1 Пятра 5 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Анатоля Клышкi
Старшых сярод вас вельмі прашу я, такжа старшы і сьветка мукі Хрыстуса ды супольнік тае хвалы, што мае аб’явіцца:
Дык старэйшынаў сярод вас прашу я, старэйшына разам з вамі і сведка Хрыстовых пакутаў і саўдзельнік той славы, якая мае з’явіцца:
пасеце статак Божы, што пры вас, наглядаючы за ім ня з прынукі, але ахвоча для Бога ды не дзеля агіднай нажывы, а з чыстай шчырасьці волі;
пасіце Божую чародку, якая ў вас, [наглядаючы] не з прымусу, а добраахвотна, па-Божаму, і не ганебна карысліва, а па шчырасці;
і не пануючы над клерам, але даючы добры прыклад аўчарні;
і не пануючы над сваімі ўдзеламі, а даючы прыклад чародцы;
калі-ж з’явіцца князь пастыраў, атрымаеце невянучы вянок славы.
і калі з’явіцца Архіпастыр, вы атрымаеце неўвядальны вянок славы.
Такжа і вы малодшыя будзьце паслухмянымі старшым. Дый усе аказывайце пакорнасьць адны другім, Бог бо пышным супраціўляецца, а пакорным ласку дае.
Таксама [ж і] малодшыя — падпарадкуйцеся старэйшым; і ўсе, [падпарадкуючыся адзін аднаму], ахініцеся пакорамудрасцю, бо ганарыстым Бог працівіцца, а пакорлівым дае ласку.
Скарэцеся, восьжа, пад моцную руку Божую, каб у сваім часе ўзвысіў вас,
Дык скарыцеся пад моцную руку Божую, каб Ён узвысіў вас у Свой час;
здайце на Яго ўсе вашыя турботы, Ён бо турбуецца аб вас.
ускладзіце ўвесь ваш клопат на Яго, бо Ён рупіцца пра вас.
Цвярозымі будзьце й не драмеце, праціўнік бо ваш, дзьябал, бы леў рыклівы кружыць, шукаючы кагог зжэрці;
Будзьце цвярозыя, чувайце, бо праціўнік ваш, д’ябал, ходзіць, нібы леў, рыкаючы, шукаючы, каго праглынуць;
процістаўцеся яму цьвёрдаю вераю, памятаючы, што гэткаяж грозная дакуда суправаджае і вашу братву на сьвеце.
станьце супроць яго цвёрдаю вераю, ведаючы, што тыя ж пакуты здараюцца сярод вашага брацтва ў гэтым свеце.
А Бог усялякае ласкі, які паклікаў нас да вечнае хвалы свае ў Хрыстусе, хай вас, крыху прыцярпеўшых, удасканаліць, угрунтуе, падмацуе.
Бог жа ўсялякай ласкі, Той, Хто заклікаў вас у Сваю вечную славу ў Хрысце [Ісусе], пасля нядоўгіх вашых пакутаў, Сам вас [няхай] удасканаліць, [няхай] сцвердзіць, [няхай] умацуе, [няхай] угрунтуе.
Яму хвала і сіла на вякі вечныя. Амэн.
Яму [слава] і ўладарства навекі, амін.
Гэта вось коратка напісаў я вам праз Сыльвана, вернага — думаю — брата, каб упэўніцьвас ды заахвоціць, што ёсьць праўдзівая тая ласка Божая, ў якой вы трываеце.
Праз Сілуана, вернага брата, як я лічу, я напісаў вам сцісла, заклікаючы і сведчачы, што гэта сапраўдная ласка Божая, у якой стойце.
Вітае вас выбраная з вамі эклезія ў Бабілёне ды Марак, мой сын.
Вітае вас сувыбранніца царства ў Вавілоне і Марк, мой сын.
Паздароўцеся ўзаемна сьвятым цалункам. Супакой вам усім у Езусе Хрыстусе. Амэн.
Вітайце адзін аднаго пацалункам любові. Мір вам усім, хто ў Хрысце [Ісусе. Амін.]