Сафона 2 разьдзел

Кніга прарока Сафона
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Дасьледуйце сябе ўважліва, дасьледуйце люд неакілзаны,
 
Угледзьцеся ўважна ў сябе, угледзьцеся, няўстрыманы народ,

пакуль ня прыйшло вызначэньне — дзень праляціць, як мякіна — пакуль ня прыйшоў на вас палымяны гнеў Гасподні, пакуль не настаў вам дзень лютасьці Гасподняй.
 
пакуль не прыйшоў загад, дзень праляціць, як мякіна, пакуль не прыйшоў на вас палымнеючы гнеў Госпада, пакуль не прыйшоў на вас дзень гневу Госпада.

Знайдзеце Госпада, усе пакорліўцы зямлі, выканаўцы законаў Яго; знайдзеце праўду, знайдзеце пакорлівую мудрасьць; можа стацца, вы схаваецеся ў дзень гневу Гасподняга.
 
Шукайце Госпада, усе пакорныя на зямлі, тыя, што выпаўняюць Ягоныя законы; шукайце справядлівасьці, шукайце пакоры, можа быць, што вы схаваецеся ў дзень гнева Госпада.

Бо Газа будзе пакінутая і Аскалон апусьцее, Азот будзе выгнаны сярод дня і Экрон выкараніцца.
 
Бо Газа будзе пакіненая і Аскалён апусьцее, Азот будзе выгнаны ў поўдзень і Эпрон будзе выкаранены.

Гора жыхарам прыморскай краіны, народу Крыцкаму! Слова Гасподняе — на вас, Хананэі, зямля Філістымская! Я зьнішчу цябе, і ня будзе ў цябе жыхароў,
 
Гора жыхарам узморра, народу Крыцкаму. Слова Госпада супроць Вас, Хананэі, зямля Філістынская. Я зьнішчу цябе і ня будзе ў цябе жыхараў,

і будзе прыморская краіна пастушынай аўчарняй і кашарай пад быдла.
 
і будзе ўзморра пастырскай аўчарняй і загародкай для быдла.

І дастанецца гэты край рэшце дому Юдавага, і будуць пасьвіць там, і ў дамах Аскалона будуць вечарам адпачываць, бо Гасподзь Бог іх наведае і верне палон іхні.
 
І дастанецца гэтая краіна астаткам Юдавага дому і будуць пасьвіць там, і ў дамох Аскалёну будуць адпачываць вечарам, бо Гаспод Бог наведае іх і верне палон іх.

Чуў Я паганьбеньне Маава і лаянку сыноў Амонавых, як яны зьдзекаваліся з Майго народу і велічаліся на межах ягоных.
 
Чуў я зьняважаньне Мааба і лаянку сыноў Амонавых, як яны зьдзекваліся над Маім народам і ўзьвялічыліся на ягоных межах.

Таму, жыву Я! кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: Мааў будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, здабыткам крапівы, салянаю калдобінаю, пусткаю навекі; рэшта народу Майго возьме іх здабычаю, і ацалелыя зь людзей Маіх атрымаюць іх у спадчыну.
 
Дзеля гэтага жыву Я — гаворыць Гаспод Саваоф, Бог Ізраіля: Мааб будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, месцам крапівы, саляной ямай, пустыняй навекі; астаткі майго народу возьмуць іх, як дабычу, і пазасталыя з людзёў маіх атрымаюць іх.

Гэта ім — за пыху іхнюю, за тое, што яны зьдзекаваліся і велічаліся над народам Госпада Саваофа.
 
Гэта будзе ім за гордасьць, за тое, што яны зьдзекваліся і ўзьвялічываліся над народам Госпада Саваофа.

Страшны будзе для іх Гасподзь; бо вынішчыць усіх багоў зямлі, і Яму будуць пакланяцца — кожны месца зь месца свайго — усе выспы народаў.
 
Страшны будзе для іх Гаспод, бо зьнішчыць усіх багоў зямлі і будуць яму кланяцца, кожны са свайго месца — усе выспы народаў.

І вы, Эфіопы, пабітыя будзеце мечам Маім.
 
І вы, Этіопцы, будзеце зьнішчаныя маім мячом,

І працягне Ён руку Сваю на поўнач — і зьнішчыць Асура і ператворыць Нінэвію ў руіны, у месца сухое, як пустыня,
 
бо выцягну руку маю на поўнач і зьнішчу Асура і ператвару Ніневію ў руіну, у месца сухое, як пустыня

і пакоіцца будуць сярод яе статкі і ўсякага роду жывёлы; пелікан і вожык будуць начаваць — у розных аздобах яе; голас іхні будзе гучаць у вокнах, разбурэньне выявіцца на касяках дзьвярэй, бо не застанецца на іх кедровай шалёўкі.
 
І будуць стады адпачываць сярод яе і ўсялякія зьвяры: пэлікан і сава будзе начаваць у рэзьбах яе; голас іх будзе чутны з вакон; зьнішчэньне будзе відно на дзьвярных вушакох, бо ня стане на іх абшыцьця з цэдру.

Вось чым будзе горад пераможна-радасны, які жыве бесклапотна, які кажа ў сэрцы сваім: «я — і няма іншага апроч мяне». Як ён зрабіўся руінаю, логвішчам для зьвяроў! Кожны, праходзячы міма яго, пасьвішча й рукою махне.
 
Вось чым будзе вясёлы горад, які жыве бясьпечна, гаворачы ў сэрцы сваім: — я горад і няма іншага, апрача мяне. Як ён стаўся руінаю, лагвом для зьвяроў. Кожны, хто будзе праходзіць міма пасьвішча і махне рукою.