1 да Фесаланікійцаў 3 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Затым, ня могучы трываць балей, мы ўважалі, што будзе добра застацца ўв Атэнах адным,
 
Паколькі мы не маглі далей вытрымаць, то захацелі самі застацца ў Атэнах

І паслалі Цімоха, брата нашага а супрацаўня Божага ў Евангелі Хрыстовай, умацаваць вас і навучыць веры вашае,
 
і паслалі да вас Цімафея, брата нашага і супрацоўніка Бога ў абвяшчэнні Хрыстовага Евангелля дзеля вашага ўмацавання і падтрымання вашай веры,

Каб ніхто не захістаўся ў ватугах гэтых; бо вы самы ведаеце, што мы прызначаныя да гэтага.
 
каб ніхто не зняверыўся сярод гэтага ўціску. Вы ж самі ведаеце, што мы на гэта прызначаны.

Бо і ўперад, як мы былі ў вас, мы казалі вам, што будзем мець атугу, як і сталася, і вы ведаеце.
 
Калі былі ў вас, мы ўжо казалі вам, што павінны будзем цярпець уціск. І вы ведаеце, што так і сталася.

Затым, як я ня мог трываць балей, паслаў даведацца празь веру вашу, каб вас які спакусіцель не спакусіў, і ня стала дарэмнай праца наша.
 
Таму і я ўжо не мог далей стрымацца і паслаў даведацца пра вашую веру, ці не зводзіць вас спакушальнік і ці не дарэмнай была нашая праца.

Цяпер жа Цімох прышоў да нас ад вас і прынёс нам добрую ведамку празь веру а міласьць вашу, і што вы заўсёды добра ўспамінаеце праз нас, вельмі зычачы бачыць нас, як і мы вас —
 
Цяпер прыбыў ад вас Цімафей і прынёс добрыя весткі пра вашую веру і любоў, і што вы добра ўсцяж успамінаеце пра нас, жадаючы пабачыцца з намі, як і мы з вамі.

Дык, у вусёй галіце а атузе нашай, мы ўсьцешыліся з вас, браты, дзеля веры вашае;
 
Ва ўсёй нядолі і ўціску нашым вашая вера, браты, падтрымлівала нас.

Бо цяпер мы жывы, калі вы стаіце ў Спадару.
 
Бо цяпер мы жывём, калі вы трываеце ў Пану.

Што за падзяку мы можам уздаць Спадару за вас, за ўсю радасьць, каторай мы цешымся з вас перад Богам нашым,
 
Як жа можам аддзячыць Богу за ўсю радасць, якую маем за вас перад Богам нашым,

Ноч і дзень горача молячы, каб бачыць аблічна вас і паправіць, чаго не стаець веры вашай?
 
калі ўначы і ўдзень горача молімся, каб убачыць вас і дапоўніць тое, чаго не хапае вашай веры?

Сам жа Бог а Ацец наш а Спадар наш Ісус Хрыстос няхай ськіруе дарогу нашу да вас.
 
Сам Бог і Айцец наш, і Пан наш Езус няхай скіруе да вас наш шлях.

А вас хай Спадар напоўне, ды ў збытку, міласьцяй аднаго да аднаго і да ўсіх, як і нас да вас,
 
А Пан няхай памножыць вас і перапоўніць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, якую і мы маем да вас,

Каб утрываліць сэрцы вашыя беззаганнымі ў сьвятасьці перад Богам а Айцом нашым у часе прыходу Спадара нашага Ісуса з усімі сьвятымі Ягонымі.
 
каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі.