1 Пятра 3 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Таксама і вы жанкі будзьце адданымі сваім мужом, каб навет тые зь іх, што ня вераць слову (Эванэліі), сужыцьцём жонак сваіх здабываныя былі бяз слова,
 
Таксама [і] вы, жонкі, падпарадкуйцеся сваім мужам, каб, нават калі некаторыя5 не пакараюцца Слову, паводзінамі жонак былі прыдбаныя без слова,

гледзячы на вашае чыстае богабаязнае паступанне.
 
убачыўшы чыстыя ў страху вашы паводзіны.

Ня моднае укладанне валос, не абвешванне сябе золатам ці вынайдаванымі ўборамі, хай вас ухарашае,
 
Няхай вашым упрыгожаннем будзе не вонкавае: заплятанне валасоў і залатыя аздобы ці прыбіранне ў шыкоўныя строі,

але — высокавартасная прад Богам — чалавечная сэрдэчнасьць сукрытая у ненарушна-спакойным і лагодным духу.
 
а патаемны чалавек сэрца ў нятленнай красе лагоднага і ціхмянага духу, што вельмі каштоўна перад Богам.

Гэтак-жа прыхарашалі сябе калісь і сьвятыя, на Бога надзейныя, жанчыны, мужом сваім падданыя.
 
Бо гэтак некалі і святыя жонкі, якія спадзяваліся на Бога, упрыгожвалі сябе, падпарадкоўваючыся сваім мужам,

Так Сара паслушная была Абрагаму, спадаром яго называючы, а вы стаяцеся ейнымі дочкамі, калі дабро дзееце, не пачуваючыся прымушанымі.
 
як Сара слухалася Аўраама, называючы яго гаспадаром; вы яе дзеці, калі робіце дабро і не баіцеся ніякага запалохвання.

Такжа і вы мужы ў разумным сужыцьці з жаночай слабейшай натурай, аказвайце ім пашану як суспадкаемніцам жыцьцяласкі, каб ня было вам перашкодаў у малітвах.
 
Таксама вы, мужчыны, жывіце разумна ў супольным жыцці з жонкамі, як са слабейшым жаночым полам, аддаючы ім пашану як спадкаемніцам Божай ласкі жыцця, каб не было перашкоды вашым малітвам.

Урэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спачуваючыя, браталюбныя, міласэрныя, пакорныя;
 
І нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадлівыя, браталюбныя, міласэрныя6, пакорамудрыя,

не адплачвайце злом за зло, ані зьнявагай за зьнявагу, а наадварот — багаслаўце, вы бо на тое пакліканы, каб багаслаўленства унасьледзіць.
 
не адплочвайце злом за зло альбо лаянкаю за лаянку, наадварот, добраслаўляйце, бо вы на гэта былі пакліканы, каб атрымаць у спадчыну добраславенне.

Бо хто хоча жыцьцё любіць ды шчасьлівыя дні аглядаць, хай паўстрымлівае свой язык і вусны ад благое мовы;
 
Бо хто хоча любіць жыццё і ўбачыць добрыя дні, няхай устрымае [свой] язык ад зла і [свае] вусны — каб не казалі крывадушна,

хай староніць ад благога, а дабро творыць, хай шукае згоды й да яе імкнецца;
 
няхай адхінецца ад зла і няхай робіць дабро, няхай шукае міру і няхай імкнецца да яго;

бо вочы Госпада над праведнымі, а вушы — над малітвамі іхнімі, абліччаж Госпадава — супроць злыдняў (Пс. 33:13−17).
 
бо вочы Госпада звернуты да праведных і вушы Яго да іх мальбы, але аблічча Гасподняе супроць тых, хто чыніць зло, [каб вынішчыць іх з зямлі].

І хтож зробіць вам злошкоднасьць, калі вы будзеце рупіцца аб дабры?
 
І хто зробіць вам зло, калі вы будзеце рупіцца пра добрае?

Каліб і пацярпець давялося за праўду, дык вы шчасьлівыя. Ня бойцеся пагрозаў і ня журэцеся.
 
Але калі вы і церпіце за праўду, вы шчаслівыя. А іх страху не бойцеся і не трывожцеся.

Хрыста Бога сьвяцеце ў сэрцах вашых будзьце гатовы заўсёды кажнаму, вымагаючаму ад вас апраўдання вашай жыцьцянадзейнасьці, даць адказ;
 
А Госпада Хрыста7 свяціце ў вашых сэрцах, будучы гатовыя заўсёды да адказу перад кожным, хто дамагаецца ў вас слова аб надзеі, якая ў вас,

але з багавейнай лагоднасьцю, маючы добрае сумленне, каб злыдзеньствам, якім вас чэрняць, былі асаромлены тыя, хто ганіць вашае добрае жыцьцё ў Хрыстусе.
 
але з лагоднасцю і страхам, маючы добрае сумленне, каб у тым, за што вас абгаворваюць, [як злачынцаў], былі засаромлены тыя, што ганьбяць вашы добрыя паводзіны ў Хрысце.

Лепш бо цярпець, добра паступаючы, калі такая воля Божая, чым — блага;
 
Бо лепш — калі б была на гэта воля Божая — пакутаваць за тое, што робіце дабро, чым за тое, што чыніце зло.

і Хрыстус-жа памёр за нашы грахі, справядлівець за несправядлівых, каб нас прывясьці к Богу; усьмерчаны целам, але ажылы духам (Рымл. 5:6; Жыд.),
 
Бо і Хрыстос аднойчы перацярпеў за грахі, Праведны за няправедных, каб прывесці нас да Бога, будучы ўмярцвёны ў целе, але ажыўлены ў духу;

навет і прабываючым у цямніцы духом зыйшоў прапаведваць.
 
у якім Ён пайшоў і абвясціў духам, што былі ў турме,

Калісь былі гэта духі няверныя, што за часаў Ноя пры будове Аркі — ў якой ледзь восем асоб ад вады ўратавалася — надужывалі Божую цярплівасьць.
 
некалі непакорлівым, калі доўгацярплівасць Божая чакала ў дні Ноя, пакуль будаваўся каўчэг, у якім нямногія, гэта значыць восем душ, былі выратаваны праз ваду,

Гэтая вада і вас сяння збаўляе праз хрост, які сабой запавяшчала, не абмыцьцём цялеснага бруду, але праз абяцанне Богу добрага сумлення, згробуўстаннем Езуса Хрыстуса,
 
якая (доўгацярплівасць Божая) і вас цяпер ратуе на ўзор гэтага, і гэта ёсць хрышчэнне; не змыванне бруду цела, але просьба да Бога аб добрым сумленні праз уваскрэсенне Ісуса Хрыста,

Які — перамогшы сьмерць, каб зрабіць нас спадкаемнікамі жыцьця вечнага — ўзыйшоў у неба й сядзіць праваруч Бога-Айца, паддаўшы сабе анёлы і ўлады і сілы.
 
Які, узышоўшы ў неба, знаходзіцца праваруч Бога, і Яму падпарадкаваны Анёлы, і ўлады, і сілы.