1 да Фесаланікійцаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Праз часы ж а поры, браты, не маеце вы патрэбы, каб пісаць вам,
 
Пра часы і пэўную пару няма патрэбы пісаць вам, браты,

Бо самы вы дабрусенька ведаеце, што дзень Спадароў, як злодзей ночы, прыйдзе.
 
бо вы самі дакладна ведаеце, што дзень Пана прыйдзе, як злодзей уначы.

Як будуць гукаць: «Супакой а бясьпечнасьць», тады зьнецікі прыйдзе загуба на іх, як трудненьне на тую, што зь дзяцём, і ніяк не ўцякуць.
 
Калі будуць гаварыць: «Спакой і бяспека», тады неспадзяваная пагібель сустрэне іх, быццам пакуты парадзіху, і яны не ўцякуць.

Але вы, браты, ня ў цемні, каб дзень засьпеў вас, як злодзей;
 
Вы ж, браты, не ў цемры, каб гэты дзень застаў вас, як злодзей.

Бо ўсі вы сынове сьвятліні а сынове дня: мы — ня сынове ночы ані цемні.
 
Вы ўсе сыны святла і сыны дня. Мы не належым ні да ночы, ні да цемры.

Дык ня сьпіма, як засталыя, але будзьма чукавыя а цьвярозыя.
 
Дык не будзем жа спаць, як астатнія, але чувайма і будзьма цвярозымі.

Бо сьпячыя сьпяць ночы, і п’янчачыя п’янчацца ночы.
 
Тыя, што спяць, ноччу спяць, і тыя, што п’юць, ноччу п’яныя.

Мы ж, будучы сынамі дня, цьверазімася, надзеўшы панцыр веры а міласьці і шолам надзеі спасеньня.
 
Мы ж, якія належым дню, будзьма цвярозымі, адзеўшы панцыр веры і любові, і як шлем — надзею збаўлення.

Бо Бог прызначыў нас не на гнеў, але на адзяржаньне спасеньня пераз Спадара нашага Ісуса Хрыста,
 
Таму што Бог прызначыў нас не для гневу, але для атрымання збаўлення праз нашага Пана Езуса Хрыста,

Памерлага за нас, каб, ці чукавыя мы, ці сьпім, жылі разам ізь Ім.
 
які памёр за нас, каб мы, ці чуваем, ці спім, жылі разам з Ім.

Дык цешча адны адных і будуйце адны адных, як вы й робіце.
 
Таму заахвочвайце сябе ўзаемна і настаўляйце адзін аднаго, як вы і робіце.

І просім вас, браты, знаць працуючых у вас і тых, што дамяняюць вам,
 
Просім вас, браты, паважаць тых, хто працуе сярод вас і кіруе вамі ў Пану ды навучае вас.

І надта паважаць іх у любосьці за працу іхную; будзьце ў супакою мяжсобку.
 
Любіце іх больш дзеля іхняй працы. Жывіце ў згодзе між сабою.

Мы ж заклікаем вас, браты, дамяняйце ляным, цешча лентых, памагайце слабым, будзьце цярплівыя з усімі.
 
Просім вас, браты: настаўляйце свавольных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх.

Глядзіце, каб ніхто не аддаваў каму ліхам за ліха, але заўсёды імкніцеся да дабра адзін да аднаго і да ўсіх.
 
Глядзіце, нікому злом за зло не адплачвайце, але рабіце заўсёды дабро адзін аднаму і ўсім.

Заўсёды цешчася.
 
Заўсёды радуйцеся,

Бязупынку маліцеся.
 
няспынна маліцеся.

За ўсе дзякуйце, бо гэта ё воля Божая праз вас у Хрысту Ісусу.
 
За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце.

Духа не гасіце.
 
Духа не гасіце,

Прароцтвы ўлегцы ня майце.
 
прароцтвамі не пагарджайце.

Усяго прабуйце, добрага моцна дзяржыцеся.
 
Усё правярайце, трымайцеся добрага.

Узьдзержуйцеся ад кажнага роду нягоднасьці.
 
Устрымлівайцеся ад усялякага зла.

Сам жа Бог супакою няхай супоўна пасьвяціць вас, і ўвесь дух вашы, і душа, і цела няхай захаваюцца беззаганнымі на прыход Спадара нашага Ісуса Хрыста.
 
Сам Бог спакою няхай асвяціць вас цалкам, няхай увесь дух ваш, і душа, і цела захаваюцца беззаганнымі на прыйсце Пана нашага Езуса Хрыста.

Верны Тый, Каторы гукае вас, Каторы запраўды ўчыне гэта.
 
Верны той, хто вас кліча, які і здзейсніць гэта.

Браты, маліцеся за нас.
 
Браты, маліцеся за нас.

Паздаровайце ўсіх братоў ізь сьвятым цалаваньням.
 
Прывітайце ўсіх братоў святым пацалункам.

Прысягаю вас Спадаром прачытаць гэты ліст усім братом.
 
Прашу вас у Пану, каб гэтае пасланне было прачытана ўсім братам.

Ласка Спадара нашага Ісуса Хрыста з Вамі.
 
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з вамі.