Сафона 2 разьдзел

Кніга прарока Сафона
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Зьбярыцеся а зьбярыцеся, бессаромны народзе,
 
Сыдзіцеся, збярыцеся, народ нелюбімы,

Уперад чымся народзіцца права — як умецьце мінець дзень — уперад чымся палкі гнеў СПАДАРОЎ прыйдзе на вас, уперад чымся прыйдзе на вас дзень гневу СПАДАРОВАГА.
 
перш чым будзеце рассыпаны, як пыл, які разыходзіцца, пакуль не прыйшоў на вас гнеў абурэння Госпада, перш чым прыйдзе на вас дзень абурэння Госпада.

Шукайце СПАДАРА, усі лагодныя на зямлі, што поўніце суд Ягоны; шукайце справядлівасьці, шукайце лагоднасьці, можа вы схаваецеся ў дзень гневу СПАДАРОВАГА;
 
Шукайце Госпада, усе пакорныя зямлі, якія спаўняюць закон Яго; шукайце справядлівасці, шукайце пакоры, можа, як-небудзь схаваецеся ў дзень абурэння Госпада.

Бо Ґаза будзе пакінена, і Ешкелон спустошаны, Ашдод у палудзень выгнаны, і Екрон будзе выкаранены.
 
Бо Газа будзе пакінута, і Аскалон апусцее, Азот апоўдні будзе выгнаны, і Акарон выкарчаваны будзе.

Бяда жыхарам морскага ўзьбярэжжа, народу Крыцкаму! Слова СПАДАРОВА на вас, Канааняне, зямля Пілішчан! Я загублю цябе, и ня будзе там жыхара.
 
Гора тым, што жывуць на березе мора, народу крыцкаму! Слова Госпада супраць вас, Ханаан, зямля Філістынская: «Я знішчу цябе так, што не застанецца жыхара».

І будзе морскі бераг селішчам, пячорамі пастухом і абораю чародам.
 
І бераг мора стане месцам адпачынку для пастухоў і выганам для быдла.

І будзе ўзьбярэжжа астачы дому Юдзінага, будуць пасьціць на ім, у дамох Ашкелону будуць супачываць ўвечары, як даведаецца да іх СПАДАР, Бог іхны, і верне палон іхны.
 
І будзе бераг марскі для астатку з дому Юды: там будуць яны пасвіць, у дамах Аскалона будуць увечары адпачываць, бо наведае іх Госпад, Бог іх, і пераменіць долю іх.

«Чуў Я наругі Моававы і вярненьні сыноў Амонавых, каторымі яны наругаліся люду Майму і вяльмуваліся на граніцы іхнай.
 
«Пачуў Я кпіны Мааба і лаянку сыноў Амона, якія зняважылі народ Мой і ўзвысіліся ў межах сваіх.

Затым жыў Я, — агалашае СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, — канечне Моаў будзе, як Содома, і сынове Амонавы — як Ґомора, месцам крапівы а сольнаю ямаю а пустынёю на векі; астача люду Майго аглабае іх, і засталым люду Майго спадуць яны».
 
Дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, — Мааб будзе, як Садом, і сыны Амона будуць, як Гамора, месцам церняў і капальняй солі ды пустыняй навечна; астатак народа Майго возьме іх, як здабычу, і рэшта народа Майго атрымае іх у спадчыну».

Гэта ім за пыху іхную, за тое, што наругаліся й вяльмуваліся перад людам СПАДАРА войскаў.
 
Гэта напаткае іх за іх пыху, за тое, што здзекаваліся і ўзвысіліся па-над народам Госпада Магуццяў.

Страшны будзе СПАДАР ім, бо схудаюць усі багі зямлі, і Яму паклоніцца кажны на сваім месцу, нават усі абтокі народаў.
 
Страшным будзе Госпад для іх, бо Ён знішчыць усіх багоў зямлі; і будуць пакланяцца Яму, кожны на сваім месцы, усе астравы паганаў.

І вы, Ефіопляне, выбіты будзеце мячом Маім.
 
«Але і вы, этыёпцы, будзеце пазабіваныя мечам Маім».

І Ён выцягне руку Сваю на поўнач, выгубе Асыру і спустоша Ніневу, зробе сухой, як пустыню.
 
Ды выцягне Ён руку Сваю на поўнач і знішчыць Асірыю; і Нініву зменіць у пустэчу і ў месца сухое, як тая пустыня.

І чароды будуць класьціся сярод яе, і ўсі зьвяры народаў, і пэлікан а сава на абсадах яе будуць начаваць, у вокнах голас іхны будзе разьлягацца; спустошаньне будзе ў парогах, бо адарвуць кедравую шалёўку іх.
 
І будуць вылежвацца ў ёй статкі ўсякіх звяроў. І пелікан, і сава будуць начаваць на капітэлях яе; голас іх загікае ў акне, разбурэнне на парозе, бо кедравая шалёўка была знішчана.

Во места, што цешыцца, што жывець нядбайна, што кажа ў сэрцу сваім: «Я, і няма нікога побач мяне». Як яно стала спустошаным, месцам жывёле! Кажны, праходзячы ля яго, сьвісьне і махнець рукою.
 
Гэта гаманлівы горад, які жыве бяспечна, які казаў у сэрцы сваім: «Я — і, акрамя мяне, ніхто больш!» Як стаў ён пустэчаю, лежбішчам дзікіх звяроў? Кожны, хто праз яго праходзіць, засвішча і рукою сваёй махне.