Сафона 2 разьдзел

Кніга прарока Сафона
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Дасьледуйце сябе ўважліва, дасьледуйце люд неакілзаны,
 
Сыдзіцеся, збярыцеся, народ нелюбімы,

пакуль ня прыйшло вызначэньне — дзень праляціць, як мякіна — пакуль ня прыйшоў на вас палымяны гнеў Гасподні, пакуль не настаў вам дзень лютасьці Гасподняй.
 
перш чым будзеце рассыпаны, як пыл, які разыходзіцца, пакуль не прыйшоў на вас гнеў абурэння Госпада, перш чым прыйдзе на вас дзень абурэння Госпада.

Знайдзеце Госпада, усе пакорліўцы зямлі, выканаўцы законаў Яго; знайдзеце праўду, знайдзеце пакорлівую мудрасьць; можа стацца, вы схаваецеся ў дзень гневу Гасподняга.
 
Шукайце Госпада, усе пакорныя зямлі, якія спаўняюць закон Яго; шукайце справядлівасці, шукайце пакоры, можа, як-небудзь схаваецеся ў дзень абурэння Госпада.

Бо Газа будзе пакінутая і Аскалон апусьцее, Азот будзе выгнаны сярод дня і Экрон выкараніцца.
 
Бо Газа будзе пакінута, і Аскалон апусцее, Азот апоўдні будзе выгнаны, і Акарон выкарчаваны будзе.

Гора жыхарам прыморскай краіны, народу Крыцкаму! Слова Гасподняе — на вас, Хананэі, зямля Філістымская! Я зьнішчу цябе, і ня будзе ў цябе жыхароў,
 
Гора тым, што жывуць на березе мора, народу крыцкаму! Слова Госпада супраць вас, Ханаан, зямля Філістынская: «Я знішчу цябе так, што не застанецца жыхара».

і будзе прыморская краіна пастушынай аўчарняй і кашарай пад быдла.
 
І бераг мора стане месцам адпачынку для пастухоў і выганам для быдла.

І дастанецца гэты край рэшце дому Юдавага, і будуць пасьвіць там, і ў дамах Аскалона будуць вечарам адпачываць, бо Гасподзь Бог іх наведае і верне палон іхні.
 
І будзе бераг марскі для астатку з дому Юды: там будуць яны пасвіць, у дамах Аскалона будуць увечары адпачываць, бо наведае іх Госпад, Бог іх, і пераменіць долю іх.

Чуў Я паганьбеньне Маава і лаянку сыноў Амонавых, як яны зьдзекаваліся з Майго народу і велічаліся на межах ягоных.
 
«Пачуў Я кпіны Мааба і лаянку сыноў Амона, якія зняважылі народ Мой і ўзвысіліся ў межах сваіх.

Таму, жыву Я! кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: Мааў будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, здабыткам крапівы, салянаю калдобінаю, пусткаю навекі; рэшта народу Майго возьме іх здабычаю, і ацалелыя зь людзей Маіх атрымаюць іх у спадчыну.
 
Дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, — Мааб будзе, як Садом, і сыны Амона будуць, як Гамора, месцам церняў і капальняй солі ды пустыняй навечна; астатак народа Майго возьме іх, як здабычу, і рэшта народа Майго атрымае іх у спадчыну».

Гэта ім — за пыху іхнюю, за тое, што яны зьдзекаваліся і велічаліся над народам Госпада Саваофа.
 
Гэта напаткае іх за іх пыху, за тое, што здзекаваліся і ўзвысіліся па-над народам Госпада Магуццяў.

Страшны будзе для іх Гасподзь; бо вынішчыць усіх багоў зямлі, і Яму будуць пакланяцца — кожны месца зь месца свайго — усе выспы народаў.
 
Страшным будзе Госпад для іх, бо Ён знішчыць усіх багоў зямлі; і будуць пакланяцца Яму, кожны на сваім месцы, усе астравы паганаў.

І вы, Эфіопы, пабітыя будзеце мечам Маім.
 
«Але і вы, этыёпцы, будзеце пазабіваныя мечам Маім».

І працягне Ён руку Сваю на поўнач — і зьнішчыць Асура і ператворыць Нінэвію ў руіны, у месца сухое, як пустыня,
 
Ды выцягне Ён руку Сваю на поўнач і знішчыць Асірыю; і Нініву зменіць у пустэчу і ў месца сухое, як тая пустыня.

і пакоіцца будуць сярод яе статкі і ўсякага роду жывёлы; пелікан і вожык будуць начаваць — у розных аздобах яе; голас іхні будзе гучаць у вокнах, разбурэньне выявіцца на касяках дзьвярэй, бо не застанецца на іх кедровай шалёўкі.
 
І будуць вылежвацца ў ёй статкі ўсякіх звяроў. І пелікан, і сава будуць начаваць на капітэлях яе; голас іх загікае ў акне, разбурэнне на парозе, бо кедравая шалёўка была знішчана.

Вось чым будзе горад пераможна-радасны, які жыве бесклапотна, які кажа ў сэрцы сваім: «я — і няма іншага апроч мяне». Як ён зрабіўся руінаю, логвішчам для зьвяроў! Кожны, праходзячы міма яго, пасьвішча й рукою махне.
 
Гэта гаманлівы горад, які жыве бяспечна, які казаў у сэрцы сваім: «Я — і, акрамя мяне, ніхто больш!» Як стаў ён пустэчаю, лежбішчам дзікіх звяроў? Кожны, хто праз яго праходзіць, засвішча і рукою сваёй махне.