічыцца ў сэрцы яго; і спакойна падрыхтуе ён загубу вельмі многім; і паўстане ён супраць Валадара валадароў, і без дачынення рукі людской будзе знішчаны.

І відзень празь вечар і раніцу, што сказана, праўдзівая; але ты заткні гэтую відзень, бо яна за шмат дзён».
 
І бачанне вечара і раніцы, аб якіх расказана табе, ёсць праўда! Такім чынам, ты адзнач бачанне, бо будзе яно пасля многіх дзён».

І я, Данель, заняўздолеў, і быў хворы колькі дзён, потым устаў і займаўся справамі каралеўскімі; і быў я зумеўшыся зь відзені, але ніхто гэтага не разумеў.
 
І мяне, Даніэля, ахапіла немач, і хварэў я многія дні; і калі падняўся, то рабіў справы царскія, і быў неспакойны адносна бачання, бо не было нікога, хто зразумеў бы яго.